– Што ж, усё гэта вельмі дасціпна, – рассмяяўся я, – аднак вы сказалі, што тут няма ніякага злачынства і ніякай бяды, апроч страты гускі, а значыць, усе вашыя высілкі – не больш як марнаванне часу.
Шэрлак Холмс ужо адкрыў рот, каб адказаць, як раптам дзверы адчыніліся, і ў пакой з пачырванелымі шчокамі і надзвычай усхваляваным тварам заляцеў пасыльны Петэрсан.
– А гуска ж, містэр Холмс… Гуска, сэр!.. – задыхаўся ён.
– Гуска? Што з ёй такое здарылася? Яна ажыла і выскачыла з акна вашай кухні? – Холмс павярнуўся на канапе, каб лепш бачыць уражаны твар пасыльнага.
– Зірніце, сэр! Зірніце, што мая жонка знайшла ў валляку!
Ён выцягнуў руку і паказаў нам на далоні неверагодна зіхоткі блакітны камень, памерам меншы за гарошыну, але такой прыгажосці і чысціні, што на цёмнай далоні Петэрсана ён ззяў, як электрычная іскра.
Шэрлак Холмс прысвіснуў і прысеў.
– Божа мой, Петэрсан! – усклікнуў ён. – Гэта ж сапраўдны скарб! Спадзяюся, вы разумееце, што трымаеце ў руках?
– Гэта дыямент, сэр? Каштоўны камень? Рэжа шкло, нібы масла.
– Гэта больш чым каштоўны камень. Гэта той самы каштоўны камень…
– Няўжо блакітны карбункул графіні Моркар?! – выпаліў я.
– Ён самы. Я не мог не пазнаць яго форму і памер, бо апошнім часам ледзь не кожны дзень чытаю пра яго ў «Таймс». Гэта ўнікальная каштоўнасць, пра цану якой можна толькі здагадвацца. Абяцаная ўзнагарода ў тысячу фунтаў наўрад ці адпавядае хаця б дваццатай долі яе рынкавай цаны.
– Тысяча фунтаў? Божа ўсёмагутны! – пасыльны плюхнуўся на крэсла і, уражаны, пераводзіў позірк то на аднаго з нас, то на другога.
– Абяцаюць менавіта столькі, але ў мяне ёсць усе нагоды падазраваць, што з пэўных сентыментальных меркаванняў графіня гатовая расстацца з паловай маёнтка, калі гэта дапаможа ёй вярнуць камень.
– Ён знік, калі я не памыляюся, у гатэлі «Касмаполітан», – згадаў я.
– Так, менавіта там, 22 снежня, то бок пяць дзён таму. У крадзяжы каменя са шкатулкі графіні абвінавацілі Джона Хорнэра, паяльшчыка. Супраць яго сабраныя такія важкія сведчанні, што справу перадалі ў суд. Думаю, у мяне знойдзецца апісанне гэтай гісторыі.
Ён доўга перабіраў газеты, спраўджваў даты і ўрэшце выцягнуў адну з іх, расправіў, склаў напапалам і прачытаў наступную нататку:
«КАСМАПОЛІТАН»: Джон Хорнэр, 26 гадоў, абвінавачаны ў тым, што 22га ён скраў са шкатулкі графіні Моркар каштоўны камень, вядомы як блакітны карбункул. Джэймс Райдэр, старшы адміністратар гатэля, засведчыў, што ў дзень крадзяжу ён адвёў Хорнэра ў гардэробную графіні, каб той прыпаяў расхістаную папярэчыну каміннай рашоткі. Пэўны час Райдэр заставаўся ў пакоі з Хорнэрам, аднак потым адміністратара выклікалі па справе. Вярнуўшыся, ён убачыў, што Хорнэр знік, камода ўзламаная, а маленькі саф’янавы футарал, у якім, як высветлілася пазней, графіня звычайна захоўвала каштоўнасць, ляжыць на туалетным століку пусты. Райдэр адразу падняў трывогу, і ў той жа вечар Хорнэра арыштавалі, аднак ні пры ім, ні ў яго пакоі каменя не было. Кэтрын К’юсак, служанка графіні, засведчыла, што, пачуўшы крык напалоханага злачынствам Райдэра і прыбегшы ў пакой, яна ўбачыла тое самае. Інспектар Брэдстрыт, акруга «Б», паведаміў, што падчас арышту Хорнэр люта супраціўляўся і ў самых моцных выразах даводзіў сваю невінаватасць. Падазраваны асуджаўся за рабаўніцтва і раней, а таму суддзя адразу ж адмовіўся разбіраць справу і перадаў яе ў суд прысяжных. Падчас дазнання Хорнэр вельмі моцна хваляваўся, пакуль урэшце не страціў прытомнасць і яго не вынеслі з судовай залы.
– У гэтым увесь паліцэйскі суд, – задуменна прамовіў Холмс, адкідваючы газету ўбок. – Цяпер нашая задача – прасачыць ланцуг падзеяў, у выніку якіх каштоўнасць з абрабаванага пакоя графіні трапіла ў гусіны валляк на Тотнэм-Корт-роўд. Вось бачыце, Ўотсан, нашыя з вамі сціплыя высновы набылі раптам новую значнасць, а сама справа выявілася не такой ужо і нявіннай. Вось, значыць, камень. Камень быў у гусцы, гуска – у джэнтльмена ў старым капелюшы, містэра Генры Бэйкера, разважаннямі пра характар якога я так вас знудзіў. Значыць, цяпер нам трэба вельмі сур’ёзна заняцца пошукам гэтага джэнтльмена і асэнсаваннем яго ролі ў нашай невялічкай гісторыі. А для гэтага мы павінныя пачаць з самага простага шляху, які, несумненна, вядзе нас у рэдакцыю ўсіх вечаровых газет, дзе мы дамо аб’яву. Калі нічога не атрымаецца, пяройдзем да іншых метадаў.