– Богам вас малю, злітуйцеся! – крычаў ён. – Падумайце пра майго бацьку! Пра маю маці! Гэта разаб’е ім сэрца! Я ніколі раней не рабіў нічога кепскага! І не зраблю! Я гатовы паклясціся! Я магу паклясціся на Бібліі – толькі не вядзіце мяне ў суд! Богам прашу, не вядзіце!
– А ну сядайце на сваё крэсла! – сурова сказаў Холмс. – Вось вы цяпер кленчыце і поўзаеце, а як наконт беднага Хорнэра? Вы падумалі пра тое, што адправілі на лаву падсудных чалавека, які ніякага дачынення да крадзяжу не мае?
– Я збягу, містэр Холмс. Я пакіну краіну, сэр. Тады абвінавачанне супраць яго рассыплецца…
– Хм… Пра гэта мы яшчэ пагаворым. А цяпер раскажыце нам, як камень трапіў у гуску, а гуска – на рынак. Толькі кажыце праўду, гэта адзіная вашая надзея ўратавацца.
Райдэр правёў языком па перасохлых вуснах.
– Я раскажу вам усё так, як яно было, сэр, – сказаў ён. – Калі Хорнэра арыштавалі, мне падалося, што самы час камень схаваць, бо ў любы момант паліцыі магла прыйсці ў галаву ідэя абшукаць мяне і мой пакой. У гатэлі камень нідзе не быў бы ў бяспецы. Я выйшаў нібыта з нейкім даручэннем і адправіўся да сястры. Яна замужам за Оўкшатам і жыве на Брыкстан-роўд, дзе адкормлівае птушку на продаж. Калі я ішоў да яе, усе сустрэчныя здаваліся мне паліцэйскімі ці дэтэктывамі, а таму, нягледзячы на тое, што ноч была халодная, я дабраўся да Брыкстан-роўд зусім спацелы. Сястра спытала ў мяне, што здарылася і чаму я так пабляднеў, але я сказаў, што расстроены крадзяжом у гатэлі. Потым я выйшаў на задні дворык, закурыў люльку і пачаў думаць, што цяпер рабіць.
Калісьці ў мяне быў сябар на імя Модслі, які цяпер зусім скаціўся і акурат адседзеў тэрмін у Пентанвілскай турме. Аднойчы мы сустрэліся, і ён расказаў мне пра спосабы крадзяжу і збыту нарабаванага. Я разумеў, што мяне ён не падмане, бо я ведаю пра яго адну-дзве дробязі, а таму адразу ж сабраўся ісці да яго ў Кілберн і ўсё расказаць. Ён патлумачыў бы мне, як ператварыць камень у грошы. Але як да яго дабрацца? Я добра помніў свой пакутлівы шлях ад гатэля да дома сястры. У любы момант мяне маглі схапіць, абшукаць і знайсці ў кішэні камізэлькі каштоўнасць. Я стаяў, прыхіліўшыся да сцяны, і назіраў за гускамі, якія чыкільгалі ля маіх ног, і раптам мне ў галаву прыйшла ідэя, як перамагчы нават найлепшага ў свеце дэтэктыва.
Некалькі тыдняў таму сястра сказала, што на Каляды я атрымаю ад яе найвыдатнейшую гуску, а яе слова цвёрдае. Значыць, я магу ўзяць гуску цяпер і ў ёй аднесці камень у Кілберн. У двары стаяў невялічкі хлявок, куды я загнаў адну цудоўную вялізную белую гуску з палоскай на хвасце. Я злавіў яе, раскрыў ёй дзюбу і засунуў у горла камень – так глыбока, як толькі мог. Птушка камень праглынула, і ён захрас у валлі. Аднак гуска ўвесь час супраціўлялася, ляпала крыламі, і сястра выйшла зірнуць, што там такое. Я сабраўся ёй нешта патлумачыць, але тут дурная жывёліна вырвалася і змяшалася з чарадой.
– Што ты робіш з гускай, Джэм? – здзівілася сястра.
– Ну, ты ж сказала, што падорыш мне адну на Каляды, – адказаў я. – Гэтая падалася мне самай тлустай.
– О, – сказала яна, – гуску табе мы ўжо выбралі. Мы клічам яе гускай Джэма. Вунь яна, вялікая белая таўстуха. Усяго іх тут дваццаць шэсць – адна для цябе, адна для нас і два тузіны на продаж.
– Дзякуй табе, Мэгі, – сказаў я, – але калі табе ўсё адно, я хацеў бы ўзяць тую, якую толькі што злавіў.
– Але мы выбралі на тры фунты цяжэйшую, – пакрыўдзілася яна, – да таго ж адкормлівалі спецыяльна для цябе.
– Нічога страшнага. Мне патрэбная іншая, прычым цяпер, – сказаў я.
– Ну, як пажадаеш, – надзьмулася яна. – Дык якую ты хочаш?
– Вось гэтую, з паласатым хвастом, у цэнтры статка.
– Ну і цудоўна, рэж яе і забірай.
Так я, містэр Холмс, і зрабіў, а потым аднёс гуску ў Кілберн. Расказаў свайму прыяцелю пра крадзеж – такому чалавеку, як ён, я мог у гэтай справе лёгка даверыцца. Ён смяяўся да ўпаду, а пасля мы ўзялі нож і разрэзалі гуску. Калі я ўбачыў, што ў валляку нічога няма, маё сэрца зледзянела ад жаху: я зразумеў, што памыліўся. Кінуўшы гуску, я пабег да сястры, заляцеў на задні дворык, але ніводнае птушкі там не было.
– Куды ты іх падзела, Мэгі?! – закрычаў я.
– Адправіла гандляру, Джэм.
– Якому гандляру?
– Брэкінрыджу на Ковент-Гардэн.
– А сярод іх была яшчэ адна з паласатым хвастом? – спытаў я. – Такая ж, як я выбраў?
– Была, Джэм. Гэтых дзвюх я ніколі не магла адрозніць.
Тут я, канечне, усё зразумеў і з усіх сілаў кінуўся да гэтага Брэкінрыджа Але ён усю партыю ўжо прадаў і нізашто не пагаджаўся сказаць, каму. Зрэшты, сёння вечарам вы самі ўсё чулі. Ён адказвае мне так увесь час. Сястра думае, што я звар’яцеў. Часам я амаль гатовы з ёй пагадзіцца. І вось… вось я – проста нікчэмны злодзей, што ніколі не атрымае багацця, дзеля якога прадаў душу. Божа, ратуй мяне! Божа, ратуй! – схаваўшы далонямі твар, ён сутаргава зарыдаў.