Выбрать главу

– Тата, вы ж папрасілі, каб Артура вызвалілі? – спытала яна.

– Не, мая дзяўчынка, не, у гэтай справе трэба дакапацца да самай сутнасці.

– Але я ўпэўненая, што ён ні ў чым не вінаваты. Ты ж ведаеш, жанчыны гэта адчуваюць. Я веру, што нічога кепскага ён не зрабіў, і потым ты сам пашкадуеш, што так жорстка з ім абышоўся.

– Калі ён невінаваты, чаму ж тады маўчыць?

– Хто ведае… Можа, яго раззлавалі твае падазрэнні.

– Як жа мне іх пазбавіцца, калі я на ўласныя вочы бачыў яго з дыядэмай у руках?

– Ох, ну ён мог дастаць яе, каб проста паглядзець. Павер мне на слова, ён ні ў чым не вінаваты! Нічога больш не кажы – і хай справа закрыецца! Як гэта жахліва, што наш дарагі Артур у турме!

– Я ніколі не дазволю закрыць гэтую справу, пакуль каштоўнасць не знойдзецца, – чуеш, Мэры, ніколі! Любоў да Артура засціць табе вочы, і ты забываеш, чым мне ўсё гэта пагражае. Нічога замоўчваць я не збіраюся і нават запрасіў джэнтльмена з Лондана, каб ён таксама ўзяўся за дэталёвае расследаванне.

– Якога джэнтльмена? Гэтага? – спытала яна, паварочваючыся да мяне.

– Не, яго сябра. Але той папрасіў пакінуць яго самога і цяпер аглядае сцяжынку, што вядзе да стайні.

– Сцяжынку, што вядзе да стайні? – яна падняла цёмныя бровы. – Што ён спадзяецца там знайсці? А, вось, відаць, і ён! Я веру, сэр, што вы паспяхова даведзяце справядлівасць маіх словаў, бо я не сумняюся ў невінаватасці майго стрыечнага брата Артура.

– Я цалкам з вамі згодны і ўпэўнены, што змагу сваю рацыю даказаць, – пагадзіўся Холмс, вяртаючыся да дыванка ля дзвярэй, каб абтрэсці з абутку снег. – Мяркую, я маю гонар гаварыць з міс Мэры Холдэр? Магу я задаць вам адно-два пытанні?

– Прашу вас, сэр, задаваць колькі заўгодна, калі гэта дапаможа вам разабрацца з нашай жудаснай гісторыяй.

– Мінулай ноччу вы самі што-небудзь чулі?

– Нічога да таго моманту, пакуль дзядзька не закрычаў. Я пачула яго голас і спусцілася.

– Вечарам вы зачынялі ўсе вокны і дзверы. Яны былі надзейна замкнутыя?

– Канечне.

– Раніцай таксама ўсё было зачыненае?

– Так.

– У адной з вашых пакаёвак ёсць прыхільнік? Калі я не памыляюся, мінулым вечарам вы казалі дзядзьку, што яна выходзіла з ім сустрэцца.

– Так, прычым менавіта яна падавала нам учора каву і магла падслухаць дзядзькаў аповед пра дыядэму.

– Зразумела. Думаеце, яна магла расказаць пра гэта свайму сябру, і яны разам задумалі крадзеж?

– Але які сэнс ва ўсіх гэтых вашых версіях, – нецярпліва ўсклікнуў банкір, – калі я не раз казаў вам, што сам бачыў Артура з дыядэмай у руках?

– Трошкі пачакайце, містэр Холдэр. Да гэтага мы яшчэ вернемся. Цяпер пра тую дзяўчыну, міс Холдэр… я правільна разумею, што вы бачылі, як яна праз кухню вяртаецца дадому?

– Усё правільна. Я пайшла правяраць, ці замкнёныя тыя дзверы на ноч, і ўбачыла, як яна праслізнула ў дом. Мужчыну ў паўзмроку таксама заўважыла.

– Вы яго ведаеце?

– Безумоўна! Гэта быў гандляр агароднінай, які прыносіць нам зеляніну. Яго завуць Фрэнсіс Проспер.

– І стаяў ён злева ад дзвярэй, то бок нашмат далей ад сцяжынкі, чым трэба для таго, каб увайсці ў дом? – удакладніў Холмс.

– Так.

– І ў яго была драўляная нага?

У чорных выразных вачах юнай лэдзі прамільгнула нешта падобнае да страху.

– Ды вы сапраўдны чарадзей! – усклікнула яна. – Як вы даведаліся?

Яна ўсміхнулася, але на худым энергічным твары Холмса ўсмешкі ў адказ не з’явілася.

– Цяпер было б някепска падняцца наверх, – сказаў ён. – Магчыма, давядзецца яшчэ раз абысці вакол дома. Але пакуль мы яшчэ тут, я, мабыць, зірну на вокны.

Ён імкліва пералятаў ад акна да акна, прыпыніўшыся толькі каля аднаго ў гасцёўні, вялікага, якое выходзіла на стайневую дарожку. Холмс адчыніў яго і вельмі ўважліва агледзеў падаконне з дапамогай вельмі моцнай лупы.

– А цяпер наверх, – урэшце скамандаваў ён.

Гардэробная банкіра выявілася сціпла мэбляваным пакойчыкам з шэрым дываном, вялікім бюро і доўгім люстэркам. Холмс адразу падышоў да бюро і старанна агледзеў замок.

– Якім ключом яго адчынілі? – спытаў мой сябар.

– Тым самым, пра які ўспомніў мой сын, – ад буфета ў каморы.