Выбрать главу

У пакоі павісла доўгая паўза, якую перарывалі толькі цяжкія ўздыхі госця і раўнамерныя пастукванні пальцаў Холмса па стале. Потым мой сябар падняўся і адчыніў дзверы.

– Ідзіце прэч! – сказаў ён.

– Што?.. Сэр! Хай блаславіць вас Бог!

– Ні слова больш! Ідзіце прэч!

Іншых словаў не спатрэбілася. На сходах імкліва загрукаталі крокі, ляпнулі дзверы, з вуліцы пачуўся гучны і выразны тупат.

– Урэшце, Ўотсан, – прамовіў Холмс, цягнучыся па гліняную люльку, – я не абавязаны выпраўляць памылкі паліцыі. Іншая рэч, калі б Хорнэр быў у небяспецы, але наш знаёмец супраць яго сведчыць не будзе, і справу проста закрыюць. Магчыма, я дапамог злачынцу пазбегнуць суда, але ёсць надзея, што гэтым я ўратаваў яго душу. Наўрад ці ён адважыцца на новы крадзеж – надта ж ён перапалохаўся. Калі зараз мы адправім яго ў турму, ён да канца жыцця зробіцца яе заўсёднікам. Да таго ж Каляды – самы час для даравання. Выпадак паставіў перад намі незвычайную і вельмі мудрагелістую задачу, і яе разгадка стала для нас сапраўднай узнагародай. Калі вы, доктар, ласкава пазвоніце, каб нам прынеслі вячэру, то мы возьмемся за новае даследаванне, у якім галоўную ролю адыграе яшчэ адна выбітная птушка.

Пераклала Ганна Янкута

Стракатая стужка

Праглядаючы свае нататкі пра больш як семдзесят справаў, дзякуючы якім я апошнія восем гадоў назіраў за метадамі майго сябра Шэрлака Холмса, я знаходжу сярод іх шмат справаў трагічных, некалькі камічных, нямала неверагодных, але ніводнай банальнай, бо, працуючы хутчэй з любові да свайго майстэрства, чым дзеля ўзбагачэння, ён адмаўляўся брацца за любое расследаванне, калі справа не мела ў сабе нічога незвычайнага ці нават фантастычнага. Але сярод усіх гэтых выпадкаў я не магу згадаць нічога больш неверагоднага, чым справа, звязаная з добра вядомай у Сурэі сям’ёй Ройлатаў са Сток-Морана. Тыя падзеі адбыліся яшчэ ў пачатку нашага з Холмсам сяброўства, калі мы, халасцякі, разам арандавалі кватэру на Бэйкер-стрыт. Мабыць, я мог бы надрукаваць гэтую гісторыю і раней, але тады я даў абяцанне трымаць яе ў сакрэце. Месяц таму заўчасная смерць лэдзі, якой было дадзенае слова, развязала мне рукі. Цалкам магчыма, што абнародаванне гэтых фактаў будзе вельмі дарэчным, бо я маю падставы сцвярджаць, што распаўсюджаныя чуткі пра смерць доктара Грымсбі Ройлата робяць яе абставіны яшчэ больш вусцішнымі, чым яны былі насамрэч.

Прачнуўшыся аднаго ранку ў пачатку красавіка 1883 года, я ўбачыў ля свайго ложка апранутага для выхаду Шэрлака Холмса. Звычайна ён уставаў позна, але гадзіннік на каміннай палічцы паказваў усяго чвэрць восьмай, а таму я паглядзеў на яго здзіўлена і нават трошкі абурана, бо сам заўсёды трымаюся сваіх звычак.

– Шкада, што даводзіцца вас падымаць, Ўотсан, – сказаў ён, – але такая ў вас сёння доля. Пабудзілі місіс Хадсан, яна – мяне, я ж у сваю чаргу – вас.

– І што здарылася? Пажар?

– Не, кліентка. Здаецца, прыйшла нейкая страшна ўсхваляваная маладая лэдзі, якая настойвае на сустрэчы са мной. Цяпер яна чакае ў гасцёўні. А калі маладыя лэдзі блукаюць у такую раннюю гадзіну па сталіцы і выцягваюць сонных людзей з іх ложкаў, я раблю выснову, што яны маюць паведаміць нешта зусім неадкладнае. Калі справа акажацца цікавай, я ўпэўнены, што вы захочаце сачыць за ёй ад самага пачатку. А таму ў любым выпадку варта было вас паклікаць і даць гэты шанец.

– Мой дарагі сябра, я нізашто не ўпушчу яго. Большай радасці, чым сачыць за Холмсам падчас яго прафесійных даследаванняў і захапляцца яго высновамі – такімі імгненнымі, нібыта іх падказаў не розум, а інтуіцыя, і ў той жа час заўсёды заснаванымі выключна на логіцы, дзякуючы якой ён расследаваў прапанаваныя яму справы, – і быць не магло. Я хутка адзеўся і праз некалькі хвілін быў гатовы суправаджаць майго сябра ў гасцёўню. Калі мы ўвайшлі, апранутая ў чорнае і схаваная густым вэлюмам жанчына, якая сядзела ля акна, паднялася.

– Добры дзень, мадам, – бадзёра сказаў Холмс. – Мяне завуць Шэрлак Холмс, а гэта мой блізкі сябар і памочнік доктар Ўотсан, з якім вы можаце гаварыць гэтак жа свабодна, як і са мной. Ага! Як цудоўна, што місіс Хадсан здагадалася распаліць камін. Я бачу, што вы дрыжыце, а таму прашу, падсоўвайцеся бліжэй да агню і дазвольце прапанаваць вам кубак гарачай кавы.

– Я дрыжу не ад холаду, – ціха сказала жанчына, перасаджваючыся туды, куды ёй толькі што прапанавалі.