Вярнуўшыся ў дом, я ўсё расказала сваёй служанцы, якая ведала яго з Каліфорніі і заўсёды прыязна да яго ставілася. Я загадала ёй нічога не гаварыць, скласці некалькі маіх рэчаў і падрыхтаваць паліто. Я ведаю, я мусіла паразмаўляць з лордам Сэнт-Сайманам, але гэта было так жудасна цяжка – перад яго маці і ўсімі гэтымі важнымі людзьмі. І я проста вырашыла ўцячы, а затым ужо ўсё патлумачыць. Не праседзела я і дзесяці хвілін за сталом, як убачыла ў акно Фрэнка, які стаяў на супрацьлеглым баку вуліцы. Ён паклікаў мяне на мігах і скіраваўся ў бок парку*. Я апранулася, вышмыгнула з дому і пайшла за ім. Да мяне падышла нейкая жанчына і нешта пачала гаварыць пра лорда Сэнт-Саймана… мне так здалося, бо я амаль не чула яе… нешта пра тое, што ў яго таксама была нейкая таямніца да таго як мы пажаніліся. У хуткім часе мне ўдалося выслізнуць ад яе, і я дагнала Фрэнка. Мы селі ў кэб і паехалі ў пакоі на Гордан-сквер – і гэта было маё сапраўднае вяселле пасля столькіх гадоў чакання. Як выявілася, Фрэнк трапіў у палон да апачаў, затым збег, прыехаў у Фрыска і там даведаўся, што я паставіла на ім крыж, бо думала, што ён загінуў, і паехала ў Англію. Тады ён паехаў за мной сюды і ўрэшце знайшоў мяне гэтым самым ранкам, у дзень майго другога вянчання.
– Я даведаўся пра гэта з газет, – патлумачыў амерыканец. – Там згадваліся імёны і тое, у якой царкве будзе вянчанне, але не гаварылася, дзе жыве нявеста.
– Тады мы пачалі думаць, што нам рабіць. Фрэнк быў за тое, каб адразу ўсё расказаць, але мне было так сорамна, што я захацела знікнуць, каб нікога з іх больш ніколі не сустрэць… толькі напісаць колькі радкоў тату, каб ён ведаў, што я жывая. Было жудасна ўяўляць сабе ўсіх гэтых лордаў і лэдзі, як яны сядзяць за святочным сталом і чакаюць, што я вярнуся. Таму Фрэнк узяў маю вясельную сукенку і іншыя рэчы, звязаў іх у вузел і, каб ніхто не высачыў мяне, выкінуў іх у такое месца, дзе іх не маглі знайсці. Хутчэй за ўсё заўтра мы б ужо ехалі ў Парыж, калі б не гэты джэнтльмен, містэр Холмс, які прыйшоў да нас сёння ўвечары, хаця я проста не ўяўляю, як ён змог нас знайсці. І ён вельмі ветліва, але даходліва патлумачыў, што я паводзілася няправільна, а Фрэнк якраз меў рацыю: мы зробім горш сабе, калі будзем хавацца і надалей. Затым ён прапанаваў нам магчымасць сустрэцца сам-насам з лордам Сэнт-Сайманам, таму мы адразу ж сюды прыйшлі. Цяпер, Роберт, вы ўсё ведаеце, я вельмі выбачаюся, калі зрабіла вам балюча, але спадзяюся, што вы не будзеце думаць пра мяне надта кепска.
Лорд Сэнт-Сайман слухаў гэты доўгі аповед усё з тым жа суворым выразам твару, нахмурыўшы лоб і сціснуўшы вусны.
– Прашу прабачэння, – сказаў ён, – але не ў маіх звычках абмяркоўваць самыя прыватныя справы на публіцы.
– Значыць, вы не даруеце мне? Вы не паціснеце мне рукі на развітанне?
– Калі ласка, калі вам гэта прыемна, – ён дастаў руку з-пад бартавіны сурдута і холадна паціснуў яе далонь.
– Я спадзяваўся, – пачаў Холмс, – што вы далучыцеся да нашай прыяцельскай вячэры.
– Думаю, вы патрабуеце ад мяне зашмат, – адказаў ягамосць лорд. – Я вымушаны змірыцца з гэтым новым ходам падзеяў, але наўрад ці можна чакаць ад мяне нейкай весялосці. З вашага дазволу, я пажадаю вам усім добрага вечара.
Ён зрабіў нам усім шырокі паклон і годна пакрочыў да дзвярэй.
– Але ж, я спадзяюся, хаця б вы зробіце мне гонар павячэраць з намі, – сказаў Шэрлак Холмс. – Я заўсёды рады бачыць амерыканца, містэр Моўлтан, бо я адзін з тых, хто мяркуе, што капрызы манарха і памылкі міністра ў даўно забытыя гады не перашкодзяць нашым дзецям зрабіцца аднойчы грамадзянамі вялізнай краіны пад сцягам, які ўяўляе сабой спалучэнне Юніян-Джэка з палоскамі і зоркамі.
– Цікавы быў выпадак, – адзначыў Холмс, калі нашыя госці сышлі, – бо ён служыць яркім доказам таго, якім простым можа быць тлумачэнне чагосьці, што на першы погляд здаецца невытлумачальным. Што можа быць больш натуральным за ход падзеяў, пра якія расказала нам гэтая дама, і ў той жа момант што можа быць больш дзіўным за тыя вынікі, якія можна атрымаць, назіраючы ўсю гэтую справу з пункту гледжання містэра Лестрада са Скотланд-Ярда!