Выбрать главу

– Доказы дачынення Флоры Мілер да знікнення.

– Баюся, гэта будзе даволі складана.

– Ах вось чаго вы баіцеся! – раздражнёна ўскрыкнуў Лестрад. – А я баюся, Холмс, што не вельмі вам дапамагаюць усе вашыя дэдукцыі і высновы. Вы толькі што двойчы памыліліся! Гэтая сукенка сапраўды сведчыць пра датычнасць міс Флоры Мілер!

– І якім чынам?

– У сукенцы ёсць кішэня. У кішэні ёсць візітоўніца. У візітоўніцы ёсць запіска. Вось яна, – ён пляснуў яе на стол перад Холмсам. – Паслухайце: «Убачымся, калі ўсё будзе гатова. Прыходзьце адразу ж. Ф. Х. М.» З самага пачатку ў мяне была тэорыя, што Флора Мілер завабіла бедную лэдзі Сэнт-Сайман, і менавіта яна з суўдзельнікамі адказная за яе знікненне. Вось, падпісана яе ініцыяламі, і менавіта гэтая запіска праслізнула ў яе руку на ўваходзе і выцягнула яе з дома.

– Вельмі добра, Лестрад, – са смехам сказаў Холмс. – Сапраўды, вы цудоўны чалавек. Дайце мне паглядзець, – ён вяла ўзяў паперку, але раптам нешта прыцягнула яго ўвагу, і ён ажно ўскрыкнуў ад задавальнення. – Гэта сапраўды важна, – прамовіў ён.

– Ха! Вы так думаеце?

– Я ўпэўнены. Шчыра вас віншую.

Лестрад, здавалася, нават стаў вышэйшым ад свайго трыумфу і схіліў галаву, каб паглядзець на Холмса, як раптам закрычаў:

– Вы не туды гледзіце! Навошта вам адваротны бок?

– Наадварот, я гляджу туды.

– Туды? Вы звар’яцелі. Вось тут запіска, напісаная алоўкам.

– А вось тут кавалак рахунка за гатэль, які надта мяне зацікавіў.

– Тут нічога цікавага. Я ўжо бачыў яго, – сказаў Лестрад. – «4 кастрычніка, пакой – 8 шылінгаў, сняданак – 2 шылінгі і 6 пенсаў, кактэйль – 1 шылінг, ланч – 2 шылінгі і 6 пенсаў, херас, 1 келіх – 8 пенсаў». Я тут нічога не бачу.

– Ахвотна веру, што не бачыце. Тым не менш гэта самае істотнае. Што да запіскі, то гэта таксама важна, прынамсі ініцыялы, таму віншую вас яшчэ раз.

– Я ўжо змарнаваў тут шмат часу, – сказаў Лестрад устаючы. – Я веру ў цяжкую працу, а не ў выседжванне ля вогнішча і вылоўліванне цікавых тэорый. Усяго добрага, містэр Холмс, і мы яшчэ ўбачым, хто першым дабярэцца да ісціны.

Ён сабраў прынесеныя рэчы, сунуў іх у торбу і скіраваўся да дзвярэй.

– Зраблю вам усяго адну падказку, Лестрад, – няспешна прамовіў Холмс, калі яго супернік ужо амаль знік. – Я раскрыю вам сапраўдную развязку гэтага пытання. Лэдзі Сэнт-Сайман – гэта міф. Няма і ніколі не было такога чалавека.

Лестрад сумна паглядзеў на майго прыяцеля. Затым павярнуўся да мяне, тройчы пастукаў сябе па лобе, урачыста пахітаў галавой і паспяшаўся прэч.

Не паспеў ён зачыніць за сабой дзверы, як Холмс устаў і надзеў паліто.

– А нешта ёсць у тым, каб папрацаваць на свежым паветры, як раіў наш калега, – заўважыў ён, – так што я думаю, Ўотсан, мне давядзецца пакінуць вас сам-насам з вашымі паперамі.

Шэрлак Холмс сышоў а пятай, але ў мяне не было часу пабыць на самоце, бо не прайшло і гадзіны, як два нейкія чалавекі – мужчына з маладзейшым хлопцам – з кандытарскай прынеслі агромністую пляскатую каробку. Яе распакавалі, і тады, на маё вялікае здзіўленне, на нашым сціплым стале ў здымных пакоях з’явілася даволі эпікурэйская халодная вячэра. Там была пара халодных вальдшнэпаў, фазан, пірог з фуа-гра і некалькі старых, зарослых павуціннем бутэлек. Выклаўшы ўсю гэтую раскошу на стол, два мае візіцёры зніклі, як джын з «Тысячы і адной ночы», нічога не патлумачыўшы і зазначыўшы толькі, што ўсё прынесенае было аплачанае і замоўленае на гэты адрас.

Амаль а дзявятай гадзіне Шэрлак Холмс жвава ўвайшоў у пакой. Цяжка было зразумець, што напісана ў яго на твары, але ў вачах быў агеньчык, які засведчыў, што ён не расчараваўся ў сваіх высновах.

– Стол накрыты, выдатна, – сказаў ён, паціраючы рукі.

– Здаецца, вы чакаеце гасцей. Тут сабрана на пяцярых.

– Так, я думаю, у нас будзе кампанія, – сказаў ён. – Я здзіўлены, што лорд Сэнт-Сайман яшчэ не прыехаў. Ха! Здаецца, я чую ягоныя крокі на лесвіцы.

Гэта сапраўды быў наш абедзенны госць – ён увайшоў яшчэ больш неспакойна, яшчэ больш энергічна цярэбячы свой ланцужок ад акуляраў, з выразам моцнага абурэння на арыстакратычным твары.

– Значыць, вы атрымалі маё паведамленне? – спытаў Холмс.

– Атрымаў і прызнаюся, што яго змест уразіў мяне звыш усялякай меры. Ці ёсць у вас неабвержныя доказы, каб казаць такое?

– У мяне ёсць найлепшыя доказы.

Лорд Сэнт-Сайман апусціўся на крэсла і пацёр рукой лоб.

– Што скажа герцаг, – прамармытаў ён, – калі даведаецца, што член яго сям’і быў так зняважаны?

– Гэта чыстая выпадковасць. Я не магу згадзіцца з вамі, што гэта знявага.

– О, вы гледзіце на гэта зусім з іншага ракурсу.