Выбрать главу

Некалькі хвілінаў Шэрлак Холмс маўчаў, нахмурыўшы бровы і ўтаропіўшыся ў камін.

– Госці ў вас бываюць часта? – урэшце спытаў ён.

– Ды не, хіба што мой кампаньён з сям’ёй і зрэдку – сябры Артура. Апошнім часам некалькі разоў зазіраў сэр Джордж Барнвел. Болей, відаць, нікога.

– А вы самі дзе-небудзь бываеце?

– Толькі Артур. Мы з Мэры сядзім дома – нас візіты не цікавяць.

– Дзіўна чуць такое пра юную дзяўчыну.

– Яна чалавек спакойны. Дарэчы, не такая ўжо яна і юная – ёй дваццаць чатыры.

– З таго, што вы сказалі, я раблю выснову, што гісторыя моцна яе ўразіла.

– Проста жахліва! Больш нават, чым мяне.

– Сумневаў наконт віны Артура ў вас няма?

– Якія могуць быць сумневы, калі я на ўласныя вочы бачыў у яго руках дыядэму?

– Я б гэта пераканаўчым доказам не назваў. Рэшта дыядэмы яшчэ неяк пашкоджаная?

– Так, яна ўся пагнутая.

– А вы не думаеце, што ён спрабаваў яе выпрастаць?

– Божа мой, вы хочаце вярнуць нам з сынам надзею, але, баюся, гэта будзе занадта складана. Што ён там увогуле рабіў? Чаго маўчыць, калі яго намеры былі нявінныя?

– Вы, безумоўна, маеце рацыю. Але калі намеры ў яго былі злачынныя, чаму ён не пачаў маніць? Маўчанне хлопца, як на мяне, выключае абодва варыянты. У вашай справе засталося шмат незразумелага. Што паліцыя думае пра гук, які вас абудзіў?

– Яны мяркуюць, што я пачуў, як Артур зачыняе дзверы сваёй спальні.

– Ага, яно і зразумела. Чалавек збіраецца здзейсніць злачынства і з гэтай нагоды ляпае дзвярыма так, каб падняць увесь дом. А што яны тады кажуць пра знікненне камянёў?

– Яны дагэтуль абстукваюць сцены і даследуюць мэблю, спадзеючыся знайсці прапажу.

– Пашукаць за межамі дома не спрабавалі?

– Ну канечне! Яны падышлі да справы вельмі энергічна і ўжо старанна абшукалі сад.

– Што ж, дарагі мой сэр, – сказаў Холмс, – хіба вы не бачыце, што праблема тут нашмат глыбейшая, чым на першы погляд здаецца і вам, і паліцыі? Вы ўпэўненыя, што справа зусім простая, я ж сцвярджаю, што яна надзвычай складаная. Зірнем на яе вашымі вачыма: вы думаеце, што Артур падняўся з ложка, моцна рызыкуючы, прабраўся ў ваш пакой, адчыніў бюро, дастаў дыядэму, з вялікай цяжкасцю адламаў ад яе кавалак, выйшаў кудысьці яшчэ, схаваў тры з трыццаці дзевяці камянёў, прычым так, што цяпер іх ніхто не можа знайсці, потым з трыццаццю шасцю астатнімі вярнуўся ў пакой, дзе яго з неймавернай лёгкасцю маглі выкрыць. Ну як, вельмі лагічная тэорыя?

– Але як тады вы гэта патлумачыце? – з жэстам адчаю ўсклікнуў банкір. – Калі яго намеры былі нявінныя, чаму ён нічога не гаворыць?

– Вось з гэтым і трэба разабрацца, – адказаў Холмс. – А таму цяпер, калі вы, містэр Холдэр, не супраць, мы адправімся ў Стрытхэм і прысвецім гадзінку бліжэйшаму азнаямленню з дэталямі.

Мой сябар настойваў, каб я яго суправаджаў, і тут нашыя жаданні супадалі: пачутая гісторыя абудзіла ўва мне цікаўнасць і спачуванне. Я не мог не прызнаць, што віна Артура падавалася мне такой жа відавочнай, як і яго няшчаснаму бацьку, але я заўсёды давяраў меркаванню Холмса і верыў, што калі прапанаванае тлумачэнне яго не задавальняе, надзею траціць рана. Пакуль мы ехалі на паўднёвую ўскраіну Лондана, ён не сказаў ні слова, а толькі сядзеў, глыбока занураны ў думкі, апусціўшы галаву і насунуўшы на вочы капялюш. Кліент наш, здавалася, трохі акрыяў – перад ім бліснуў слабы прамень надзеі, і містэр Холдэр паспрабаваў нават завязаць са мной досыць бязладную размову пра свае банкаўскія клопаты. Кароткая паездка чыгункай і яшчэ карацейшая прагулка пехам прывяла нас неўзабаве да Фэрбэнка – сціплага жытла вялікага фінансіста.

Фэрбэнк, масіўны квадратны будынак з белага каменю, стаяў ад вялікай дарогі трохі ўбаку. Да цяжкай жалезнай брамы, якая заступіла нам дарогу, вёў пад’езд для экіпажаў з газонам, прысыпаным снегам. Справа мы заўважылі невялікую купу хмызоў, за якой праглядалася аточаная жывой агароджай вузкая сцяжынка да кухонных дзвярэй – відаць, чорны ўваход. Злева пачыналася дарожка, якая вяла да стайні. Сядзібе яна не належала і лічылася грамадскай уласнасцю, хаця ёй амаль ніхто не карыстаўся.

Холмс пакінуў нас каля дзвярэй і марудна прагуляўся вакол дома, прайшоў міма фасада, потым – сцяжынкай да чорнага ўвахода, а затым – самай аддаленай часткай саду да стайневай дарожкі. Адсутнічаў ён так доўга, што мы з містэрам Холдэрам адправіліся чакаць яго ў гасцёўню, бліжэй да каміна. Мы моўчкі сядзелі ля агню, як раптам дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшла маладая лэдзі. Росту яна была хутчэй сярэдняга, зграбная, з цёмнымі валасамі і вачыма, якія на фоне светлай скуры здаваліся яшчэ цямнейшымі. Не думаю, што калі-небудзь раней я сустракаў такі смяротна бледны жаночы твар. Вусны яе былі зусім бяскроўныя, затое вочы блішчэлі ад слёз. Калі яна бязгучна ўвайшла ў пакой, мяне ўразіла яе гора, якое падалося яшчэ глыбейшым, чым ранішнія пакуты банкіра, і ўражвала яшчэ больш, бо перамагло, відаць, жанчыну з моцным характарам і бязмернай вытрымкай. Не зважаючы на мяне, яна адразу ж скіравалася да свайго дзядзькі і з мілай жаночай клапатлівасцю правяла рукой па яго валасах.