– Паглядзіце!
На пакатым схіле раскінуўся густа зарослы парк, пераходзячы на вяршыні пагорка ў самы сапраўдны лес.
Над галлём узвышаліся шэрыя шчыты і стромкі вільчак вельмі старога асабняка.
– Сток-Моран? – спытаў Холмс.
– Ён самы, сэр. Дом доктара Грымсбі Ройлата, – пацвердзіў рамізнік.
– Бачыце, вунь там нешта будуецца, – сказаў Холмс. – Туды нам і трэба.
– Гэта вёска, – сказаў рамізнік, паказваючы на групку дахаў, бачных на пэўнай адлегласці злева. – Але калі вам трэба ў дом, хутчэй за ўсё вы трапіце туды, калі падыміцеся гэтым пералазам, а потым пройдзеце сцяжынкай праз палі. Вунь той, дзе ідзе лэдзі.
– Якую, мабыць, завуць міс Стонэр, – заўважыў Холмс, хаваючы вочы ад сонца. – Так, думаю, мы скарыстаемся вашай парадай.
Мы злезлі, заплацілі за праезд, і двухколка пагрукатала назад у Лэтэрхэд.
– Я падумаў, што будзе някепска, – зазначыў Холмс, калі мы падымаліся пералазам, – калі гэты хлопец падумае, што мы архітэктары ці прыехалі па нейкіх справах. Магчыма, тады ён не будзе пляткарыць. Добры дзень, міс Стонэр. Бачыце, мы трымаем сваё слова!
Нашая ранішняя кліентка паспяшалася нам насустрач. На яе твары была напісаная самая шчырая радасць.
– Я так нецярпліва вас чакала! – усклікнула яна, радасна паціскаючы нам рукі. – Усё павярнулася найлепшым чынам: доктар Ройлат адправіўся ў горад і наўрад ці вернецца сюды раней за вечар.
– Мы ўжо мелі прыемную магчымасць з ім пазнаёміцца, – заўважыў Холмс і ў некалькіх словах абмаляваў нашую з ім сустрэчу.
Слухаючы яго аповед, міс Стонэр збялела:
– Божа мой! – усклікнула яна. – Значыць, ён ішоў за мной!
– Выявілася, што так.
– Ён такі падступны, што я ніколі не адчуваю сябе ў бяспецы. Што ён скажа, калі вернецца?!
– Яму варта асцерагацца, бо яго слядамі можа ісці нехта яшчэ больш падступны, чым ён сам. Гэтай ноччу зачыніцеся ад яго ў сваім пакоі. Калі ён раз’юшыцца, мы адвязем вас да цёткі ў Хараў. Але цяпер трэба як найлепей скарыстаць час, таму ласкава пакажыце нам пакоі, якія трэба агледзець.
Асабняк быў з шэрага, заплямленага лішайнікамі каменю і складаўся з высокай цэнтральнай часткі і падобных да крабавых клюшняў двух паўкруглых флігеляў па абодва бакі ад яе. Вокны аднаго з гэтых флігеляў былі раструшчаныя і забітыя дошкамі, дах месцамі праваліўся – сумная карціна распаду. Цэнтральная частка была амаль у такім жа стане, затое правае крыло выглядала параўнальна новым: гардзіны на вокнах і сіняваты дым, які клубіўся над комінам, сведчылі пра тое, што сям’я жыве менавіта тут. Ля тарцовай сцяны высіліся рыштаванні, каменную кладку часткова разабралі – але не было відаць ніводнага будаўніка. Холмс марудна прайшоўся туды-сюды па заваленай лугавіне і вельмі ўважліва агледзеў вонкавую частку вокнаў.
– Гэта, як я разумею, пакой, у якім вы спалі раней, цэнтральны належаў вашай сястры, а найбліжэйшы да галоўнага будынка – доктару Ройлату?
– Усё правільна. Але цяпер я сплю ў сярэднім пакоі.
– Як я разумею, праз рамонт. Дарэчы, непадобна, каб тарцовая сцяна патрабавала такой пільнай перабудовы.
– Яна і не патрабавала. Думаю, гэта проста нагода выселіць мяне з майго пакоя.
– І гэта наводзіць на пэўныя думкі. Так, уздоўж процілеглай сцяны гэтага вузкага флігеля цягнецца калідор, у які выходзяць усе тры пакоі. У ім жа ёсць вокны?
– Ёсць, але вельмі маленькія. Занадта вузкія, каб залезці ў калідор з двара.
– Калі вы абедзве на ноч замыкаліся, трапіць у вашыя пакоі з калідора было немагчыма. А цяпер зайдзіце, калі ласка, у свой пакоі і зачыніце аканіцы.
Міс Стонэр выканала гэтую просьбу, і Холмс, папярэдне ўважліва агледзеўшы пакой праз адчыненае акно, усімі мажлівымі спосабамі паспрабаваў узламаць замкнёныя аканіцы, але безвынікова. Не было і шчылінкі, каб прасунуць туды нож і падняць засаўку. Потым ён з дапамогай лупы абследаваў завесы, але яны былі з цэльнага жалеза, трывала ўмураванага ў масіўную кладку.
– Хм, – сказаў ён, задуменна пачухваючы падбароддзе, – мая тэорыя і праўда не зусім стасуецца з рэчаіснасцю. Калі аканіцы зачыненыя, трапіць у пакой немагчыма. Што ж, давайце зірнем на пакой з сярэдзіны – можа, гэта пралье на нашую справу святло.
Маленькія бакавыя дзверы вялі ў выбелены калідор, куды выходзілі ўсе тры спальні. Аглядаць трэці пакой Холмс адмовіўся, а таму мы адразу перайшлі да другога, дзе цяпер спала міс Стонэр і дзе памерла яе сястра. Гэта было маленькае ўтульнае памяшканне з нізкай столлю і шырокім камінам – так часта выглядаюць пакойчыкі ў старадаўніх дамах. У адным куце стаяла карычневая камода, у другім – вузкі ложак з белым пакрывалам, а з левага боку ад акна – туалетны столік. Апроч гэтай мэблі ў спальні былі толькі два маленькія плеценыя крэслы, а таксама квадратны ўілтанскі дыван у цэнтры. Уся мэбля, а таксама панэлі на сценах, была з карычневага, паточанага шашалем дубу, такога старога і выцвілага, што абсталяванне цалкам магло быць залічанае ў равеснікі самога будынка. Холмс перасунуў адно з крэслаў у кут, сеў на яго і пачаў маўкліва аглядаць кожную цалю сцяны, зважаючы на ўсе дэталі інтэр’ера.