Выбрать главу

– Хто вы такія? Чаго вам трэба? – дрыготкім голасам спытаў ён.

– Прашу мяне прабачыць, – ветліва пачаў Холмс, – але я выпадкова пачуў вашую размову з гаспадаром крамкі. Думаю, я магу вам дапамагчы.

– Вы? Ды хто вы такі? Адкуль вы можаце пра мяне ведаць?

– Мяне завуць Шэрлак Холмс. Ведаць тое, чаго не ведаюць іншыя, – мая праца.

– Але пра маю справу вы ведаць не можаце.

– Выбачайце, але я ведаю пра яе ўсё. Вы спрабуеце знайсці гуску, якую місіс Оўкшат з Брыкстан-роўд прадала гандляру на імя Брэкінрыдж, той – містэру Ўіндыгейту з «Альфы», ён жа перадаў яе свайму клубу, у сябрах якога лічыцца містэр Генры Бэйкер.

– О, сэр, вы менавіта той чалавек, якога я так доўга шукаю! – усклікнуў чалавечак, выцягваючы дрыготкія рукі. – Немагчыма апісаць, як мяне цікавіць гэтае пытанне!

Шэрлак Холмс спыніў рамізніка, які акурат праязджаў міма.

– У такім выпадку лепш абмеркаваць нашую справу ва ўтульным месцы, а не на адкрытым усім вятрам рынку, – сказаў мой сябар. – Але перш чым мы адправімся далей, прашу вас, скажыце, каму я маю прыемнасць дапамагчы?

Хвілінку чалавечак вагаўся, потым, адвёўшы вочы, сказаў:

– Мяне завуць Джон Робінсан.

– Не-не, вашае сапраўднае імя, – мякка сказаў Холмс. – Заўсёды няёмка мець справу з псеўданімам.

На бляклых шчоках незнаёмца ўспыхнуў румянец.

– Маё сапраўднае імя Джэймс Райдэр.

– Цяпер лепей. Старшы адміністратар гатэля «Касмаполітан». Прашу, сядайце ў кэб, і хутка я змагу расказаць вам усё, што вы хочаце ведаць.

Райдэр не варухнуўся з месца, пераводзячы позірк, у якім чыталіся і страх, і надзея, з Холмса на мяне і назад, нібы чалавек, не ўпэўнены, стаіць ён на парозе вялікай удачы ці вялікай катастрофы. Урэшце ён сеў у кэб, і праз паўгадзіны мы ўжо былі ў гасцёўні на Бэйкер-стрыт. Едучы дадому, мы маўчалі, аднак цяжкае няроўнае дыханне нашага спадарожніка і сутаргавыя рухі яго рук сведчылі пра вялікае нервовае напружанне.

– Вось мы і дабраліся! – весела сказаў Холмс, калі мы адзін за адным зайшлі ў пакой. – Камін у такое надвор’е – рэч вельмі своечасовая. Вы, містэр Райдэр, відаць, змерзлі. Прашу, сядайце на гэтае плеценае крэсла. Зараз я толькі надзену хатнія туфлі – і мы зоймемся вашай справай. Вось я і гатовы! Дык вы хочаце ведаць, што сталася з тымі гускамі?

– Хачу, сэр.

– Ці хутчэй, думаю, з той гускай? Не сумняюся, што вас цікавіць толькі адна птушка – белая, з чорнай палоскай на хвасце…

Райдэр ад хвалявання задрыжаў.

– О, сэр! – усклікнуў ён. – Скажыце, куды яна ўрэшце трапіла?

– Сюды.

– Сюды?

– Менавіта. І выявілася птушкай вельмі незвычайнай. Не дзіўлюся, што вы так ёй цікавіцеся. Пасля смерці яна знесла яйка – самае прыгожае, самае каштоўнае блакітнае яйка, якое толькі можна ўявіць. Цяпер яно тут, у маім музеі.

Наш госць, хістаючыся, падняўся і правай рукой схапіўся за камінную рашотку. Холмс адчыніў сейф і дастаў адтуль блакітны карбункул, які, нібы зорка, гарэў халодным, яркім, іскрыстым святлом. Райдэр застыў з выцягнутым тварам, гледзячы на каштоўнасць, не ведаючы, запатрабаваць камень ці адмовіцца ад яго.

– Гульня скончаная, Райдэр, – ціха прамовіў Холмс. – Трымайцеся, спадару, мацней, а то зваліцеся ў агонь. Ўотсан, дапамажыце яму сесці. Не такі ён умелы злодзей, каб здзяйсняць злачынствы беспакарана. Дайце яму трошкі брэндзі. Ну вось, цяпер ён больш падобны да чалавека. Ну, шчыра кажучы, і нікчэмнасць!

Госць пэўны час яшчэ стаяў, хістаючыся і ледзь не падаючы, але брэндзі крыху разрумяніла яго шчокі, і ўрэшце Райдэр сеў, спалохана пазіраючы на свайго абвінаваўцу.

– У маіх руках амаль усе ніці гэтай справы і амаль усе патрэбныя доказы, таму вам засталося расказаць мне зусім няшмат. Аднак ваш расказ дапаможа канчаткова прасвятліць усе абставіны і закрыць справу. Адкуль вы, Райдэр, даведаліся пра блакітны камень графіні Моркар?

– Мне сказала пра яго Кэтрын К’юсак, – надламаным голасам адказаў ён.

– Ага, разумею, служанка яе светласці. Што ж, вы не змаглі пераадолець спакусу хуткага ўзбагачэння, як не маглі многія, лепшыя за вас. Але ў сродках вы былі не асабліва пераборлівыя. Мне здаецца, Райдэр, што вы ператвараецеся ў сапраўднага нягодніка. Вы ведалі, што гэты паяльшчык, Хорнэр, абвінавачваўся ў такіх злачынствах раней, а таму западозраць хутчэй за ўсё яго. І што вы зрабілі? Разам са сваёй суўдзельніцай К’юсак забяспечылі яму ў пакоі графіні дробную падпрацоўку і пастараліся, каб у гэты час вас паклікалі ў іншае месца. А калі ён сышоў, дасталі камень, паднялі трывогу – і няшчаснага арыштавалі. Тады вы…

Раптам Райдэр паваліўся на дыван і абхапіў калені майго кампаньёна.