– Ці магу я пацікавіцца, на які час вам патрэбныя грошы? – спытаў я.
– У наступны панядзелак мне вернуць вялікую пазыку, і я абавязкова аддам вам усю суму з любымі працэнтамі, якіх вы ад мяне запатрабуеце. Але мне проста неабходна атрымаць гэтыя грошы зараз жа.
– Я быў бы рады без далейшых пытанняў пазычыць іх вам са сваёй уласнай кішэні, – сказаў я, – але, баюся, яна гэтага можа і не вытрымаць. Калі ж я зраблю вам пазыку ад імя канторы, то дзеля справядлівасці ў дачыненні да майго кампаньёна мушу настойваць на выкананні ўсіх дзелавых патрабаванняў.
– Другі падыход задавальняе мяне нашмат больш, – сказаў ён, паказваючы мне квадратны футарал з чорнага саф’яну, які перад гэтым паклаў побач. – Вы, безумоўна, чулі пра берылавую дыядэму?
– Яна – адзін з найкаштоўнейшых нацыянальных скарбаў нашае імперыі, – адказаў я, перабіваючы містэра Холдэра.
– Менавіта, – адказаў банкір і працягнуў: – Ён адчыніў футарал, і там на мяккім аксаміце цялеснага колеру ляжала згаданая вамі шыкоўная каштоўнасць.
– Тут трыццаць дзевяць велізарных берылаў, – сказаў ён. – Кошт залатой аправы разлічыць немагчыма. Цана дыядэмы нават паводле самых сціплых разлікаў удвая перавышае суму, якую я хачу пазычыць. Я гатовы пакінуць каштоўнасць у якасці закладу.
Я ўзяў бясцэнны футарал у рукі і, трохі збянтэжаны, перавёў позірк на свайго знакамітага кліента.
– Вы сумнеяцеся ў яго каштоўнасці? – спытаў ён.
– Ні ў якім разе. Я сумняюся…
– …ці варта пакідаць камусьці такую дарагую рэч? На гэты конт можаце не турбавацца. Я б і не думаў пра гэта, калі б не быў абсалютна ўпэўнены, што праз чатыры дні змагу вярнуць яе назад. Гэта чыстая фармальнасць! Вас такі заклад задаволіць?
– Больш чым.
– Але, містэр Холдэр, вы ж разумееце, што я перадаю вам у рукі доказ свайго найглыбейшага даверу, заснаванага на ўсім, што я пра вас чуў. Я веру не толькі ў абачлівасць, з якой вы ўстрымаецеся ад балбатні пра нашую дамоўленасць, але перадусім на здольнасць з усёй асцярожнасцю зберагчы дыядэму – не мне вам тлумачыць, што знікненне каштоўнасці выкліча страшэнны публічны скандал. Любую нанесеную ёй шкоду можна прыраўняць да поўнай страты, бо іншых такіх берылаў у свеце няма, і замяніць пацярпелы камень будзе немагчыма. Аднак я з усім даверам пакідаю дыядэму вам, каб у панядзелак ранкам уласнаручна забраць яе.
Бачачы, што мой кліент спяшаецца, я нічога больш не сказаў, а толькі паклікаў касіра і загадаў яму выдаць тысячнымі банкнотамі пяцьдзясят тысяч фунтаў. Аднак застаўшыся сам-насам з каштоўным футаралам, я не без цьмянай асцярогі задумаўся над узваленай на мяне празмернай адказнасцю. Дыядэма – сапраўдны нацыянальны скарб, і няма сумневаў, што калі з ёй здарыцца нешта кепскае, выбухне жахлівы скандал. Я ўжо шкадаваў пра сваю згоду. Але было позна штосьці мяняць, таму я замкнуў футарал у сваім прыватным сейфе і вярнуўся да працы.
Калі надышоў вечар, я падумаў, што было б безразважна пакінуць у банку такую дарагую рэч. Банкаўскія сейфы неаднаразова ўзломваліся, чаму мой мусіць зрабіцца выключэннем? Калі такое раптам здарыцца, у якой страшнай сітуацыі я апынуся! Таму я вырашыў, што найбліжэйшыя некалькі дзён я заўсёды буду насіць футарал з сабой, каб ён увесь час быў у межах дасягальнасці. Прыняўшы гэтае рашэнне, я выклікаў кэб і разам з дыядэмай адправіўся дадому, у Стрытхэм. Я не мог спакойна ўздыхнуць, пакуль не падняўся да сябе і не замкнуў футарал у бюро, што стаіць у гардэробнай.
А цяпер некалькі словаў пра маіх хатніх. Я хачу, містэр Холмс, каб вы цалкам уяўлялі сітуацыю. Мой конюх і хлопчык-слуга начуюць у сябе, таму пакінем іх убаку. Ужо шмат гадоў у мяне служаць тры пакаёўкі, чыя абсалютная надзейнасць вышэйшая за любыя падазрэнні. Яшчэ адна служанка, Люсі Пар, паступіла да мяне ўсяго некалькі месяцаў таму, аднак у яе цудоўная рэкамендацыя і яна добра спраўляецца са сваёй працай. Люсі – прывабная дзяўчына, і ў яе шмат прыхільнікаў, якія часам бадзяюцца вакол майго дома. Гэта адзіны яе недахоп, і я ўпэўнены, што яна з усіх бакоў вельмі добры чалавек.
Гэта што датычыць слуг. Сям’я ж у мяне зусім маленькая, і яе апісанне не зойме шмат часу. Я ўдавец і маю адзінага сына, якога завуць Артур. Ён мяне расчараваў, містэр Холмс, вельмі расчараваў. Няма ніякіх сумневаў, што ў гэтым вінаваты я сам. Кажуць, я яго сапсаваў. Так яно, відаць, і ёсць. Калі памерла мая дарагая жонка, я зразумеў, што ён – мая адзіная любоў. Калі з яго твару знікала ўсмешка, я не мог вытрымаць гэтага нават імгненне. Я ніколі ні ў чым яму не адмаўляў. Можа, калі б я быў больш строгі, для нас абодвух усё склалася лепш, але ж я так дзеля яго стараўся!