Выбрать главу

Але ў гэты час айчым жахліва змяніўся. Замест таго каб пасябраваць з суседзямі, якія спачатку вельмі ўзрадаваліся, што Ройлат вярнуўся ў спадчыннае гняздо ў Сток-Моране, і абменьвацца з імі візітамі, ён замкнуўся ў доме і выходзіў хіба што для таго, каб бурна пасварыцца з першым сустрэчным. Неўтаймоўнасць, якая межавала з маніякальнасцю, была характэрная для мужчынаў яго роду, а ў выпадку майго айчыма яшчэ і ўзмацнілася, мяркую, падчас доўгага жыцця ў тропіках. Здарылася некалькі скандалаў, два з якіх скончыліся ў паліцэйскім участку. Урэшце ён зрабіўся страшэннай пагрозай для ўсяе вёскі, людзі разбягаліся, калі бачылі яго, чалавека вялізнае сілы, які зусім не ўмее ўтаймоўваць свой гнеў.

На мінулым тыдні ён праз парэнчы кінуў мясцовага каваля ў раку, і толькі аддаўшы ўсе свае зберажэнні, я змагла папярэдзіць чарговы публічны скандал. У яго няма сяброў, апроч вандроўных цыганоў. Ён дазваляе гэтым валацугам спыняцца на некалькіх парослых ажынай акрах зямлі, якія засталіся ад яго фамільнага маёнтка, і карыстаецца ў адказ іх гасціннасцю, наведваючы іх шатры і часам блукаючы з імі цэлымі тыднямі. Ён вельмі любіць індыйскіх жывёл, якіх прыслаў адзін яго карэспандэнт: на сённяшні момант у нас жывуць гепард і павіян*, што свабодна перамяшчаюцца ў яго ўладаннях і наганяюць на вяскоўцаў не менш жаху, чым іх гаспадар.

З усяго гэтага вы можаце зрабіць выснову, што мы з маёй беднай сястрой Джуліяй жылі не надта весела. У нас не затрымліваўся ніводны слуга, а таму доўгі час мы самі працавалі ў доме. Сястра памерла, калі ёй было ўсяго трыццаць, але ў яе валасах ужо з’явілася сівізна, як і ў мяне цяпер.

– Дык вашая сястра памерла?

– Так, два гады таму, і менавіта пра яе смерць я хачу вам зараз расказаць. Вы можаце зразумець, што, жывучы тым жыццём, якое я толькі што апісала, мы мелі няшмат шанцаў сустракацца з людзьмі нашага ўзросту і кола. Але ў нас ёсць незамужняя цётка, сястра нашай маці, міс Ганорыя Ўэстфэйл, якая жыве ля Хараў, і час ад часу нам дазвалялася наведацца да яе ў госці. Два гады таму Джулія адправілася да цёткі на Каляды, пазнаёмілася там з адстаўным маёрам флоту, і яны заручыліся. Калі па яе вяртанні айчым даведаўся пра заручыны, то нічога не запярэчыў, але жудасны выпадак за два тыдні да вяселля пазбавіў мяне адзінай сяброўкі.

Увесь час Шэрлак Холмс сядзеў, адкінуўшыся на спінку крэсла, заплюшчыўшы вочы і паклаўшы галаву на канапавую падушку. Але ў гэты момант ён напалову прыпадняў павекі і паглядзеў на госцю.

– Прашу вас быць уважлівай да ўсіх дэталяў, – сказаў ён.

– Няма нічога прасцейшага, бо ў маёй памяці захаваліся ўсе падзеі тае жахлівае ночы. Наш дом, як я ўжо казала, вельмі стары, і на сённяшні дзень у ім заселены толькі адзін флігель. Спальні там размешчаныя на першым паверсе, а гасцёўні – у цэнтральнай частцы будынка. У першай спальні спіць доктар Ройлат, у другой спала мая сястра, а ў трэцяй – я. Пакоі гэтыя паміж сабой не злучаныя, але выходзяць у адзін калідор. Мае тлумачэнні вам зразумелыя?

– Так, цалкам.

– Вокны трох пакояў выходзяць на адну лугавінку. У тую пагібельную ноч доктар Ройлат пайшоў да сябе рана, аднак мы з сястрой ведалі, што ён не спіць, бо нам назаляў моцны пах індыйскіх цыгараў*, якія ён зазвычай курыць. Сястра зайшла ў мой пакой, і мы некаторы час праседзелі разам, абмяркоўваючы хуткае вяселле.

У адзінаццаць яна ўстала, каб вярнуцца да сябе, але каля дзвярэй спынілася і азірнулася.

– Скажы, Хелен, – спытала яна, – ці даводзілася табе чуць позна ўначы свіст?

– Не, не даводзілася, – адказала я.

– І ты ж не можаш свістаць у сне?

– Канечне, не. А што такое?

– Проста некалькіх апошніх начэй, дзесьці ў тры гадзіны, я чую ціхі, але вельмі выразны свіст. Сплю я чуйна, таму адразу прачынаюся. Не магу вызначыць, адкуль ён ідзе – можа, з суседняга пакоя, а можа, з лугавіны. Я падумала, што трэба спытаць у цябе, раптам ты таксама чула.