Выбрать главу

– З кім вас звязвае гэты званок? – урэшце спытаў ён, паказваючы на тоўсты шнурок, які вісеў над ложкам, кутасікам кранаючыся падушкі.

– Ён праведзены ў пакой ахмістрыні.

– Выглядае навейшым, чым іншыя рэчы.

– Так, яго павесілі ўсяго пару гадоў таму.

– Мяркую, на просьбу вашае сястры?

– Не, я ніколі не чула, каб яна ім карысталася. Звычайна мы самі рабілі тое, што нам патрэбна.

– І праўда, такі прыгожы шнурок для званка тут нібыта не да месца. Я мушу затрымаць вас яшчэ на некалькі хвілінаў, бо мая цікаўнасць задаволеная не цалкам – засталося агледзець падлогу.

Стаўшы на карачкі і ткнуўшыся носам у лупу, ён пачаў поўзаць туды-сюды і вывучаць кожную шчылінку паміж маснічынамі. Потым гэтак жа заняўся панэлямі, якімі былі абшытыя сцены. Затым падышоў да ложка, пэўны час аглядаў яго і бегаў вачыма па сцяне з верху да нізу. Урэшце ўзяў у руку шнурок і моцна яго тузануў.

– Ага, званок несапраўдны! – сказаў ён.

– Ён не звоніць?

– Не, ён нават не злучаны з дротам. І гэта вельмі цікава. Зірніце, ён прымацаваны да крука, вунь там, трошкі вышэй за вентыляцыйную адтуліну.

– Бязглуздзіца нейкая… Я ніколі гэтага не заўважала.

– Дзіўна, вельмі дзіўна, – прамармытаў Холмс, зноў тузаючы шнурок. – У гэтым пакоі ёсць некалькі рэчаў, якія здаюцца мне незразумелымі. Вось, напрыклад, якім дурнем быў будаўнік, які вывеў вентыляцыйную адтуліну ў суседні пакой, калі, даўшы сабе роўна столькі ж клопату, мог вывесці яе на двор?!

– Адтуліна таксама з’явілася не так даўно, – прамовіла лэдзі.

– Тады ж, калі і шнурок для званка? – удакладніў Холмс.

– Так, тады пакой трошачкі перарабілі.

– Вельмі цікавыя пераробкі – муляжы шнуркоў, вентылятары, якія не вентылююць. Міс Стонэр, з вашага дазволу мы працягнем росшукі ў наступным пакоі.

Пакой доктара Грымсбі Ройлата быў большым, чым пакоі яго падчарак, але абсталяваны гэтак жа проста. Паходны ложак, невялікая драўляная паліца з кнігамі, збольшага прафесійнага характару, побач з ложкам – фатэль, сціплае драўлянае крэсла ля сцяны, круглы стол і вялікі жалезны сейф – вось і ўсё, што трапіла нам на вочы. Холмс марудна абышоў пакой і з найвялікшай цікавасцю вывучыў усе прадметы – разам і паасобку.

– А што тут? – спытаў ён, пастукаўшы па сейфе.

– Дзелавыя паперы айчыма.

– О, вы туды зазіралі?

– Толькі аднойчы, некалькі гадоў таму. Помню, што ён быў увесь забіты паперамі.

– А ці не сядзіць там, напрыклад, кот?

– Кот? Не! Што за дзіўная ідэя!

– А вы зірніце сюды, – і ён паказаў на маленькі сподачак з малаком, які стаяў на сейфе.

– Не, ката ў нас няма. Але ёсць гепард і павіян.

– Ах, сапраўды! Гепарда, канечне, можна назваць вялікім катом, і ўсё ж сподачак малака наўрад ці задаволіць яго патрэбы. З гэтым пытаннем мне хацелася б разабрацца.

Ён прысеў на кукішкі ля крэсла і пачаў вельмі пільна аглядаць яго сядзенне.

– Цяпер усё праяснілася, – сказаў ён, падняўшыся і схаваўшы лупу ў кішэню. – Гэй, а вось яшчэ нешта цікавае!

Увагу Холмса забраў маленькі сабачы павадок, што вісеў на ложку. На канцы яго была завязаная пятля.

– І што вы пра гэта думаеце, Ўотсан?

– Самы звычайны павадок. Але я не разумею, навошта на ім пятля.

– І ўсё ж не зусім звычайны. Эх, у нашым свеце столькі зла! І найгоршае ў ім – гэта разумныя людзі, якія пачынаюць здзяйсняць злачынствы. Міс Стонэр, думаю, я знайшоў усё, што было патрэбна, а таму з вашага дазволу мы прагуляемся па лугавіне.

Ніколі яшчэ я не бачыў свайго сябра такім змрочным і нахмураным, як у той момант, калі мы пакінулі месца яго даследаванняў. Ён некалькі разоў змераў крокамі лугавіну, і ні я, ні міс Стонэр не парушалі ходу яго развагаў, пакуль ён урэшце не выйшаў з задуменнага стану.

– Цяпер вельмі важна, міс Стонэр, – сказаў ён, – каб вы абсалютна дакладна трымаліся ўсіх маіх парадаў.

– Я зраблю ўсё як вы скажаце.

– Вагацца нельга, бо справа надта сур’ёзная. Ад вашай паслухмянасці залежыць вашае жыццё.

– Я магу вас упэўніць, што выканаю ўсё.

– Па-першае, мы з маім сябрам мусім правесці ў вашым пакоі гэтую ноч.

Мы з міс Стонэр здзіўлена зірнулі на Холмса.

– Так, гэта неабходна. Зараз усё патлумачу. Як я разумею, там, наперадзе, вясковы гатэль?