Выбрать главу

– Бедны джэнтльмен моцна пацярпеў?

– Ён мёртвы, – адказала некалькі галасоў.

– Не, не, ён яшчэ жывы! – запярэчыў іншы. – Але памрэ яшчэ да таго, як вы адвезяце яго ў лякарню.

– А ён мужны чалавек, – сказала нейкая жанчына. – Калі б не ён, у лэдзі адабралі б кашалёк і гадзіннік.

Гэта сапраўдная хеўра і да таго ж вельмі жорсткая. Ах, ён пачаў дыхаць!

– Ён не можа так ляжаць на вуліцы. Можна занесці яго ў ваш дом, мадам?

– Канечне. Пакладзіце яго ў гасцёўні. Там вельмі зручная сафа. Калі ласка, сюды.

Марудна і ўрачыста Холмса занеслі ў Браяні-Лодж і паклалі ў гасцёўні. Я тым часам назіраў за ім са свайго паста ля акна. Запаліліся лямпы, але гардзіны яшчэ не былі апушчаныя, таму я цудоўна бачыў Холмса, які ляжаў на канапе. Не ведаю, ці мучыла яго ў той момант сумленне за адыграную ролю, але мне ніколі ў жыцці не было яшчэ так сорамна, як у хвіліны, калі я назіраў за прыўкрасным стварэннем, якому мы ладзілі пастку і якое з такой далікатнасцю і дабрынёй даглядала параненага. Але кінуць справу, давераную мне Холмсам, было б найчарнейшай здрадай. А таму я загартаваў сэрца і дастаў з-пад ольстэра* дымавую ракету. «Самае важнае, – думаў я, – гэта тое, што ёй самой нічога не пагражае. Мы проста перашкодзім ёй пагражаць іншаму чалавеку».

Холмс сеў на канапе, і я ўбачыў, што ён пачаў рабіць сутаргавыя рухі – як чалавек, якому не хапае паветра. Служанка кінулася да акна і расчыніла яго. У тое ж імгненне я заўважыў, што ён падняў руку, і з крыкам «Пажар!» закінуў ракету ў пакой. Ледзь паспела гэтае слова вылецець з майго рота, як увесь натоўп гледачоў – апранутых добра і дрэнна, джэнтльменаў, конюхаў і служанак – падхапіў мой крык. У пакоі клубіўся густы дым і вырываўся праз адчыненае акно. Мімаходзь я заўважыў фігуры, што насіліся ў пакоі, і праз імгненне пачуў голас Холмса, які ўпэўніваў, што трывога была беспадстаўнай. Праслізнуўшы праз натоўп, які ніяк не супакойваўся, я скіраваўся да рога, праз дзесяць хвілін радасна адчуў поціск рукі майго сябра і з палёгкай пакінуў разам з ім месца бурных падзеяў. Некалькі хвілін Холмс ішоў паспешліва і маўкліва, пакуль мы не завярнулі на адну са спакойных вулак, што вяла на Эджвер-роўд.

– Вы цудоўна справіліся, доктар, – зазначыў Холмс. – Лепшага нельга і жадаць. Усё прайшло проста цудоўна.

– Фотаздымак у вас?

– Я ведаю, дзе ён.

– Як вы пра гэта даведаліся?

– Як я і чакаў, яна сама мне паказала.

– Я ўсё яшчэ нічога не разумею.

– Я не збіраюся рабіць з гэтага таямніцы, – сказаў Холмс смеючыся. – Усё вельмі проста. Вы, безумоўна, зразумелі, што ўсе людзі на вуліцы былі маімі хаўруснікамі. Усіх іх я наняў на гэты вечар.

– Так я і думаў.

– Калі завязалася бойка, я трымаў у далоні напагатове трошкі вільготнай чырвонай фарбы. Кінуўшыся ў натоўп і зваліўшыся на зямлю, я выпацкаў фарбай твар, каб выглядаць пацярпелым. Такі вось стары хітрык.

– Я здагадаўся.

– Мяне занеслі ў дом. Яна была вымушаная дазволіць гэта. Што ёй яшчэ заставалася? Прычым занеслі менавіта ў гасцёўню, самы падазроны, як на мяне, пакой. Я вагаўся паміж гасцёўняй і спальняй і вырашыў дакладна разабрацца. Мяне паклалі на канапу, я зрабіў выгляд, што задыхаюся, прымусіўшы іх тым самым адчыніць акно і даць вам мажлівасць выканаць заданне.

– І як гэта дапамагло вам?

– Гэта ўсё і вырашыла. Калі жанчына думае, што яе дом загарэўся, яна інстынктыўна кідаецца да самай дарагой для яе рэчы. Гэты парыў неадольны, і я не раз ім карыстаўся. Ён дапамог мне ў звязаным з падменаю дарлінгтанскім скандале, а таксама ў справе з арнсварцкім замкам. Замужняя жанчына ратуе дзіця, незамужняя – куфэрак з каштоўнасцямі. Зразумела, што на сённяшні дзень для нашай лэдзі ў доме няма нічога даражэйшага, чым тое, што мы шукаем. Яна кінулася ратаваць фотаздымак. Пажарная трывога была проста выдатная. Дыму і крыкаў хапіла, каб пахіснуць нават яе сталёвыя нервы. Адрэагавала яна проста цудоўна. Фотаздымак схаваны ў патайніку за высоўнай панэллю над правым шнурком для званка. Яна ўміг падскочыла да яго, і я паспеў заўважыць, як яна напалову выцягнула сваю каштоўнасць. Калі я закрычаў, што трывога была беспадстаўнай, яна вярнула фотаздымак на месца, зірнула на шашку, выскачыла з пакоя і больш не з’яўлялася. Я падняўся і, выбачаючыся, пакінуў дом. Я вагаўся, ці не паспрабаваць адразу ж забраць фотаздымак, але ў пакой зайшоў фурман. Ён так пільна ўзіраўся ў мяне, што бяспечней было пачакаць. Празмерная паспешлівасць можа ўсё сапсаваць.