– Што вы напішаце ў аб’яве?
– Падайце мне аловак і аркуш. Значыць, так: «На рагу Гудж-стрыт знойдзеныя гуска і чорны фетравы капялюш. Містэр Генры Бэйкер можа вярнуць сваю ўласнасць, звярнуўшыся сёння вечарам у 6:30 на Бэйкер-стрыт, 221б». Сцісла і дакладна.
– Дакладней не бывае. А калі ён аб’явы не ўбачыць?
– Думаю, ён будзе сачыць за прэсай, бо для беднага чалавека такая страта вельмі адчувальная. Выпадкова разбітая вітрына і з’яўленне Петэрсана так яго, відаць, напалохалі, што першым пабуджэннем было як мага хутчэй збегчы. Пазней ён, аднак, мусіў горка пашкадаваць пра кінутую гуску. Убачыўшы сваё імя, ён абавязкова прыгледзіцца да аб’явы, да таго ж на яе звернуць увагу ўсе яго знаёмыя. Дык вось, Петэрсан, бяжыце ў бюро аб’яваў і папрасіце размясціць гэта ў вечаровых газетах.
– У якіх, сэр?
– Ох, ну, у «Глоб», «Стар», «Пэл Мэл», «Сэнт-Джэймс», «Іўнінг ньюс стэндард» – ва ўсіх, якія прыйдуць вам у галаву.
– Добра, сэр. А што з гэтым каменем?
– Камень я пакіну тут. Дзякуй. І яшчэ, Петэрсан, купіце па дарозе гуску і прынясіце яе сюды – мы аддамо яе нашаму джэнтльмену замест той, якой вашая сям’я цяпер хутчэй за ўсё частуецца.
Калі пасыльны сышоў, Холмс узяў камень і паглядзеў праз яго на святло.
– Шыкоўная рэч! – адзначыў ён. – Толькі зірніце, як ён блішчыць і ззяе. Безумоўна, ён мэта і сэрца многіх злачынстваў, зрэшты, як любая добрая каштоўнасць. Усе яны – прынады для слуг д’ябла. Кожная грань вялікіх і старых камянёў можа расказаць пра нейкую крывавую падзею. Але гэтаму камню не больш за дваццаць гадоў. Яго знайшлі ў паўднёвым Кітаі на беразе ракі Амой*, і ён вылучаецца тым, што пры ўсіх характарыстыках карбункула мае сіняе, а не рубінава-чырвонае адценне. Нягледзячы на сваю маладосць, ён ужо займеў злавесную гісторыю: дзеля сарака гранаў* крышталізаванага вугалю двух чалавек забілі, аднаго аблілі купарвасам, некалькіх абрабавалі, хтосьці нават скончыў жыццё самагубствам. Хто б мог падумаць, што такая прыгожая цацка будзе рэгулярна адпраўляць людзей на шыбеніцу і ў турму? Я замкну гэты камень у сейфе і напішу графіні, што ён у нас.
– Думаеце, гэты Хорнэр невінаваты?
– Не ведаю.
– А што з другім, Генры Бэйкерам? Ён можа быць звязаны са справай?
– Як на мяне, Генры Бэйкер тут хутчэй за ўсё ні пры чым і нават не ўяўляе, што яго гуска, нават зробленая з чыстага золата, не магла б каштаваць даражэй. Аднак калі ён адгукнецца на нашую абвестку, я вельмі лёгка ўсё вызначу.
– А што мы будзем рабіць да гэтага?
– Нічога.
– У такім выпадку я вярнуся да сваіх пацыентаў, але ў прызначаны вамі час зноў сюды зайду. Вельмі хочацца пабачыць канец гэтай заблытанай гісторыі.
– Буду рады вас бачыць. Абед у сем, сёння плануецца вальдшнэп. Дарэчы, з нагоды сённяшніх падзеяў я, мабыць, папрашу місіс Хадсан уважліва праверыць яго валляк.
У аднаго з пацыентаў я затрымаўся, а таму зноў апынуўся на Бэйкер-стрыт трохі пазней за палову сёмай. Калі я падышоў да дома майго сябра, то ўбачыў у яркім паўколе святла, што падала з акна над дзвярыма, высокага чалавека ў шатландскай шапачцы і зашпіленым да самага падбароддзя сурдуце. Як толькі я наблізіўся, дзверы адчыніліся, і мы разам увайшлі ў Холмсаў пакой.
– Містэр Генры Бэйкер, калі не памыляюся? – спытаў Холмс, падымаючыся з фатэля і вітаючы госця з той натуральнай сардэчнасцю, якую ён так лёгка дэманстраваў. – Прашу вас, містэр Бэйкер, сядайце ля каміна. Вечар халодны, а вы, як я заўважыў, больш прыстасаваныя да летняга надвор’я, чым да зімовага. О, Ўотсан, вы прыйшлі акурат у час. Гэта ваш капялюш, містэр Бэйкер?
– Так, сэр, капялюш, несумненна, мой.
Госць наш быў мажны мужчына з акруглымі плячыма, буйной галавой і шырокім разумным тварам, які заканчваўся ўнізе вострай каштанавай бародкай з сівізной. Чырванаватае адценне носа і шчок, а таксама лёгкае дрыжанне выцягнутай рукі пацвердзілі здагадку Холмса адносна яго звычак. Парыжэлы сурдут візітанта быў зашпілены на ўсе гузікі, каўнер падняты, а на тонкіх запясцях, што выглядвалі з рукавоў, не было манжэтаў. Гаварыў госць марудна і адрывіста, старанна падбіраючы словы, і ствараў уражанне чалавека адукаванага, але вельмі пашарпанага жыццём.
– Вашыя рэчы вось ужо некалькі дзён ляжаць у нас, – сказаў Холмс, – бо мы чакалі, што вы дасце абвестку і ўкажаце свой адрас. Не магу зразумець, чаму вы гэтага не зрабілі.
Госць сарамліва ўсміхнуўся.
– Цяпер у мяне не так шмат шылінгаў, як было раней, – прызнаўся ён. – Да таго ж я быў упэўнены, што і капялюш, і гуску забралі хуліганы, якія напалі на мяне, а таму не збіраўся траціць грошы на бессэнсоўныя, як мне здавалася, пошукі.