– Значыць, вы так і думалі з самага пачатку?
– З самага пачатку для мяне былі відавочныя два факты: першы – што лэдзі ўступала ў шлюб добраахвотна, другі – што яна пашкадавала пра гэта, як толькі вярнулася дадому. Відавочна, такая змена была выкліканая чымсьці, што здарылася гэтым ранкам. Што гэта магло быць? Яна не магла размаўляць з кім-небудзь па-за домам, бо з ёй пастаянна быў жаніх. Тады, можа, яна бачылася з кім-небудзь? Калі так, то гэта мусіў быць нехта з Амерыкі, бо ў нашай краіне яна зусім нядаўна – наўрад ці за такі кароткі час яна б паспела б з кім-небудзь так зблізіцца, што трапіла пад яго ўплыў, які прымусіў бы яе цалкам змяніць свае планы. Такім чынам, метадам выключэння мы прыйшлі да думкі, што яна хутчэй за ўсё сустрэла амерыканца. Што гэта быў за амерыканец і чаму ён меў на яе такі ўплыў? Гэта мог быць яе каханы, гэта мог быць яе муж. Як мне было вядома, яе юнацтва прайшло на ўлонні грубай прыроды і ў даволі дзіўных умовах. Усё гэта я зразумеў яшчэ да таго, як пачуў гісторыю лорда Сэнт-Саймана. А калі ён згадаў пра мужчыну на першай лаве, пра тое, як змяніліся паводзіны яго нявесты, пра такі відавочны спосаб атрымаць запіску, як выпусціць з рук букет, пра яе размову са служанкай, якой лэдзі вельмі давярала, і пра яе шматзначны намёк на «прысабечванне дзялкі», што на жаргоне золатакапальнікаў абазначае захоп участка, на які іншы ўжо мае права, – уся гэтая сітуацыя цалкам праяснілася. Яна збегла з мужчынам, і гэты мужчына быў або яе каханы, або ранейшы муж – і хутчэй за ўсё апошняе.
– Але як вам удалося іх знайсці?
– Ну, гэта было ўжо не так проста, але наш сябар Лестрад меў у руках інфармацыю, пра каштоўнасць якой нават не здагадваўся. Ініцыялы, канечне, былі вельмі важныя, але яшчэ важнейшым было даведацца пра тое, што на гэтым тыдні нехта спыніўся ў адным з найлепшых лонданскіх гатэляў, даступных нямногім.
– А як вы даведаліся, што ён даступны нямногім?
– Бо цэны даступныя нямногім. Восем шылінгаў за нумар і восем пенсаў за шклянку херасу сведчаць пра тое, што гэта адзін з самых дарагіх гатэляў. Такіх у Лондане няшмат. І ўжо ў другім гатэлі, які я наведаў, на Нортумберлэнд-авеню, праглядаючы гасцявую кнігу, я дазнаўся, што Фрэнсіс Х. Моўлтан, джэнтльмен з Амерыкі, выселіўся акурат за дзень да таго, а прагледзеўшы яго расходы, знайшоў тыя самыя лічбы, якія бачыў у копіі рахунка. Яго лісты мусілі перасылаць на Гордан-сквер, 226. Туды я і скіраваўся. Мне пашчасціла знайсці закаханую пару дома, і я наважыўся даць ім свайго роду бацькоўскую параду і сказаць, што ў любым выпадку будзе лепш, калі яны адкрыюць сваю таямніцу шырокай грамадскасці, а ў прыватнасці лорду Сэнт-Сайману. Я запрасіў іх сустрэцца з ім тут, і, як бачыце, мне ўдалося ўпэўніць і яго з’явіцца на гэтае спатканне.
– Але вынікі не надта добрыя, – заўважыў я. – Ён быў не дужа ветлівы.
– Ах, Ўотсан, – сказаў Холмс з усмешкай, – магчыма, вы таксама не былі б дужа ветлівым, калі б пасля ўсіх гэтых турботаў з заляцаннем і вяселлем умомант пазбавіліся і жонкі, і грошай. Я думаю, мы мусім паспачуваць лорду Сэнт-Сайману і быць удзячнымі лёсу, што нам хутчэй за ўсё не пагражае апынуцца ў такім становішчы. Падсоўвайце бліжэй сваё крэсла і дайце мне скрыпку, бо ў нас засталася яшчэ адна праблема – як нам прабавіць час у гэтыя сумныя восеньскія вечары.
Берылавая дыядэма
– Глядзіце, Холмс, вунь бяжыць нейкі вар’ят, – аднаго ранку сказаў я, стоячы ў эркеры і вызіраючы на двор. – Не падабаецца мне, што родныя выпусцілі яго з дому аднаго.
Мой сябра ляніва падняўся з фатэля і, засунуўшы рукі ў кішэні халата, стаў за маёй спінай, каб зірнуць вонкі. Была ясная і марозная лютаўская раніца, і на зямлі ўсё яшчэ ляжаў, ярка пабліскваючы на зімовым сонцы, глыбокі ўчорашні снег. У сярэдзіне Бэйкерстрыт экіпажы распаласавалі яго вязкімі карычневымі каляінамі, але з абодвух бакоў дарогі і на заваленых краях ходніка ён усё яшчэ быў такі ж белы, як пасля снегападу. Шэры тратуар выскраблі і пачысцілі, але ён усё яшчэ заставаўся небяспечна слізкім, а таму людзей на вуліцы было менш, чым звычайна. Ад метро ў наш бок не ішоў ніхто, апроч самотнага джэнтльмена, чые эксцэнтрычныя паводзіны і забралі маю ўвагу.
Гэта быў мужчына гадоў пяцідзесяці, высокі, мажны і самавіты, з буйным і выразным тварам і прадстаўнічай паставай. Апрануты ён быў у някідкі, але дарагі сурдут, бліскучы капялюш, ахайныя карычневыя гетры і добра пашытыя жамчужна-шэрыя нагавіцы. Паводзіны яго, аднак, бязглузда кантраставалі з паважнымі рысамі і касцюмам – дзівак з цяжкасцю бег вуліцай, час ад часу трошкі падскокваючы, як стомлены чалавек, які не прызвычаіўся загружаць ногі надмернай працай. На бягу ён сутаргава размахваў рукамі, хітаў галавой і неверагодна грымаснічаў.