– Здаецца, гэта надзвычай цікавы выпадак. Я ні за што на свеце не прапушчу такое. Але нехта звоніць у дзверы, Ўотсан, і гадзіннік паказвае акурат пачатак пятай гадзіны, не сумняюся, што гэта наш высакародны кліент. Нават не думайце сыходзіць, я б вельмі хацеў мець сведку нашай размовы, хаця б на той выпадак, калі нешта забуду.
– Лорд Роберт Сэнт-Сайман, – абвясціў наш хлопчык-слуга, расчыняючы дзверы.
У пакой увайшоў бледны джэнтльмен з прыемнымі, вытанчанымі рысамі твару, з вялікім носам, ганарліва сціснутымі вуснамі і цвёрдым, адкрытым позіркам чалавека, які любіць загадваць і любіць, каб ягоныя загады выконвалі. Яго рухі былі рэзкімі, і ўсё ж агульны выгляд рабіў уражанне, што ён старэйшы за свой узрост, – ён быў крыху сутулы і дзіўнавата згінаў калені пры хадзьбе. Калі ён зняў капялюш з загнутымі брылямі, выявілася, што валасы ўжо сіваватыя, а на макаўцы пачалі радзець. Апрануты ён быў вельмі ахайна, на мяжы з форсам – высокі каўнер, чорны фрак, белая камізэлька, жоўтыя пальчаткі, лакаваныя пантофлі і светлыя гетры. Ён павольна зайшоў у пакой, азірнуўся вакол, круцячы ў правай руцэ ланцужок ад сваіх залатых акуляраў.
– Добры дзень, містэр Сэнт-Сайман, – устаў і пакланіўся госцю Холмс. – Калі ласка, сядайце. Гэта мой сябар і калега доктар Ўотсан. Пасоўвайцеся бліжэй да агню, пагаворым пра вашую справу.
– Гэта надзвычай балючае пытанне для мяне, як вы можаце лёгка зразумець, містэр Холмс. Мяне закранулі за жывое. Думаю, вы ўжо сутыкаліся з такімі выпадкамі, хоць, мяркую, наўрад ці вашыя кліенты былі з таго ж класу, што і я.
– Сапраўды, для мяне гэта прыступка ўніз.
– Прабачце?
– Маім апошнім кліентам быў кароль.
– Праўда? Я нават не думаў… А які кароль?
– Скандынаўскі.
– Што?! Яго жонка знікла?
– Вы, безумоўна, разумееце, – ветліва сказаў Холмс, – што справы маіх кліентаў – таямніца, такая ж, якую я абяцаю і вам.
– Так, вядома, гэта вельмі слушна! Вельмі слушна! Я прашу прабачэння. Што да маёй уласнай справы, то я гатовы даць любую інфармацыю, якая дапаможа вам у гэтым пытанні.
– Дзякуй. Я ўжо даведаўся ўсё, што можна даведацца з газет, больш мне нічога не вядома. Я мяркую, гэтым артыкулам можна давяраць? Напрыклад, дзе вядзецца пра знікненне нявесты.
Лорд Сэнт-Сайман хуценька прагледзеў нататку.
– Так, усё правільна, прыблізна так і было.
– Але патрэбна больш звестак, перш чым я прыйду да нейкай высновы. Думаю, я мог бы задаваць вам пытанні, а вы забяспечылі б мяне неабходнымі фактамі.
– Калі ласка.
– Калі вы пазнаёміліся з міс Хэці Доран?
– Летась, у Сан-Францыска.
– Вы падарожнічалі ў Штаты?
– Так.
– І там вы заручыліся?
– Не.
– Але пазнаёміліся?
– Мне падабалася яе таварыства, і яна гэта бачыла.
– Яе бацька вельмі заможны?
– Яго лічаць самым заможным чалавекам на Ціхаакіянскім узбярэжжы.
– А як ён зарабіў свае грошы?
– На залатых капальнях. Некалькі гадоў таму ў яго не было нічога. Але ён натрапіў на золата, інвеставаў туды, і капітал хутка ўзляцеў угару.
– А як бы вы апісалі характар маладой лэдзі… вашай жонкі?
Лорд яшчэ больш нервова пачаў церабіць акуляры, узіраючыся ў агонь.
– Ведаеце, містэр Холмс, – сказаў ён, – калі бацька маёй жонкі разбагацеў, ёй было дваццаць. А да гэтага яна вольна бегала па капальнях і блукала па лесе або ў гарах – яна хутчэй вучылася ў прыроды, чым у настаўніка. Такіх, як яна, мы ў Англіі называем гарэзамі – з цвёрдым характарам, шалёная і свабодная, не скаваная ніякімі традыцыямі. Яна гарачая… я сказаў бы нават – жарсная. Яна хутка прымае рашэнні і бясстрашна дзейнічае. З іншага боку, я не даў бы ёй імя, якое маю гонар насіць, – дадаў ён, крыху ганарліва адкашляўшыся, – калі б не лічыў яе глыбока высакароднай жанчынай. Я мяркую, што яна здольная на гераічную самаахвярнасць і ёй агідная любая подласць.
– У вас ёсць яе фотаздымак?
– Так, я ўзяў з сабой вось гэта.
Ён адкрыў медальён і паказаў нам вельмі прыгожы жаночы твар. Гэта быў не фотаздымак, а мініяцюра са слановай косці. Мастак эфектна перадаў на ёй бліскучыя чорныя валасы, вялікія карыя вочы і вытанчаныя вусны. Холмс доўга і ўважліва глядзеў на партрэт, пасля закрыў медальён і вярнуў яго лорду Сэнт-Сайману.
– Значыць, юная лэдзі прыехала ў Лондан, і вы працягнулі знаёмства?
– Так, яна прыехала з бацькам у Лондан у гэтым сезоне. Мы некалькі разоў сустракаліся, пасля заручыліся і цяпер ажаніліся.