– Не, я нічога не чула. Мабыць, дзесьці побач свішчуць гэтыя жахлівыя цыганы.
– Цалкам магчыма. І ўсё ж калі свіст ідзе з лугавіны, дзіўна, што ты яго не чуеш.
– Але я сплю нашмат мацней, чым ты.
– Зрэшты, гэта не мае вялікага значэння, – яна ўсміхнулася, зачыніла мае дзверы, і праз некалькі імгненняў я пачула, як яна паварочвае ключ у сваім замку.
– Праўда? – перапыніў яе Холмс. – І вы заўсёды замыкаецеся нанач?
– Заўсёды.
– Чаму?
– Здаецца, я ўжо згадвала, што доктар трымае гепарда і павіяна. Не замкнуўшы дзвярэй, нельга адчуваць сябе ў бяспецы.
– Зразумела. Прашу вас працягваць.
– У тую ноч я не магла заснуць. Мяне мучыла цьмянае адчуванне навіслае небяспекі. Як вы помніце, мы з сястрой блізняты, і, магчыма, ведаеце, што такія блізкія душы звязаныя няўлоўнымі ніцямі. Ноч была непагодная. На дварэ скавытаў вецер, а ў вокны барабаніў і ламаўся дождж. Нечакана сярод шуму навальніцы я пачула шалёны крык спалоханай да смерці жанчыны. Гэта крычала мая сястра. Я ўскочыла з ложка, накінула на плечы шаль і кінулася ў калідор. Адчыняючы дзверы, я пачула штосьці падобнае да ціхага свісту, акурат такога, як апісвала Джулія, а праз некалькі секундаў – бразгат, нібыта зваліўся вялікі металічны прадмет. Калі я падбегла да пакоя сястры, дзверы былі адчыненыя і лёгка пагойдваліся туды-сюды. Здранцвелая ад вусцішы, я глядзела на гэтыя дзверы і не магла зразумець, што здарылася. У святле калідорнае лямпы я ўбачыла збялелую ад страху Джулію, якая з’явілася на парозе, хістаючыся, як п’яная, і цягнучы рукі, нібы просячы дапамагчы. Я кінулася да яе і абняла, але ў гэты момант яе калені падагнуліся, і яна ўпала на падлогу. Яна скурчылася, нібыта ад нясцерпнага болю, а рукі і ногі яе звяло смяротнымі сутаргамі. Спачатку я падумала, што сястра не пазнае мяне, але калі я схілілася над няшчаснай, яна раптам закрычала: «О мой Божа, Хелен! Там стужка! Стракатая стужка!» Гэтага голасу я ніколі не забуду. Здавалася, яна хоча сказаць яшчэ нешта, паказваючы пальцам у кірунку пакоя доктара, але новая сутарга схапіла яе і заглушыла ўсе словы. Я кінулася ў калідор, гучна клічучы айчыма. Ён ужо спяшаўся да нас, накінуўшы халат. Калі ён дабег да сястры, яна ўжо была непрытомная. Ён уліў ёй у рот брэндзі і адправіў у вёску па доктара, але ўсе нашыя высілкі былі марныя, бо неўзабаве яна перастала дыхаць і памерла, так і не прыйшоўшы ў сябе. Такім быў вусцішны скон маёй любай сястры…
– Хвіліначку, – перапыніў яе Холмс. – Вы ўпэўненыя, што чулі свіст і бразгат металічнага прадмета? Вы можаце за гэта паручыцца?
– Такое самае пытанне задаў мне падчас расследавання мясцовы коранер. Я амаль упэўненая, што чула гэтыя гукі, аднак, магчыма, мяне збілі з панталыку выццё навальніцы і рыпенне старога дома.
– Вашая сястра была апранутая?
– Не, яна выбегла ў адной начной кашулі. У яе правай руцэ была абвугленая запалка, у левай – пачак з запалкамі.
– Сведчанне таго, што яна чырканула запалкай і пачала аглядацца, калі штосьці яе напалохала. Гэта важная дэталь. І якія высновы зрабіў коранер?
– Ён вельмі ўважліва вывучыў усё, што мела дачыненне да справы, – у ваколіцы добра ведаюць пра выбрыкі доктара Ройлата, – але так і не змог знайсці хоць нейкую праўдападобную прычыну смерці Джуліі. Мае паказанні сведчаць пра тое, што дзверы былі замкнёныя знутры, а вокны кожную ноч застаўляліся старамоднымі аканіцамі з шырокімі жалезнымі кратамі. Следчыя старанна прастукалі ўсе сцены, і яны паўсюль аказаліся моцнымі. Гэтак жа ўважліва – і з тым самым вынікам – была абследаваная падлога. Камін шырокі, але закратаваны ажно чатырма жалезнымі скобамі. А таму не выклікае сумневаў, што ў момант свае смерці мая сястра была ў пакоі адна. Да таго ж на яе целе не ўбачылі ніякіх слядоў гвалту.
– Як наконт атруты?
– Дактары праверылі гэтую версію, але нічога не знайшлі.
– Тады як вы думаеце, ад чаго памерла вашая няшчасная сястра?
– Мне здаецца, яна памерла ад жаху і нервовага ўзрушэння, але я не ўяўляю, што магло так яе напалохаць.
– Ці былі тады ў маёнтку цыганы?
– Так, яны амаль заўсёды жывуць дзесьці непадалёк.
– А што вы думаеце пра яе словы наконт стужкі… стракатай стужкі?
– Часам мне здаецца, што гэта не больш чым перадсмяротнае трызненне, часам – што словы адносяцца да нейкай рэальнай стужкі, напрыклад, убачанай у цыганоў ля маёнтка. Не ведаю, можа, гэтыя дзіўныя словы неяк звязаныя з рознакаляровымі хусцінкамі, якія носяць многія цыганкі.
Холмс пахітаў галавой – прапанаванае тлумачэнне нават блізка яго не задаволіла.