– Я так разумею, ёй далі добры пасаг?
– Прыстойны. Не большы, чым гэта прынята ў нашай сям’і.
– І, вядома, ён застанецца ў вас, бо вяселле ўжо адбылося?
– Я абсалютна не цікавіўся гэтым пытаннем.
– Вядома, не цікавіліся. Вы бачылі міс Доран напярэдадні вяселля?
– Бачыў.
– Яна была ў добрым настроі?
– Яна была ў цудоўным настроі. Усё гаварыла пра нашую будучыню.
– Праўда? Вельмі цікава. А ўранку перад вяселлем?
– Яна проста зіхацела шчасцем… прынамсі, да заканчэння цырымоніі.
– Пасля цырымоніі вы заўважылі нейкія змены?
– Ну, шчыра кажучы, тады я ўпершыню заўважыў нейкую рэзкасць яе характару. Аднак інцыдэнт быў такі нязначны, што не варта і згадваць.
– Калі ласка, згадайце ўсё ж.
– О, гэта проста дробязь. Калі мы ішлі з ёй да алтара, яна выпусціла з рук букет. Яна тады акурат праходзіла пярэднюю лаву, і букет упаў туды. Яна на імгненне збянтэжылася, але джэнтльмен, што сядзеў на той лаве, падаў ёй букет – ён зусім не сапсаваўся ад падзення. Калі я загаварыў з ёй пра гэты выпадак, яна адказала мне даволі рэзка, а калі мы вярталіся дадому ў экіпажы, то здавалася недарэчна ўсхваляванай гэтай дробяззю.
– Праўда? Вы кажаце, што на лаве сядзеў нейкі джэнтльмен. Значыць, на вяселлі былі староннія людзі?
– Канечне, царква ж была адчыненая.
– Гэта не быў прыяцель вашай жонкі?
– Не-не, я ветліва называю яго джэнтльменам, але гэта быў зусім звычайны чалавек. Я нават не запомніў яго аблічча. Але, баюся, мы далёка адышлі ад тэмы.
– Значыць, лэдзі Сэнт-Сайман пасля вяселля была не ў гуморы. І што яна зрабіла, вярнуўшыся ў бацькаў дом?
– Я бачыў, як яна размаўляла са сваёй пакаёўкай.
– А хто яе пакаёўка?
– Яе завуць Эліс. Яна амерыканка, разам з ёй прыехала з Каліфорніі.
– Лэдзі ёй давярае?
– Я б сказаў, нават залішне. Мне здавалася, яе гаспадыня дае ёй зашмат свабоды. Але, вядома, яны ў Амерыцы глядзяць на такое крыху інакш.
– Як доўга яна размаўляла з гэтай Эліс?
– Усяго пару хвілін. Я быў тады надта заняты, каб звяртаць на гэта ўвагу.
– Вы выпадкам не чулі, пра што яны размаўлялі?
– Лэдзі Сэнт-Сайман казала нешта накшталт «дзялка» і «прысабечыць». Яна часта ўжывае такія жаргонныя словы. Я абсалютна не ўяўляю, што гэта значыць.
– Часам амерыканскі жаргон вельмі экспрэсіўны. А што рабіла вашая жонка пасля размовы з пакаёўкай?
– Яна спусцілася ў сталовы пакой.
– Пад руку з вамі?
– Не, адна. Яна надта незалежная ў такіх дробязях. Пасля таго як усе расселіся, хвілін праз дзесяць, яна раптоўна ўстала, неяк невыразна папрасіла прабачэння і выйшла з пакоя. І больш не вярнулася.
– Але яе пакаёўка Эліс, як я разумею, сцвярджае, што яна зайшла ў свой пакой, надзела на вясельную сукенку доўгае, свабоднае паліто, надзела капялюш і выйшла.
– Менавіта так. І пазней яе бачылі ў Гайд-парку ў кампаніі Флоры Мілер, якая цяпер знаходзіцца пад вартай, бо спрабавала пранікнуць сёння зранку ў дом містэра Доран.
– А, я хацеў бы яшчэ ведаць пра гэтую юную лэдзі і вашыя з ёй стасункі.
Лорд Сэнт-Сайман паціснуў плячыма і прыўзняў бровы.
– Некалькі гадоў мы з ёй былі сябрамі… я б сказаў, нават блізкімі сябрамі. Раней яна працавала ў «Алегра». Я паводзіўся з ёй як належыць, і ў яе не было прычын скардзіцца на мяне, але ж вы ведаеце жанчын, містэр Холмс. Флора – чароўная дзяўчына, але яна надзвычай горача і аддана была закаханая ў мяне. Пачуўшы, што я збіраюся ажаніцца, яна пісала мне жудасныя лісты, і, шчыра кажучы, вяселле таму і святкавалася так ціха, бо я баяўся, што ў царкве можа здарыцца скандал. Яна прыехала да дома містэра Дорана, як толькі мы вярнуліся, і спрабавала пранікнуць туды, выкрыкваючы вельмі абразлівыя словы на адрас маёй жонкі і нават пагражаючы ёй, але я прадбачыў, што можа здарыцца нешта такое, і запрасіў двух паліцэйскіх у цывільным, якія вывелі яе. І калі яна зразумела, што гвалтам тут не дапаможаш, то супакоілася.
– Вашая жонка чула гэта ўсё?
– Не, на шчасце, не чула.
– А пасля яе бачылі разам з гэтай самай жанчынай?
– Так. Містэр Лестрад са Скотланд-Ярда ўспрымае гэта надта сур’ёзна. Паліцыя мяркуе, што Флора завабіла маю жонку ў нейкую жудасную пастку.
– Ну, гэта імаверна.
– Вы таксама так думаеце?
– Я сказаў, што гэта імаверна, але не сказаў, што верагодна. Аднак вы нібыта самі ў гэта не верыце.
– Я ўпэўнены, што Флора і камара не скрыўдзіць.
– Тым не менш рэўнасць можа змяніць характар чалавека да непазнавальнасці. Скажыце, калі ласка, што асабіста вы думаеце на гэты конт? Што здарылася?
– Ну, насамрэч я прыйшоў да вас, каб знайсці рашэнне, а не прапаноўваць сваё. Я расказаў вам усё, што ведаю. Аднак калі вы пытаецеся, магу сказаць вось што: магчыма, узбуджэнне ад гэтай падзеі, усведамленне таго, што яна робіць вялізны крок па сацыяльнай лесвіцы, магло выклікаць у маёй жонкі невялікі нервовы разлад.