Выбрать главу

– Справа гэтая надзвычай сур’ёзная, – сказаў ён. – Але прашу вас, працягвайце.

– З таго дня прайшло два гады, і да нядаўняга часу я жыла яшчэ больш самотна, чым раней. Аднак месяц таму адзін мой дарагі сябра, якога я ведаю ўжо шмат гадоў, зрабіў мне гонар, папрасіўшы мае рукі. Яго завуць Эрмітэдж, Персі Эрмітэдж, другі сын містэра Эрмітэджа з Крэйн-Ўотэра пад Рэдынгам. Айчым не мае нічога супраць шлюбу, і гэтай вясной мы збіраемся ажаніцца. Два дні таму ў заходнім флігелі пачаліся рамонтныя працы, сцяну ў маім пакоі прабілі, і мне давялося перабрацца ў спальню, дзе памерла мая сястра, і спаць на тым жа ложку, на якім спала яна. І вы можаце ўявіць мой жах, калі мінулай ноччу, лежачы без сну і разважаючы пра жудасны лёс сястры, я раптоўна пачула ў начной цішы ледзь чутны свіст, які стаўся знакам яе смерці! Я ўскочыла і запаліла лямпу, але нічога ў пакоі не ўбачыла. Занадта ўзрушаная, каб зноў класціся спаць, я апранулася, як толькі развіднела, пакінула дом, наняла ў гасцініцы «Карона», што насупраць нас, двухколку і паехала ў Лэтэрхэд, а адтуль – у Лондан, з адзінай мэтай – пабачыць вас і папрасіць вашае парады.

– І зрабілі вельмі мудра, – дадаў мой сябар. – Вы ўсё мне расказалі?

– Так, усё.

– Міс Ройлат, гэта няпраўда. Вы спрабуеце абараніць свайго айчыма.

– Што вы маеце на ўвазе?

Замест адказу Холмс адкінуў адну з чорных карункавых манжэтак, што хавалі складзеныя на каленях рукі госці. На белым запясці выразна бачыліся пяць слядоў ад пальцаў – сінявата-барвовых плямак.

– Ён вельмі жорстка абыходзіцца з вамі, – сказаў Холмс.

Лэдзі густа пачырванела і схавала пашкоджаную руку.

– Ён цяжкі чалавек, – сказала яна, – і наўрад ці сам усведамляе сваю сілу.

Запанавала доўгая цішыня, цягам якой Холмс, падпёршы рукамі падбароддзе, глядзеў у агонь, што патрэскваў у каміне.

– Справа вельмі складаная, – сказаў ён урэшце. – Мне хацелася б ведаць яшчэ тысячу падрабязнасцяў, перш чым я вырашу, што трэба рабіць. Але нельга губляць ні хвіліны. Калі мы прыедзем сёння ў Сток-Моран, у нас будзе магчымасць агледзець пакоі, каб пра гэта не даведаўся ваш айчым?

– Айчым акурат казаў, што збіраецца сёння ў горад па нейкіх вельмі пільных справах. Цалкам магчыма, што ён будзе адсутнічаць увесь дзень, і вас нічога не патурбуе. У нас ёсць ахмістрыня, але яна старая і дурная, і я лёгка змагу пазбавіцца ад яе на гэты вечар.

– Цудоўна. Вы нічога не маеце супраць паездкі, Ўотсан?

– Зусім не.

– Тады мы абодва прыедзем. А што плануеце рабіць вы самі?

– У мяне ёсць яшчэ адна-дзве справы, якімі я, калі ўжо выбралася ў горад, хачу заняцца. Але я вярнуся цягніком у дванаццаць, каб быць на месцы да вашага прыезду.

– Тады чакайце нас адразу папаўдні. У мяне таксама ёсць некалькі справаў, якім я мушу аддаць увагу. Можа, вы застаняцеся і паснедаеце з намі?

– Не, я мушу ісці. Цяпер, калі я даверыла вам свае турботы, у мяне проста гара з плячэй звалілася. Я буду нецярпліва чакаць нашае сустрэчы апоўдні, – з гэтымі словамі яна апусціла на твар вэлюм і выслізнула з пакоя.

– Што вы пра ўсё гэта думаеце, Ўотсан? – спытаў Шэрлак Холмс, адкідваючыся на спінку крэсла.

– Справа выглядае надзвычай цьмяна і злавесна.

– Так, досыць цьмяна і досыць злавесна.

– Але калі нашая госця мела рацыю, кажучы, што падлога і сцены ў пакоі моцныя, а дзверы, акно і камін – добра зачыненыя, значыць, сястра ў момант свае загадкавае смерці была ў спальні, несумненна, адна.

– А што ў такім выпадку могуць значыць гэтыя начныя свістанні, а таксама дзіўныя перадсмяротныя словы жанчыны?

– Нават не ўяўляю.

– Калі супаставіць усе гэтыя факты – начны свіст, згадкі няшчаснай пра стужку, што можа належаць цыганам, з якімі ў старога доктара такія блізкія стасункі, відавочную зацікаўленасць доктара ў тым, каб прадухіліць вяселле свае падчаркі, і ўрэшце металічны бразгат, што мог ісці ад адной з жалезных засавак, якія трымаюць аканіцы, думаю, мы маем усе нагоды лічыць, што гэтыя нітачкі прывядуць нас да разгадкі таямніцы.

– Але што маглі зрабіць цыганы?

– Не ўяўляю.

– У гэтай тэорыі я бачу шмат недахопаў…

– Я таксама, і менавіта з гэтай прычыны мы едзем сёння ў Сток-Моран. Я хачу зразумець, сітуацыя сапраўды такая жахлівая ці ва ўсіх гэтых акалічнасцяў ёсць нейкае бяскрыўднае тлумачэнне. Але што гэта, чорт падзяры?..

Прычынай апошняга воклічу, які вырваўся з вуснаў майго сябра, стала нечаканае з’яўленне ў дзвярным праёме нейкае асобы велізарнага росту, якая практычна ўламалася ў наш пакой. Касцюм госця ўяўляў дзіўную сумесь элементаў, якія выдавалі адначасова яго прафесію і сельскі лад жыцця: чорны цыліндр, доўгі сурдут, пара высокіх гетраў і паляўнічая пуга ў руках. Ён быў такі высокі, што чапляўся капелюшом за дзвярную папярочку, і такі шырокі ў плячах, што, здавалася, мог захраснуць у праёме. Буйны яго твар, парэзаны тысячамі зморшчынаў, пажаўцелы ад сонца і адзначаны ўсімі магчымымі чалавечымі заганамі, паварочваўся то да аднаго з нас, то да другога, а глыбока пасаджаныя гнеўныя вочы і вялікі, тонкі і востры нос рабілі яго падобным да старой раз’юшанай драпежнай птушкі.