– Вось што, містэр, – сказаў ён, падымаючы галаву і беручыся ў бокі, – я не ведаю, да чаго вы хіліце, а таму давайце наўпрост.
– Я ж кажу – хачу ведаць, хто прадаў вам гусак, якіх вы адправілі ў «Альфу».
– Нічога я вам не скажу!
– Ну і ладна з вамі! Не разумею толькі, чаму вы праз нейкую драбязу так распаліліся.
– Я распаліўся? А хто не распаліцца, калі да яго ўсе лезуць? Я плачу за добры тавар добрыя грошы – і справа з канцом, але не: «А дзе ў вас гускі?», «Каму вы прадалі гэтых гусак?» ці «Колькі вы за іх возьмеце?» Можна падумаць, гэта адзіныя гускі ў свеце, калі паслухаеш, які вакол іх падняўся шум.
– Ну, пра іншых зацікаўленых я нічога не ведаю, – бесклапотна сказаў Холмс. – Не хочаце казаць – і чорт з ім, з нашым закладам. Але ў птушках я дока і вось паспрачаўся на пяток, што тую з’едзеную мной гуску выкармілі ў вёсцы.
– Ха, плакала вашая пяцёрка, бо гуска – гарадская! – выпаліў гандляр.
– Не можа быць!
– Я вам кажу!
– Ды не веру!
– Хочаце сказаць, што ведаеце пра птушку больш, чым я? А я сваёй справай займаюся з пялёнак! І я вам кажу, што ўсе гускі, якія адправіліся ў «Альфу», выкармленыя ў горадзе!
– Ды ну, вы мяне не ўпэўніце!
– Што, заклад?
– Не, адбіраць вашыя грошы я не буду, бо ў сваёй рацыі не сумняюся. Але ў мяне тут ёсць адзін саверэн, таму я гатовы даць вам добры ўрок.
Гандляр падступна ўсміхнуўся.
– Нясі сюды кнігу, Біл, – скамандаваў ён.
Хлопчык тут жа прыцягнуў невялічкую тонкую кніжку і важкі засалены фаліянт і паклаў іх пад лямпу.
– Ну што, містэр Задзірака, – прамовіў гандляр, – я думаў, што гусі на сёння скончыліся, але тут да мяне завітала яшчэ адна важная птушка. Бачыце гэтую кніжку?
– Ну і што?
– Гэта спіс людзей, з якімі я працую. Бачыце, так? Ага, на гэтай старонцы ў нас народ з вёскі, а нумары пад імёнамі – гэта іх старонкі ў гросбуху. Вось яно! Бачыце гэтую старонку чырвоным чарнілам? Гэта спіс маіх гарадскіх пастаўшчыкоў. А цяпер зірніце на гэтае трэцяе імя! Ну, чытайце ўголас!
– Місіс Оўкшат, 117, Брыкстан-роўд – 249, – прачытаў Холмс.
– Та-ак. А цяпер шукайце ў гросбуху нумар 249. Холмс адгарнуў патрэбную старонку.
– Вось і яна. Місіс Оўкшат, 117, Брыкстан-роўд, пастаўка яек і птушкі.
– Ну і калі было апошняе паступленне?
– «22 снежня, 24 гускі, 7 шылінгаў 6 пенсаў за шт.»
– Менавіта! Што, атрымалі? А ніжэй?
– «Прададзеныя м-ру Ўіндыгейту з «Альфы», 12 шылінгаў за шт.»
– Ну і што вы цяпер скажаце?
Шэрлак Холмс, здавалася, вельмі расстроіўся. Ён выцягнуў з кішэні саверэн, кінуў яго на прылавак, павярнуўся і выйшаў з выглядам чалавека, раздражнёнага так, што няма словаў. Праз некалькі ярдаў ён спыніўся пад ліхтаром і засмяяўся сваім вельмі характэрным, шчырым, але бязгучным смехам.
– Калі я бачу чалавека з такімі бакенбардамі, з кішэні якога яшчэ і тырчыць свежы нумар «Пінкан»*, то адразу ведаю, што заклад выцягне з яго любую інфармацыю, – сказаў ён. – Магу паклясціся, што нават калі б я паклаў перад ім сотню фунтаў, ён не даў бы мне такой поўнай інфармацыі, якую я выцягнуў з яго, паставіўшы ўсяго адзін саверэн. Што ж, Ўотсан, мы, здаецца, наблізіліся да канца нашых пошукаў. Засталося вырашыць, ісці да гэтай місіс Оўкшат сёння ці пакінуць яе на заўтра. Са словаў нашага сярдзітага купца ясна, што гускай цікавімся не мы адны, а таму я думаю…
Тут з толькі што пакінутай намі лаўкі пачуўся гучны шум, які перарваў развагі майго сябра. Азірнуўшыся, мы ўбачылі невысокага чалавека з пацучыным тварам, які стаяў, скурчыўшыся ў цэнтры светлага кола, утворанага хісткай лямпай, тым часам як Брэкінрыдж, гандляр, стоячы на парозе лаўкі, люта трос кулакамі.
– Хопіць з мяне і вас, і вашых гусак! – крычаў ён. – Ідзіце вы ўсе разам да д’ябла! Калі вы зноў будзеце лезці да мяне са сваімі дурнымі пытаннямі, я спушчу на вас сабаку! Прывядзіце сюды місіс Оўкшат, і я ёй адкажу, але пры чым тут вы? Я што, у вас гусак купляў ці як?
– Не, але адна з іх была мая, – скуголіў нізенькі чалавечак.
– Тады пытайцеся пра яе ў місіс Оўкшат!
– Яна сказала спытаць у вас.
– Тады пытайце хоць у прускага караля, а я тут пры чым? З мяне ўжо хопіць! Ідзіце прэч! – тут ён раз’юшана кінуўся наперад, і цікаўны чалавечак растварыўся ў цемры.
– Ага, значыць, на Брыкстан-роўд нам ісці не трэба, – прашаптаў Холмс. – Хадзем, зірнем, што можна выцягнуць з гэтага джэнтльмена.
Прабіраючыся праз раскіданыя групкі людзей, што сноўдаліся без справы вакол асветленых лавак, мой кампаньён хутка дагнаў чалавечка і крануў яго за плячо. Чалавечак тут жа павярнуўся, і ў святле газавага ліхтара я заўважыў, што з яго твару зніклі ўсе фарбы.