– Я зусім не бачу тут нічыёй віны. Я не ўяўляю, як гэтая лэдзі магла дзейнічаць інакш, хаця зрабіла яна гэта, вядома, надта імкліва. Аднак у яе няма маці, ёй не было з кім параіцца ў такой складанай сітуацыі.
– Гэта знявага, сэр, публічная знявага, – сказаў лорд Сэнт-Сайман, барабанячы пальцамі па стале.
– Але ж вы мусіце разумець, што бедная дзяўчына апынулася ў надзвычайнай сітуацыі.
– Я нічога не збіраюся разумець. Я сапраўды вельмі абураны, мяне ганебна выкарысталі.
– Здаецца, нехта звоніць, – сказаў Холмс. – Так, я чую чыесьці крокі на лесвіцы. Калі я не змог упэўніць вас паставіцца да гэтай справы больш паблажліва, я паклікаў адваката, якому, магчыма, больш пашчасціць, – ён адчыніў дзверы і запрасіў у пакой лэдзі і джэнтльмена. – Лорд Сэнт-Сайман, – працягнуў ён, – дазвольце мне прадставіць вам містэра і місіс Фрэнсіс Хэй Моўлтан. Здаецца, з дамай вы ўжо знаёмыя.
Убачыўшы новых гасцей, наш кліент ускочыў з месца, годна выпрастаўся, апусціў вочы і засунуў руку пад бартавіну сурдута, дэманструючы сабой узор патаптанай годнасці. Лэдзі зрабіла таропкі крок наперад і падала яму руку, але ён усё яшчэ адмаўляўся падняць на яе вочы. І гэта было правільна, раз ён вырашыў заставацца цвёрдым: магчыма, убачыўшы яе ўмольны позірк, не кожны здолеў бы супраціўляцца.
– Вы злуяцеся, Роберт, – сказала яна. – Сапраўды, я разумею, у вас ёсць прычына злаваць.
– Прашу вас, не трэба апраўданняў, – з горыччу вымавіў лорд Сэнт-Сайман.
– Я ведаю, я сапраўды абышлася з вамі кепска, я павінная была паразмаўляць з вамі перад тым як сысці. Але я была як не свая і з таго часу, як зноў пабачыла Фрэнка, проста не ведала, што рабіць і што сказаць. Яшчэ дзіўлюся, як я не самлела перад алтаром.
– Магчыма, місіс Моўлтан, вы б хацелі, каб мы з маім прыяцелем выйшлі з пакоя, пакуль вы будзеце размаўляць?
– Калі я магу ўзяць слова, – адгукнуўся невядомы джэнтльмен, – я б сказаў, што мы зрабілі з гэтага надта вялікую таямніцу. Што датычыць мяне, я б хацеў, каб уся Еўропа і Амерыка пачулі праўду.
Гэта быў невысокі, жылаваты, жвавы, чыста паголены чалавек з рэзкімі рысамі загарэлага твару.
– Тады я зараз жа раскажу нашую гісторыю, – сказала лэдзі. – Мы з Фрэнкам пазнаёміліся ў 84-м годзе на капальні Мак-Куайра, каля Скалістых гор, дзе тата распрацоўваў дзялку. Мы заручыліся, Фрэнк і я. Але аднойчы бацька напаў на залатую жылу і добра так разжыўся, у той час як Фрэнкава дзялка ўсё марнела і ўрэшце сышла на нішто. Чым багацейшым рабіўся тата, тым бяднейшым рабіўся Фрэнк. І ўрэшце тата і чуць не хацеў пра нашыя заручыны і адвёз мяне ў Фрыска*. Аднак Фрэнк не здаваўся. Ён паехаў за мной, і мы працягвалі бачыцца, але так, каб тата нічога не ведаў, а то б ён раз’юшыўся. Таму ўсё гэта мы самі зрабілі. Фрэнк сказаў, што ён паедзе назад і таксама разбагацее, а вернецца па мяне толькі тады, калі заробіць столькі, колькі мой тата. І вось тады я паабяцала чакаць яго да канца і дала сабе зарок не выходзіць замуж ні за кога іншага, пакуль ён жывы. «Тады чаму б нам не павянчацца тут жа? – прапанаваў ён. – Тады я буду ўпэўнены ў табе. А пакуль я не вярнуся, я не буду казаць, што я твой муж». Ну, мы абмеркавалі гэта, і ён вельмі добра ўсё ўладкаваў, дамовіўся са святаром, там мы і павянчаліся. А тады Фрэнк паехаў шукаць сваё шчасце, а я вярнулася да таты.
Пазней я чула, што Фрэнк у Мантане, затым ён паехаў шукаць золата ў Арызону, пасля прыйшлі чуткі, што ён у Нью-Мексіка. А пазней у газеце з’явіўся даўжэзны артыкул пра напад індзейцаў апачы на капальні, і сярод забітых было імя майго Фрэнка. Я страціла прытомнасць і хварэла некалькі месяцаў. Тата ўжо быў падумаў, што са мной зусім блага, і вадзіў мяне па ўсіх дактарах у Фрыска. Больш за год я ні слова не чула пра Фрэнка і таму ўжо больш не сумнявалася, што ён памёр. А тады ў Фрыска прыехаў лорд Сэнт-Сайман, і мы з татам пераехалі ў Лондан. Было дамоўлена пра вяселле, і тата быў вельмі задаволены, але я ўвесь час адчувала, што ні адзін мужчына на зямлі не зойме ў маім сэрцы месца, якое я калісьці аддала майму беднаму Фрэнку.
Але калі б я выйшла замуж за лорда Сэнт-Саймана, я б, безумоўна, выконвала свой доўг. Мы не валадарым над сваім каханнем, аднак можам кіраваць сваімі ўчынкамі. Я ішла да алтара з намерам быць добрай жонкай – настолькі, наколькі магла ёю быць. Але вы можаце сабе ўявіць, што я адчула, калі, падышоўшы да алтара, азірнулася і ўбачыла Фрэнка – ён стаяў ля першай лавы і глядзеў на мяне. Спачатку я падумала, што гэта прывід, але калі зноў зірнула на яго, ён усё яшчэ стаяў там – з нейкім пытаннем у вачах, нібыта цікавіўся, ці радая я яго бачыць. Дзіўна, як я не самлела. Я адчувала, як усё круціцца перад вачыма, і словы святара былі для мяне… нібы гуд пчалы ля вуха. Я не ведала, што рабіць. Ці мушу я спыніць шлюбную цырымонію і ўчыніць сцэну ў царкве? Я зноў зірнула на яго, і, відаць, ён зразумеў, пра што я думаю, і прыклаў палец да вуснаў, каб сказаць, што я павінная маўчаць. Потым я ўбачыла, як ён нешта таропка піша на кавалачку паперы, і зразумела, што гэта мне. Праходзячы ля ягонай лавы, я выпусціла з рук букет, і ён, вяртаючы мне кветкі, разам з імі ўклаў мне ў руку цыдулку. Там быў усяго адзін радок: ён прасіў мяне выйсці да яго, калі ён падасць знак. Канечне, я ўжо не сумнявалася, што мой галоўны абавязак цяпер быў перад ім, і вырашыла рабіць усё, што ён загадае.