Выбрать главу

– Ад чаго ж тады?

– Ад страху, містэр Холмс, ад самага сапраўднага жаху.

Сказаўшы гэта, яна падняла вэлюм, і мы заўважылі, што яна і праўда знаходзіцца ў вартым жалю стане трывогі: яе твар пашарэў і змарнеў, а неспакойныя, спалоханыя вочы нагадвалі вочы жывёлы, якую цкуюць паляўнічыя. Калі меркаваць з рысаў твару і фігуры, ёй было каля трыццаці, але ў валасах з’явілася заўчасная сівізна, і сама яна выглядала зморанай і спакутаванай. Шэрлак Холмс агледзеў яе сваім хуткім усёпранікальным позіркам.

– Не трэба баяцца, – суцяшальна сказаў ён, нахіляючыся да госці і пагладжваючы яе руку. – Я не сумняюся, што хутка мы з усім разбярэмся. Вы, значыць, прыехалі ранішнім цягніком?

– Вы ўжо недзе мяне бачылі?

– Не, але я заўважыў у вашай левай руцэ білет у два бакі. Выехалі вы рана і, дабіраючыся да станцыі, доўга трэсліся ў двухколцы па кепскай дарозе.

Лэдзі рэзка скаланулася і разгублена паглядзела на майго сябра.

– Тут няма ніякай таямніцы, дарагая мадам, – сказаў ён усміхаючыся. – Левае рукаво вашага жакета запэцканае брудам не менш як у пяці месцах, і плямы гэтыя відавочна свежыя. Ні ў адным сродку перамяшчэння, апрача двухколкі, нельга так запэцкацца – прычым толькі тады, калі сядзіш злева ад рамізніка.

– Якімі б ні былі вашыя разважанні, вы цалкам маеце рацыю, – сказала яна. – Я выйшла з дому яшчэ да шасці, праз дваццаць хвілін была ў Лэтэрхэдзе і з першым цягніком прыехала на вакзал Ватэрлоа. Я не магу больш змагацца з гэтым напружаннем, сэр! Яшчэ трошкі – і я зусім звар’яцею! У мяне няма нікога, да каго можна звярнуцца, апроч аднаго чалавека, якому я не абыякавая, але што ён, небарака, можа зрабіць? Я чула пра вас, містэр Холмс, чула ад місіс Фарынташ, якой вы дапамаглі ў цяжкую хвіліну. Гэта яна дала мне ваш адрас. О сэр, можа, хаця б вы нешта мне парадзіце ці пральяце трошкі святла на густы змрок, што атачыў мяне? Пакуль я не магу нічым аддзячыць вам за вашыя паслугі, але праз пяць-шэсць тыдняў я выйду замуж, атрымаўшы права самастойна распараджацца сваімі прыбыткамі, і прынамсі тады вы зразумееце, што я ўмею быць удзячнай.

Холмс падышоў да пісьмовага стала, высунуў шуфляду, дастаў маленькі нататнік і зверыўся з ім.

– Фарынташ, – прамармытаў ён. – Ага, вось! Я прыгадваю гэтую справу – яна была звязаная з апалавай тыярай. Мабыць, гэта было яшчэ да вас, Ўотсан. У любым разе, мадам, я буду рады аддаць вашай справе столькі ж увагі, колькі аддаў яе справе вашае прыяцелькі. Што да ўзнагароды, то мая праца і ёсць найлепшай узнагародай – вы можаце хіба што аплаціць выдаткі, звязаныя з расследаваннем, у любы зручны для вас час. А цяпер я прашу вас расказаць усе падрабязнасці, якія дапамогуць нам скласці ўяўленне пра абставіны.

– На жаль, – пачала нашая госця, – уся жахлівасць маёй сітуацыі ў тым, што мае страхі такія цьмяныя, а падазрэнні грунтуюцца на такіх дробязях, якія на першы погляд могуць падацца ўвогуле нязначнымі, што нават той, да якога я маю права звярнуцца па дапамогу і параду, успрымае ўсе мае аповеды як фантазіі знерваванай жанчыны. Ён не прызнаецца ў гэтым, але з яго суцяшальных адказаў і адведзеных вачэй я разумею ўсё. Я чула, містэр Холмс, што вы глыбока разбіраецеся ў самых розных заганах чалавечага сэрца. Вы можаце параіць, як мне пазбегнуць небяспекаў, што атачаюць мяне.

– Я ўважліва вас слухаю, мадам.

– Мяне завуць Хелен Стонэр, і я жыву разам з айчымам, апошнім прадстаўніком адной з найстарэйшых саксонскіх сем’яў Англіі – Ройлатаў са Сток-Морана, на ўсходняй мяжы графства Сурэй.

Холмс кіўнуў:

– Я чуў гэтае імя, – сказаў ён.

– Калісьці мая сям’я належала да самых багатых у Англіі – яе ўладанні шырыліся да межаў Беркшыра на поўначы і Хэмпшыра на захадзе. Аднак у мінулым стагоддзі чатыры пакаленні запар вялі распусны лад жыцця і мантачылі маёмасць. Разарэнне сям’і завяршыў у часы Рэгенцтва* адзін спадкаемец-гулец. Не засталося нічога, апроч некалькіх акраў зямлі і двухсотгадовага дома, які паступова точаць час і закладныя. Мінулы яго ўладар гібеў, ведучы нікчэмнае жыццё арыстакрата-жабрака, аднак яго адзіны сын, мой айчым, зразумеў, што трэба прыстасоўвацца да новых умоваў, пазычыў у нейкага сваяка грошай, якія дазволілі яму атрымаць дыплом доктара, і адправіўся ў Калькуту, дзе дзякуючы сваім прафесійным здольнасцям і сіле волі хутка займеў вялікую практыку. Але калі аднойчы яго дом абрабавалі, ён у прыпадку гневу збіў да смерці свайго дварэцкага-тубыльца і ледзь пазбегнуў найвышэйшай меры пакарання. Доўгі час ён правёў у турме, пасля чаго, замкнёны і расчараваны, вярнуўся ў Англію.

У Індыі доктар Ройлат ажаніўся з маёй маці, місіс Стонэр, маладой удавой генерал-маёра бенгальскай артылерыі. Мы з сястрой Джуліяй блізняты, і на момант другога матчынага вяселля нам споўнілася ўсяго два гады. Маці валодала значнымі сродкамі – не менш за тысячу фунтаў на год, – і завяшчала іх доктару Ройлату, бо мы жылі разам з ім. Аднак у выпадку нашага замужжа кожная з нас мусіла атрымаць пэўную суму гадавога прыбытку. Хутка пасля нашага вяртання ў Англію маці памерла – загінула восем гадоў таму падчас чыгуначнай катастрофы пад Кру. Тады доктар Ройлат адмовіўся ад спробаў асталявацца ў Лондане і займець там практыку і разам з намі пасяліўся ў старым спадчынным маёнтку ў Сток-Моране. Грошай, пакінутых нам маці, цалкам хапала на задавальненне ўсіх патрэбаў, і нічога, здавалася, не мусіла перашкаджаць нашаму шчасцю.