– Хто з вас Холмс? – спытаў урэшце наш дзіўны наведнік.
– Гэта маё імя, сэр, але я не магу пахваліцца, што ведаю вашае, – спакойна сказаў мой сябар.
– Я доктар Грымсбі Ройлат са Сток-Морана.
– Вельмі прыемна, доктар, – ветліва сказаў Холмс. – Прашу вас, сядайце.
– І не падумаю! У вас была мая падчарка. Я сачыў за ёй! Што яна вам сказала?
– Нешта сёння халаднавата для гэтае пары году, – сказаў Холмс.
– Што яна вам сказала? – люта крыкнуў стары.
– Аднак я чуў, што нарцысы сёлета буяюць, – непахісна працягнуў мой сябра.
– Ха, вы хочаце пазбавіцца ад мяне! – сказаў наш госць, робячы крок наперад і памахваючы пугай. – Ведаю я вас, нягодніка! Я ўжо чуў пра вас! Вы любіце ўтыкаць нос у чужыя справы!
Мой сябра ўсміхнуўся.
– Вы назола!
Усмешка Холмса зрабілася яшчэ шырэйшай.
– Холмс, скотланд-ярдаўскі хлопчык на пабягушках!
Холмс ад душы рассмяяўся:
– Вельмі прыемна было з вамі паразмаўляць, – сказаў ён, – але калі будзеце сыходзіць, зачыніце дзверы – прадзімае.
– Я сыду толькі калі ўсё вам выкажу. Нават не думайце ўтыкаць нос у мае справы! Я ведаю, што міс Стонэр была тут. Я сачыў за ёй! Задзірацца са мной небяспечна! – ён зрабіў некалькі імклівых крокаў, узяў качаргу і сагнуў яе сваімі вялікімі загарэлымі рукамі. – Глядзіце, не патрапце ў мае ціскі! – прарыкаў ён, шпурнуў перакрыўленую качаргу ў камін і выйшаў з пакоя.
– Ну і прыязны спадар! – сказаў, смеючыся, Холмс. – Я, канечне, не такі волат, але калі б ён застаўся яшчэ трошкі, я давёў бы, што мае ціскі не нашмат слабейшыя за ягоныя.
З гэтымі словамі ён падняў сталёвую качаргу і з нечаканай лёгкасцю выпрастаў яе назад.
– Што за нахабства залічыць мяне да супрацоўнікаў вышукной паліцыі! Аднак гэты інцыдэнт надае нашаму расследаванню асаблівую пікантнасць. Спадзяюся толькі, што маладая лэдзі не пацерпіць праз тое, што так неразважліва дазволіла гэтаму дзікуну высачыць сябе. А цяпер, Ўотсан, мы паснедаем, і я адпраўлюся ў калегію юрыстаў, дзе спадзяюся знайсці патрэбныя нам для гэтай справы звесткі.
Холмс вярнуўся дадому дзесьці каля гадзіны дня. У руцэ ён трымаў блакітны аркуш, наспех спісаны нейкімі заўвагамі і лічбамі.
– Я праглядаў тэстамент яго памерлай жонкі, – сказаў ён. – Мне давялося пералічваць цяперашні кошт згаданых там каштоўных папераў, каб як мага дакладней разабрацца ў справе. Агульны прыбытак, які ў момант яе смерці складаў амаль тысячу сто фунтаў стэрлінгаў, скараціўся цяпер у сувязі з падзеннем цэнаў на сельскагаспадарчыя прадукты дзесьці да сямісот пяцідзесяці фунтаў. У выпадку жаніцьбы кожная дачка мае права на прыбытак у дзвесце пяцьдзясят фунтаў, а значыць, калі абедзве дзяўчыны выйдуць замуж, нашаму прыгажуну застаюцца нейкія няшчасныя грашы. Нават адно вяселле пацягне за сабой досыць сур’ёзныя страты. У такім выпадку сённяшні ранак прайшоў недарэмна – я даказаў, што айчым мае ў найвышэйшай ступені важкія прычыны не дапусціць шлюбу хаця б адной з іх. І зацягваць справу цяпер вельмі небяспечна, Ўотсан, асабліва калі ўлічыць, што стары ведае пра нашую цікавасць да яго планаў. Таму, калі вы гатовыя, самы час браць кэб і ехаць на вакзал Ватэрлоа. Буду вам вельмі абавязаны, калі вы схаваеце ў кішэні рэвальвер. Няма сумневу, што ваш «Элей»* – цудоўны аргумент для джэнтльмена, які завязае вузламі сталёвыя качэргі. Рэвальвер і зубная шчотка – думаю, больш нічога не спатрэбіцца.
На вакзале нам пашчасціла адразу ж сесці на цягнік да Лэтэрхэда, дзе ў гатэлі ля самай станцыі мы нанялі двухколку і праехалі чатыры ці пяць міляў маляўнічымі сурэйскімі дарогамі. Дзень быў проста цудоўны: у небе ярка свяціла сонца, якое зусім не хавалі кучаравыя аблокі. Жывая агароджа і дрэвы ўздоўж дарогі пачалі ўжо выпускаць першыя зялёныя атожылкі, а паветра поўнілася прыемным пахам вогкай зямлі. Гэты кантраст паміж салодкім чаканнем вясны і злавеснай справай, якая выклікала нас сюды, здаваўся мне вельмі дзіўным. Мой сябар сядзеў наперадзе, скрыжаваўшы рукі, насунуўшы на самыя вочы капялюш, апусціўшы падбароддзе на грудзі і занурыўшыся ў самыя глыбокія развагі. Аднак раптам ён адкінуў свае думкі, ляпнуў мяне па плячы і паказаў кудысьці ўдалячынь: