– Разумею. Дарэчы, наконт гускі. Мы былі вымушаныя яе з’есці.
– З’есці?! – госць ад хвалявання ажно прыпадняўся з крэсла.
– Канечне, бо калі б мы гэтага не зрабілі, яна б усё адно сапсавалася. Але я спадзяюся, што вунь тая гуска на буфеце, зусім свежая і той самай вагі, дапаможа вам змірыцца з гэтай стратай.
– О, безумоўна, безумоўна, – з відавочнай палёгкай адказаў містэр Бэйкер.
– Зрэшты, ад вашай страчанай гускі засталіся лапкі, пер’е і валляк, таму калі вы раптам захочаце…
Містэр Бэйкер ад душы рассмяяўся.
– Ну, хіба што ў памяць пра мае прыгоды, – сказаў ён. – Іншай карысці ад disjecta membra[6] майго нядаўняга знаёмца я не бачу. Не, сэр, з вашага дазволу я абмяжуюся цудоўнай птушкай, якую бачу на вашым буфеце.
Шэрлак Холмс кінуў на мяне вельмі выразны позірк і злёгку паціснуў плячыма.
– Што ж, тады вось ваш капялюш і вашая гуска, – сказаў ён. – Дазвольце, дарэчы, спытаць, дзе вы яе ўзялі. Я трохі разбіраюся ў хатняй птушцы і мушу прызнацца, што такі цудоўна выгадаваны экзэмпляр сустрэнеш нячаста.
– Ахвотна вам скажу, – адказаў Бэйкер, які паспеў падняцца і засунуць новаздабытую маёмасць пад паху. – Нашая невялічкая сябрына збіраецца звычайна ў карчме «Альфа», што ля музея, дзе мы, разумееце, праводзім цэлы дзень. Сёлета наш добры гаспадар на імя Ўіндыгейт заснаваў «гусіны клуб», кожны сябар якога, штотыдзень выплачваючы некалькі пенсаў, атрымлівае на Каляды птушку. Свае пенсы я ўносіў рэгулярна, а астатняе вы і самі ведаеце. Я ваш даўжнік, сэр, бо сур’ёзнаму чалавеку майго ўзросту шатландская шапачка не пасуе.
З камічнай напышлівасцю ў манерах ён урачыста нам пакланіўся і пайшоў сваёй дарогай.
– Вось мы з містэрам Генры Бэйкерам і разабраліся, – сказаў Холмс, зачыніўшы за нашым госцем дзверы. – Відавочна, пра крадзеж ён нічога не ведае. Вы галодны, Ўотсан?
– Яшчэ не зусім.
– Тады я прапаную перанесці абед на вячэру, а пакуль пайсці гарачым яшчэ следам.
– Згода!
Вечар быў марозны, а таму мы надзелі ольстэры і абвязалі шыі шалікамі. У бязвоблачным небе ярка гарэлі зоры, а пара ад дыхання мінакоў ператваралася ў дым, падобны да дыму пасля пісталетнага стрэлу. Нашыя крокі былі гучнымі і выразнымі, калі мы ішлі праз квартал дактароў*, Ўімпал-стрыт, Харлі-стрыт, а пасля праз Ўігмур-стрыт да Оксфард-стрыт. Праз чвэрць гадзіны мы дабраліся да «Альфы» ў Блумсберы, невялічкай карчмы на рагу адной з вуліц, што спускаецца да Холбарна. Холмс штурхануў дзверы прыватнага бара, увайшоў і замовіў чырванатвараму карчмару ў белым фартуху два куфлі піва.
– У вас мусіць быць выдатнае піва, калі яно не горшае за вашых гусак, – сказаў мой сябар.
– Маіх гусак? – не зразумеў карчмар.
– Ага. Паўгадзіны таму я акурат размаўляў з містэрам Генры Бэйкерам, сябрам вашага «гусінага клуба».
– А, разумею! Але бачыце, сэр, гускі былі не мае.
– Праўда? А чые?
– Ну, я купіў два тузіны ў гандляра на Ковент-Гардэн.
– Вось як… Кагосьці з іх я ведаю. А ў каго бралі?
– Яго імя Брэкінрыдж.
– Не, гэтага не ведаю. Ну, вашае здароўе, гаспадар, і хай у вашым доме заўсёды будзе дастатак. Дабранач!
– А цяпер да містэра Брэкінрыджа, – сказаў ён, зашпільваючы паліто, калі мы выйшлі на марознае паветра. – Не забывайце, Ўотсан, што хаця на адным канцы нашага ланцуга ўсяго толькі звычайная гуска, другі канец вядзе да чалавека, які, несумненна, атрымае сем гадоў катаргі, калі мы не дакажам яго невінаватасць. Магчыма, нашае расследаванне толькі пацвердзіць яго віну, але ў любым выпадку нам у рукі выпадкова трапіла згубленая паліцыяй нітка. Давайце ж дойдзем да яе канца, якім бы горкім ён ні быў. А цяпер кірунак на поўдзень і крокам – руш!
Мы мінулі Холбарн, прайшлі праз Эндэл-стрыт і нейкімі глухімі закуткамі дабраліся да ковентгардэнскага рынка. Імя Брэкінрыдж было напісанае на адной з самых вялікіх лавак, а яе гаспадар, чалавек з суровым конскім тварам і дагледжанымі бакенбардамі, дапамагаў хлопчыку зачыняць аканіцы.
– Добры вам вечар! – павітаўся Холмс. – Ну сёння і надвор’е…
Гандляр кіўнуў і запытальна паглядзеў на майго кампаньёна.
– Гусак ужо, відаць, няма? – пацікавіўся Холмс, паказваючы на пусты мармуровы прылавак.
– Прыходзьце заўтра, будзе хоць пяць сотняў.
– Мне не трэба заўтра.
– У той лаўцы, дзе гарыць святло, нешта яшчэ засталося.
– Але мне параілі вас.
– Хто?
– Гаспадар «Альфы».
– Ну так, я адправіў яму пару тузінаў.
– О, гэта былі шыкоўныя гускі! Дзе вы такіх узялі? На маё здзіўленне, пытанне абурыла гандляра.