Калі ён скончыў сваю незвычайную прамову, мы пэўны час сядзелі моўчкі. Потым Шэрлак Холмс зняў з паліцы адзін са сваіх важкіх нататнікаў, у якім захоўваў розныя выразкі.
– Гэтая аб’ява мусіць вас зацікавіць, – сказаў ён. – Яна з’явілася ў прэсе амаль год таму. Паслухайце: «9-га дня гэтага месяца знік містэр Джэрэмая Хэйлінг, 26 гадоў, інжынер-гідраўлік. Ён выйшаў з дому ў дзесяць вечара, і з таго часу яго ніхто не бачыў. Быў апрануты…» – ну і гэтак далей. Вось ён, той мінулы раз, калі палкоўніку спатрэбілася адрамантаваць прэс.
– Божа мой! – усклікнуў мой пацыент. – Цяпер зразумела, што мела на ўвазе тая жанчына!
– Бясспрэчна! Палкоўнік – чалавек відавочна халодны і адчайны – вырашыў, што ў гэтай сціплай гульні ніхто не пяройдзе яму дарогі. Ён як тыя піратыгалаварэзы, што на захопленых караблях нікога не пакідаюць у жывых. Але цяпер кожная хвіліна на вагу золата, а таму, калі ў вас ёсць сілы, мы зараз жа едзем у Скотланд-Ярд, а адтуль – у Айфард.
Гадзіны праз тры мы ўжо сядзелі ў цягніку, які вёз нас з Рэдынга да маленькай беркшырскай вёскі. Нашая кампанія апроч мяне і Шэрлака Холмса ўлучала інжынера-гідраўліка, скотланд-ярдаўскага інспектара Брэдстрыта і следчага ў цывільным. Брэдстрыт расклаў на сядзенні тапаграфічную карту рэгіёна і акурат чарціў цыркулем акружнасць з цэнтрам у Айфардзе.
– Вось яно! – сказаў ён, – Акружнасць мае радыус прыкладна ў дзесяць міляў. Патрэбнае нам месца мусіць ляжаць дзесьці побач з лініяй. Вы сказалі, дзесяць міляў, сэр?
– Так, каля гадзіны хуткай язды.
– Думаеце, яны прывезлі вас назад, калі вы страцілі прытомнасць?
– Мабыць. Мне цьмяна помніцца, што мяне паднялі і некуды неслі.
– Але я ніяк не магу зразумець, – заўважыў я, – чаму яны, знайшоўшы вас у садзе без прытомнасці, проста вас не забілі? Можа, жанчына здолела змякчыць сэрцы нягоднікаў?
– Наўрад ці. Я ніколі ў жыцці не бачыў такога няўмольнага твару.
– Хутка мы ва ўсім разбярэмся, – сказаў Брэдстрыт. – Вось мая акружнасць, і адзінае, што нам засталося, – гэта зразумець, у якой яе частцы шукаць патрэбных нам людзей.
– Думаю, я ведаю, у якой, – ціха адказаў Холмс.
– Што, праўда? – усклікнуў інспектар. – У вас ужо ёсць свая гіпотэза? Ну што ж, паглядзім, хто яе падтрымае. Думаю, нам трэба на поўдзень, мясцовасць там больш закінутая.
– Я б сказаў, хутчэй на ўсход, – адгукнуўся мой пацыент.
– Я – за захад, – адзначыўся следчы ў цывільным. – Там ёсць некалькі зацішных вёсачак.
– А я – за поўнач, бо там няма ўзгоркаў, а наш сябар не заўважыў, каб дарога дзесьці ішла ўгару, – заўважыў я.
– Што ж! – засмяяўся інспектар. – Якая цудоўная разнастайнасць – усе бакі свету! І каму, містэр Холмс, вы аддасце свой вырашальны голас?
– Вы ўсе памыляецеся.
– Але гэта немагчыма!
– Магчыма. А вось і мая гіпотэза, – з гэтым словамі Холмс торкнуў пальцам у самы цэнтр акружнасці. – Мы знойдзем іх тут.
– А як жа дарога ў дванаццаць міляў? – у Хэтэрлі ледзь не заняло дых.
– Шэсць у адзін бок і шэсць – у адваротны. Няма нічога прасцейшага. Вы сказалі, што, калі сядалі ў экіпаж, конь быў свежы і ільсністы. Як гэта магло быць, калі ён пераадолеў дванаццаць міляў кепскай дарогі?
– І праўда, хітры ход, – задуменна заўважыў Брэдстрыт. – Справы гэтай хеўры сумневаў, канечне ж, не выклікаюць.
– Безумоўна, – пагадзіўся Холмс. – Гэта фальшываманетчыкі высокага палёту, якія з дапамогай прэса чаканілі амальгаму, замяняючы ёй срэбра.
– Ужо некаторы час мы здагадваемся пра існаванне нейкай такой вынаходлівай хеўры, – сказаў інспектар, – якая тысячамі выпускае паўкроны. Мы высачылі іх да самага Рэдынга, але далей след згубіўся, бо яны, людзі бывалыя, па-майстэрску яго заблыталі. Але цяпер, дзякуючы шчасліваму выпадку, думаю, яны ў нашых руках.
Але інспектар памыляўся: у рукі правасуддзя злачынцам трапіць не давялося. Пад’ехаўшы да станцыі ў Айфардзе, мы ўбачылі велізарны слуп дыму, які падымаўся над невялікай купкай дрэваў побач і вісеў над зямлёй, быццам агромністае пяро страуса.
– Што гарыць? Дом? – спытаў Брэдстрыт, калі цягнік, пыхаючы парай, адправіўся далей.
– Ён самы, сэр! – адказаў начальнік станцыі.
– Калі пачаўся пажар?
– Кажуць, уначы, сэр, але з таго часу полымя разышлося і ахапіла ўвесь будынак.
– Каму належыць дом?
– Доктару Бехеру.
– Скажыце, – умяшаўся інжынер, – доктар Бехер – гэта худы немец з доўгім вострым носам?