– О Божа, што там з ім здарылася? – спытаў я. – Ён шукае нейкі дом.
– Думаю, ён ідзе да нас, – сказаў, пацёршы рукі, Холмс.
– Да нас?
– Безумоўна. Думаю, яму патрэбная мая прафесійная парада. Я пазнаю сімптомы… Ха! Ну, што я вам казаў?
У гэты момант джэнтльмен, сапучы і цяжка дыхаючы, падскочыў да нашых дзвярэй і пачаў тузаць званок, напоўніўшы бразгатаннем увесь дом.
Праз некалькі хвілінаў ён ужо быў у нашым пакоі, усё яшчэ сапучы і жэстыкулюючы. У вачах яго застылі такое гора і такі адчай, што нашыя ўсмешкі адразу ж саступілі месца выразу трывогі і спачування. Пэўны час ён не мог вымавіць ні слова, а толькі ўсім целам хістаўся і тузаў сябе за валасы, як чалавек, які падышоў да мяжы здаровага розуму і ўжо гатовы яе пераступіць. Раптам ён падскочыў да сцяны і пачаў з такой сілай біцца аб яе галавой, што мы паспяшаліся адцягнуць яго на сярэдзіну пакоя. Шэрлак Холмс штурхануў яго ў фатэль, сеў побач, паляпаў па руцэ і загаварыў мяккім і суцяшальным голасам, якім добра ўмеў карыстацца ў такіх сітуацыях.
– Вы прыйшлі да мяне, каб расказаць сваю гісторыю, праўда? – спытаў ён. – Спешка вас вельмі прытаміла. Таму прашу: прыйдзіце трохі ў сябе, і я буду рады дапамагчы вам з любой праблемай, якую вы мне даверыце.
Госцю спатрэбілася хвіліна ці дзве, каб супакоіць цяжкае дыханне і перамагчы свае эмоцыі. Потым ён выцер лоб насоўкай, сціснуў вусны і павярнуўся да нас.
– Вы, несумненна, палічылі мяне вар’ятам, – зазначыў ён.
– Я заўважыў, што ў вас сур’ёзныя праблемы, – адказаў Холмс.
– Бог сведка, сур’ёзнейшых не бывае! Яны такія раптоўныя і жахлівыя, што можна з’ехаць з глузду. Грамадскую пагарду вытрываць яшчэ можна, хаця ніколі раней мая рэпутацыя не была заплямленая. Прыватнае гора можа здарыцца з любым чалавекам, але вытрымаць і першае, і другое, ды яшчэ ў такой пачварнай форме – гэтага для маёй беднай душы занадта! Да таго ж няшчасце зачапіла не мяне аднаго. Калі ніхто нас у гэтай жахлівай справе не ўратуе, пацерпіць адна з самых высакародных асобаў у каралеўстве!
– Прашу вас, супакойцеся, – сказаў Холмс, – і зрабіце ласку, раскажыце, хто вы такі і што з вамі здарылася.
– Маё імя вы, магчыма, чулі раней, – адказаў наш наведнік. – Мяне завуць Аляксандр Холдэр, і я з банка «Холдэр і Стывенсан» на Трэднідл-стрыт.
Мы і праўда чулі гэтае імя раней: яно належала старшаму партнёру другога па велічыні прыватнага банка ў лонданскім Сіці. Што магло давесці аднаго з самых паважных жыхароў Лондана да такога вартага жалю стану? Мы нецярпліва чакалі, пакуль ён збярэцца з сіламі і паведаміць нам сваю гісторыю.
– Я разумею, што час вельмі дарагі, – пачаў ён, – і таму адразу паспяшаўся сюды, як толькі інспектар паліцыі прапанаваў мне папрасіць у вас дапамогі. Я дабраўся да Бэйкер-стрыт падземкай, а адтуль усю дарогу бег, бо ў такім снезе кэбы рухаюцца надта марудна. Вось чаму маё дыханне так збілася – фізічных практыкаванняў я амаль не раблю. Цяпер мне ўжо лепей, а таму я як мага карацей і дакладней выкладу перад вамі ўсе факты.
Вы, безумоўна, добра ведаеце, што паспяховая праца банка залежыць як ад умення выгадна ўкладваць капітал, так і ад пашырэння сувязяў і кліентуры. Адзін з самых рэнтабельных спосабаў распарадзіцца грашыма – выдаваць пазыкі пад надзейнае забяспечанне. Апошнія некалькі гадоў мы шмат у гэтым кірунку зрабілі, і многія высакародныя сем’і пазычаюць у нас вялікія сумы, давяраючы ў якасці закладу карціны, каштоўныя кнігі ці фамільны посуд.
Учора раніцай я сядзеў у сваім кабінеце ў банку, і адзін з клеркаў прынёс мне візітоўку. Калі я ўбачыў імя наведніка, то ўздрыгнуў, бо гэта быў не хто іншы, як… Але не, мабыць, нават вам я нічога казаць не буду, адзначу толькі, што імя гэтае вядомае ва ўсім свеце, бо належыць адной з самых высокіх, паважаных і годных сем’яў у Англіі. Я быў агаломшаны такім гонарам і, калі візітант увайшоў, паспрабаваў выказаць яму ўсю сваю павагу, але ён з выглядам чалавека, які спяшаецца як мага хутчэй разабрацца з непрыемнай неабходнасцю, адразу ж перайшоў да справы.
– Містэр Холдэр, – сказаў ён, – я чуў, што вы пазычаеце грошы.
– Банк дае пазыкі пад добры заклад, – адказаў я.
– Мне проста неабходна зараз жа атрымаць 50 тысяч фунтаў, – сказаў ён. – Такую пусцяковую суму, і нават у дзесяць разоў большую, я, безумоўна, магу ўзяць у сяброў, але мне хочацца падысці да справы па-дзелавому, прычым разабрацца з ёй самастойна. Вы цудоўна разумееце, што ў маім становішчы браць на сябе нейкія абавязанні неразумна.