Выбрать главу

Я, натуральна, хацеў, каб мой сын паспяхова прадоўжыў маю справу, але дзелавой жылкі ў ім не было. Ён вылучаўся свавольным і нястрымным характарам: шчыра кажучы, вялікую суму грошай я б яму не даверыў. У юнацтве ён увайшоў у арыстакратычны клуб і неўзабаве, дзякуючы цудоўным манерам, блізка сышоўся з уладальнікамі вялікіх кашалькоў і нятанных звычак. Ён навучыўся зацята гуляць у карты і марнаваць грошы на скачках і быў вымушаны зноў і зноў звяртацца да мяне па грошы за кошт будучых кішэнных расходаў, бо мусіў выплаціць доўг гонару. Шмат разоў спрабаваў ён парваць з небяспечнай кампаніяй, але кожны раз пад уплывам свайго сябра, сэра Джорджа Барнвела, зноў браўся за старое.

Мяне, дарэчы, зусім не дзівіць, што такі чалавек, як сэр Джордж Барнвел, мае на Артура моцны ўплыў, – сын часта прыводзіў яго дадому, і я сам ледзь знайшоў сілы супраціўляцца абаяльнасці яго манераў. Ён старэйшы за Артура, свецкі чалавек да мозгу касцей, адзін з тых, што ўсюды пабывалі і ўсяго пабачылі, бліскучы суразмоўца і да таго ж вонкава надзвычай прыгожы. Зрэшты, асэнсоўваючы сваё ўражанне на свежую галаву, калі чары абаяльнасці сэра Барнвела трохі слаблі, і прыгадваючы яго цынічныя словы і падгледжаныя мной позіркі, я зрабіў выснову, што давяраць гэтаму чалавеку нельга. Такое ў мяне склалася меркаванне, і яго з усёй сваёй жаночай інтуіцыяй падзяляла мая маленькая Мэры.

Цяпер мне засталося апісаць толькі яе. Мэры – мая пляменніца. Калі пяць гадоў таму мой брат памёр і пакінуў яе адну, я ўзяў яе да сябе і даглядаў як родную дачку. У маім доме яна – як сонечны прамень, мілая, адданая, прыўкрасная і чароўная ахмістрыня і гаспадыня, такая пяшчотная, і ціхмяная, і клапатлівая, якой мусіць быць жанчына. Яна – мая правая рука. Не ведаю нават, што б я без яе рабіў. Толькі ў адным пытанні яна дзейнічае супраць маіх жаданняў. Ужо двойчы мой безнадзейна закаханы хлопчык рабіў ёй прапанову, і яна двойчы яму адмовіла. Мне здаецца, што яна – адзіны чалавек, які можа вывесці яго на правільную дарогу, і што гэтая жаніцьба магла б усё змяніць, але што тут зробіш – цяпер ужо позна, ах, цяпер ужо занадта позна!

Вось, містэр Холмс, вы і ведаеце людзей, якія жывуць пад маім дахам, а таму я магу працягваць сваю горкую гісторыю.

Калі тым вечарам мы ў гасцёўні пілі пасля вячэры каву, я расказаў Артуру і Мэры пра падзеі дня і пра тое, які скарб захоўваецца цяпер у нашым доме, апусціўшы толькі імя кліента. Я быў упэўнены, што Люсі Пар, якая толькі што прынесла каву, пакінула пакой, але што дзверы былі зачыненыя, прысягнуць не магу. Мэры і Артур вельмі зацікавіліся маім аповедам і захацелі зірнуць на знакамітую каштоўнасць, але я падумаў, што яе лепш не чапаць.

– Куды ты яе паклаў? – пацікавіўся Артур.

– У бюро.

– Спадзяюся, сёння ноччу наш дом не абрабуюць, – сказаў ён.

– Я ж яго замкнуў!

– Ох, ды гэтае бюро адчыніцца любым старым ключом. У дзяцінстве я часта адмыкаў твой тайнік ключом ад буфета ў каморы.

Гэта была яго звычайная манера весці размову, таму неўзабаве я выкінуў яго словы з галавы. Аднак тым вечарам ён праводзіў мяне да пакоя з вельмі змрочным тварам.

– Слухай, тата, а ты можаш пазычыць мне дзвесце фунтаў? – спытаў ён, апусціўшы вочы.

– Не, не магу! – рэзка адказаў я. – У грашовых справах я быў з табой занадта шчодры.

– Ты заўсёды ставіўся да мяне па-добраму, – пагадзіўся ён. – Але мне да зарэзу патрэбныя гэтыя грошы, інакш я больш ніколі не змагу паказацца ў клубе.

– Цудоўная перспектыва! – усклікнуў я.

– Але ты ж не хочаш, каб мяне лічылі несумленным? – працягнуў ён. – Ганьбы я не вытрываю. Так ці іначай я павінны здабыць гэтую суму, і калі ты мне не дапаможаш, я буду вымушаны шукаць іншыя спосабы.

Я моцна раззлаваўся, бо за апошні месяц гэта была ўжо трэцяя просьба.

– Ад мяне ты больш ні фартынга не атрымаеш! – ускрыкнуў я.

Артур пакланіўся і без лішніх словаў пакінуў пакой. Калі ён сышоў, я адчыніў бюро, каб упэўніцца, што скарб у бяспецы, і зноў яго замкнуў. Потым абышоў увесь дом, правяраючы, ці ўсё ў парадку. Звычайна гэта абавязак Мэры, але ў той вечар я вырашыў узяць яго на сябе. Спусціўшыся ўніз, я ўбачыў і саму Мэры, якая акурат зачыняла ў гасцёўні бакавое акно.

– Тата, хіба ты сёння вечарам дазваляў Люсі сыходзіць? – з устрывожаным выглядам спытала яна.

– Безумоўна, не!

– Яна толькі што зайшла ў дом праз чорны ход. Я не сумняюся, што ля бакавой брамы яна з кімсьці сустракалася, а гэта не так ужо бяспечна і мусіць спыніцца.

– Пагавары з ёй заўтра ранкам, ці, калі хочаш, я пагавару сам. Ты ўпэўненая, што ўсё зачыненае?