– Мне трэба заставацца ўбаку?
– Так, ні ў якім разе нічога не рабіце. Верагодна, чакаецца невялікая непрыемнасць. Але не ўмешвайцеся. Скончыцца тым, што мяне аднясуць у дом. Праз чатыры ці пяць хвілінаў пасля гэтага акно гасцёўні адчыніцца. Вам трэба стаць як мага бліжэй да гэтага акна.
– Добра.
– Назірайце за мной – я буду навідавоку.
– Добра.
– І калі я падыму руку – вось так, – вы ўкінеце ў пакой тое, што я вам дам, і ў той жа момант закрычыце «Пажар!» Вы мяне разумееце?
– Цалкам.
– Тут няма нічога небяспечнага, – сказаў ён, выцягваючы з кішэні скрутак у форме цыгары. – Гэта звычайная водаправодная дымавая шашка*, на абодвух баках якой размешчаныя капсулі самазапальвання. Вось і ўся вашая задача. Калі вы закрычыце «Пажар!», ваш крык падхопяць многія людзі. Пасля гэтага вы можаце адбегчы на канец вуліцы, і хвілін праз дзесяць я да вас далучуся. Спадзяюся, вы ўсё зразумелі?
– Я мушу ні ў што не ўмешвацца, стаяць ля акна, сачыць за вамі і, калі ўбачу сігнал, закінуць гэты скрутак, потым падняць трывогу і чакаць вас на рагу.
– Усё правільна.
– Можаце цалкам мне даверыцца.
– Ну і цудоўна. Думаю, самы час узяцца за падрыхтоўку да маёй новай ролі.
Ён знік у спальні і праз некалькі хвілін з’явіўся ў вобразе прыязнага і прастадушнага святара нонканфармісцкай царквы*. Яго шыракаполы чорны капялюш, мехаватыя нагавіцы, белы гальштук, зычлівая ўсмешка і агульны выраз шчырай і дабрадушнай цікаўнасці былі такія цудоўныя, што зраўняцца з ім мог хіба Джон Хэйр*. Але Холмс не проста пераапрануўся. Здавалася, выраз яго твару, манера трымацца, сама душа майго сябра змяняліся з кожнай яго новай роляй. Калі ён вырашыў зрабіцца дэтэктывам, сцэна страціла ў ім вялікага актора, а навука – праніклівага мысляра.
Мы пакінулі Бэйкер-стрыт у шэсць пятнаццаць і калі апынуліся на Серпентайн-авеню, да сямі заставалася яшчэ дзесяць хвілін. Вечарэла, і пакуль мы прагульваліся перад Браяні-Лодж, чакаючы яго жыхарку, запаліліся ліхтары. Дом аказаўся акурат такім, якім я ўявіў яго з кароткага апісання Холмса, аднак раён быў не настолькі зацішным, як я чакаў. Наадварот – для маленькай зацішнай вулкі там тоўпілася занадта шмат народу: група пашарпанага выгляду мужчынаў смяялася і курыла на рагу, тачыльшчык стаяў са сваім колам, два гвардзейцы заляцаліся да маладой нянькі, а некалькі добра апранутых маладых людзей з цыгарамі прагульвалася туды-сюды.
– Разумееце, – зазначыў Холмс, калі мы праходжваліся перад домам, – гэтае вяселле толькі спрашчае справу. Фотаздымак робіцца зброяй, вострай з абодвух бакоў. Цалкам верагодна, што яна не хоча, каб містэр Годфры Нортан убачыў гэты здымак, як наш кліент не хоча, каб ён трапіў на вочы прынцэсе. Перад намі стаіць пытанне, дзе фотаздымак шукаць.
– І праўда, дзе?
– Непадобна, што яна носіць яго пры сабе. Кабінетны фармат занадта вялікі, каб лёгка схаваць яго ў жаночым плацці. Да таго ж Ірэн ведае, што кароль можа адправіць людзей, якія яе падпільнуюць і абшукаюць. Дзве такія спробы ўжо рабіліся. А значыць, мы можам лічыць, што з сабой яна фотаздымак не носіць.
– І дзе тады яна яго трымае?
– У свайго банкіра ці адваката. Абодва варыянты магчымыя, але ў абодвух я сумняюся. Жанчыны ад прыроды скрытныя і любяць атачаць сябе атмасферай таямнічасці. Навошта ёй аддаваць камусьці фотаздымак? Яна можа даверыцца толькі свайму ўласнаму ўменню захоўваць сакрэты, бо не ўпэўненая, ці зможа яе давераная асоба супрацьстаяць якому-небудзь палітычнаму ці іншаму ўплыву. І, дарэчы, успомніце, што яна плануе найбліжэйшымі днямі выкарыстаць здымак. Значыць, ён мусіць быць пад рукой. І значыць, ён ляжыць у яе дома.
– Але яго два разы абшуквалі!
– Ды глупства! Яны не ведалі, як трэба шукаць.
– Але як будзеце шукаць вы?
– Я не буду яго шукаць.
– А што тады?
– Я зраблю так, што яна сама мне яго пакажа.
– Яна адмовіцца.
– Яна не зможа. Але я чую грукат колаў. Гэта яе экіпаж. Цяпер дакладна трымайцеся маіх указанняў.
Пры гэтых словах на павароце паказалася святло бакавых ліхтароў карэты. Прыгожае маленькае ландо шумна падкаціла да дзвярэй Браяні-Лодж. Як толькі яно спынілася, адзін з абадранцаў, што гультаявалі на рагу, падскочыў да дзверцаў, спадзеючыся адчыніць іх і атрымаць за гэта мядзяк, але яго адапхнуў другі абадранец, што акурат падаспеў з тым самым намерам. Успыхнула жорсткая сварка, да якой хутка далучыліся абодва гвардзейцы, што ўзялі бок аднаго з бадзягаў, і тачыльшчык, які з не меншым палам заступіўся за другога. Потым хтосьці кагосьці ўдарыў, і праз імгненне лэдзі, якая выйшла з экіпажа, апынулася ў самым цэнтры бойкі, аточаная распаленымі задзірамі, што люта малацілі адзін аднаго кулакамі і палкамі. Холмс кінуўся ў гэтую бойку, каб абараніць лэдзі, але, дабраўшыся да яе, закрычаў і паваліўся на зямлю з залітым крывёй тварам. Калі ён зваліўся, гвардзейцы кінуліся ў адзін бок, абадранцы – у другі, тым часам як усе астатнія, прыстойна апранутыя людзі, што назіралі за сутычкай не ўмешваючыся, сабраліся вакол лэдзі, каб абараніць яе і дапамагчы параненаму. Ірэн Адлер, як я буду па-ранейшаму называць яе, узбегла па прыступках і цяпер стаяла перад дзвярыма, азіраючы вуліцу. Яе раскошны сілуэт вымалёўваўся на фоне асветленай вітальні.