– Нешта яшчэ? – пазяхаючы, спытаў Холмс.
– О так, яшчэ шмат чаго. Вось яшчэ нататка ў «Монінг пост», дзе вядзецца аб тым, што вяселле будзе абсалютна спакойнае і адбудзецца ў царкве св. Георгія на плошчы Гановер, што запрошаныя толькі паўтузіна самых блізкіх сяброў і што святкаванне адбудзецца ў мэбляваных пакоях у Ланкастэр-гейт, якія наняў Алаізій Доран. Праз два дні – то бок у гэтую сераду – прыводзіцца кароткае паведамленне, што вяселле адбылося і што мядовы месяц пройдзе ў доме лорда Бэкуотэра, каля Петэрсфілда. Вось і ўсе звесткі, што былі да знікнення нявесты.
– Да чаго? – падскочыўшы, спытаў Холмс.
– Да таго як нявеста прапала.
– А калі яна прапала?
– За вясельным абедам.
– Вось яно як. Тады гэта яшчэ цікавей, чым я думаў. Насамрэч вельмі драматычна.
– Так, гэта здалося мне надзвычайным.
– Яны часта знікаюць да пачатку цырымоніі, а калі-нікалі і падчас мядовага месяца, але я не прыгадваю ніводнага такога раптоўнага знікнення, як гэтае. Прашу вас, раскажыце мне яшчэ якія-небудзь падрабязнасці.
– Але я папярэджваю, што звесткі вельмі няпоўныя.
– Можа быць, нам удасца неяк іх напоўніць.
– Тое, што вядома, выкладзенае ў адным артыкуле ўчорашняй ранішняй газеты, я прачытаю вам яго цалкам. Ён называецца «Незвычайны выпадак на велікасвецкім вяселлі».
Сям’ю лорда Роберта СэнтСаймана напаткала няшчасце ў сувязі з дзіўнымі і непрыемнымі эпізодамі вяселля. Цырымонія, як у некалькіх словах згадалі ва ўчорашніх газетах, адбылася напярэдадні раніцай, але толькі цяпер з’явілася магчымасць пацвердзіць неверагодныя чуткі, якія так упарта трымаліся на слыху. Нягледзячы на спробы сяброў замяць справу, ёй надавалася значная публічная ўвага, і цяпер няма сэнсу хаваць тое, што шырока абмяркоўваецца ў грамадстве.
Цырымонія, якая адбылася ў царкве св. Георгія на плошчы Гановер, была вельмі ціхай, не запрасілі нікога, апрача бацькі нявесты Алаізія Дорана, герцагіні Балмаралскай, лорда Бэкуотэра, лорда Юстаса і лэдзі Клары СэнтСайман (малодшых брата і сястры жаніха) і лэдзі Алісіі Ўітынгтан. Святкаванне працягвалася потым у доме Алаізія Дорана, у Ланкастэргейт, дзе іх чакаў абед. Паводле звестак, узніклі нейкія непаразуменні ў сувязі з невядомай жанчынай (імя высвятляецца), якая спрабавала сілай трапіць у дом пасля шлюбнай цырымоніі, сцвярджаючы, што ў яе ёсць нейкая справа да лорда СэнтСаймана. І толькі пасля доўгай непрыемнай сцэны яе выставілі дварэцкі і лёкай. Нявеста, якая, на шчасце, увайшла ў дом да гэтага незапланаванага візіту, села за стол разам з астатнімі, але неўзабаве паскардзілася, што крыху нядобра пачуваецца, і пайшла да сябе ў пакой. Яе доўгая адсутнасць выклікала размовы, і бацька рушыў па дачку, але даведаўся ад яе служанкі, што яна толькі на хвілю паднялася да сябе, надзела паліто і капялюш і паспяшалася ўніз да выхаду. Адзін з лёкаяў заявіў, што ён бачыў, як нейкая лэдзі выходзіла з хаты, апранутая як апісвала служанка, але ён адмовіўся прызнаць, што гэта была яго гаспадыня, бо быў упэўнены, што яна сядзіць разам з усімі за сталом. Пераканаўшыся, што ягоная дачка знікла, Алаізій Доран разам з жаніхом адразу ж звярнуліся ў паліцыю, пачаліся вельмі энергічныя пошукі, якія, імаверна, у хуткім часе прывядуць да раскрыцця гэтай надзвычайнай справы. Аднак да сённяшняга дня месцазнаходжанне зніклай лэдзі не высветленае. Ходзяць чуткі, што вялася нейкая брудная гульня. Была арыштаваная жанчына, якая пранікла ў дом. На думку паліцыі, яна хутчэй за ўсё зрабіла гэта ад рэўнасці і, магчыма, мае дачыненне да знікнення нявесты.
– І гэта ўсё?
– Ёсць яшчэ пара словаў у іншай ранішняй газеце, можа быць, яна вам чымсьці дапаможа.
– І што там?
– Міс Флора Мілер, якая спрабавала пранікнуць у дом, насамрэч была арыштаваная. Падобна да таго, што раней яна была танцоркай у «Алегра» і некалькі гадоў была знаёмая з жаніхом. Больш ніякіх звестак няма, і цяпер уся справа ў вашых руках – вам вядома ўсё, пра што пісалі газеты.