Каля чацвертай дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшоў п’яны з выгляду конюх, жахліва апрануты, з раскудлачаным чубам, бакенбардамі і пачырванелым тварам. І хаця я прывык да дзівоснай здольнасці майго сябра да пераўвасаблення, мне давялося тройчы ўважліва агледзець Холмса, перш чым я ўпэўніўся, што гэта дакладна ён. Кіўнуўшы мне, ён знік у сваёй спальні, адкуль з’явіўся праз пяць хвілінаў у цвідавым касцюме, акуратны і рэспектабельны, як і заўсёды. Паклаўшы рукі ў кішэні і выцягнуўшы ногі да каміна, ён некалькі хвілінаў ад усёй душы смяяўся.
– Цудоўна, проста цудоўна! – ускрыкнуў ён і зноў пачаў душыцца ад смеху, пакуль марудна і бяссільна не адкінуўся на спінку крэсла.
– Што такое?
– Смех дый годзе! Магу пабіцца аб заклад, што вы ніколі не здагадаецеся, як я прабавіў раніцу і што ўрэшце зрабіў.
– Нават не ўяўляю. Імаверна, вы назіралі за звычкамі міс Ірэн Адлер і, магчыма, за яе домам.
– Усё правільна, і вынікі досыць незвычайныя. Але раскажу па парадку. Я пакінуў дом у пачатку дзявятай у выглядзе беспрацоўнага конюха. У фурманскім таварыстве пануе цудоўны дух разумення і ўзаемадапамогі. Зрабіся адным з іх – і будзеш ведаць усё, што ведаюць яны. Хутка я знайшоў Браяні-Лодж. Гэта проста цацачны асабняк: два паверхі, фасад выходзіць на вуліцу, а ззаду – сад. На дзвярах – замок Чаба*. З правага боку – добра абстаўленая вялізная гасцёўня з доўгімі, амаль да падлогі, вокнамі і такімі недарэчнымі ангельскімі засаўкамі, якія можа адчыніць нават дзіця. За домам нічога асаблівага, хіба што акно галерэі, да якога можна дабрацца з даху карэтнай. Я абышоў яе вакол і ўважліва агледзеў з усіх бакоў, але больш нічога цікавага не заўважыў.
Потым я пабадзяўся па вуліцы і ў завулку, што спускаўся ад садовай агароджы, знайшоў, як і чакаў, стайню. Я дапамог конюхам пачысціць коней, за што атрымаў два пенсы, шклянку портара з элем, дзве порцыі моцнага тытуню і колькі заўгодна звестак пра міс Ірэн Адлер, ужо не кажучы пра паўтузіна яе суседзяў, да якіх мне няма ніякае справы, але чые біяграфіі я быў змушаны выслухаць.
– А што з Ірэн Адлер?
– О, яна завалодала ўвагай усіх мужчынаў таго раёну. Яна самае цудоўнае стварэнне, якое носіць капялюшык на нашай планеце. У серпентайнскіх стайнях так гавораць усе без выняткаў. Яна жыве ціха, пяе на канцэртах, кожны дзень выязджае ў пяць і вяртаецца ў сем – акурат да вячэры. У іншы час выходзіць рэдка, за выключэннем тых дзён, калі выступае. Яе наведвае толькі адзін мужчына, але вельмі часта. Ён брунет, прывабны і энергічны, заходзіць не радзей за раз на дзень, звычайна два разы. Нейкі містэр Годфры Нортан з ІнэрТэмпла. Бачыце, як карысна дапамагаць кэбменам! Яны дзясяткі разоў вазілі яго ад серпентайнскіх стайняў і ведаюць пра яго ўсё. Выслухаўшы іх аповеды, я зноў пачаў прагульвацца ля Браяні-Лодж і абдумваць план дзеянняў.
Відавочна, што гэты Годфры Нортан адыгрывае ў справе важную ролю. Ён юрыст, і гэта гучыць пагрозліва. Што іх звязвае і якая прычына яго частых візітаў? Яна яго кліентка, сяброўка ці каханка? Калі першае, то яна магла аддаць яму фотаздымак на захаванне. Калі апошняе, то наўрад ці. Ад вырашэння гэтага пытання залежала тое, прадоўжу я займацца Браяні-Лодж ці пераключуся на кватэру джэнтльмена ў Тэмпле. Пытанне вельмі далікатнае, а таму я пашырыў поле сваіх росшукаў. Баюся, я стамляю вас такімі падрабязнасцямі, але, каб увесці ў справу, я мушу расказаць пра яе дробныя складанасці.
– Я ўважліва сачу за аповедам, – адказаў я.
– Я ўсё яшчэ ўзважваў у думках гэтую справу, калі да Браяні-Лодж пад’ехаў прыгожы экіпаж, і адтуль выскачыў нейкі джэнтльмен, надзвычай прыгожы, цёмнавалосы, з вусамі і арліным носам, – відавочна, той самы чалавек, пра якога мне расказвалі. Было відаць, што ён вельмі спяшаецца. Ён крыкнуў рамізніку, каб той пачакаў, і праслізнуў міма служанкі, што адчыніла дзверы, з выглядам чалавека, які прыйшоў у свой дом.