— Некалькі гадзін. Ой! Калі ласка, не торгай мяне, Сід! Ты мяне заморыш.
— Чаму-ж ты раней не разбудзіў мяне? Том, браток, не стагні так: мяне аж мароз дзярэ па скуры. Што ў цябе баліць?
— Я ўсё табе дарую, Сід! (Стогн.) Усё, што ты зрабіў мне дрэннага. Калі мяне не будзе...
— О, Том, няўжо-ж ты паміраеш? Том, родненькі, не памірай! Не трэба. Можа...
— Я ўсім дарую, Сід! (Стогн.) Скажы ім гэта. Я маю рамку ад акна і аднавокае кацянё аддай той дзяўчынцы, што нядаўна прыехала, і скажы ёй...
Але Сід схапіў сваё адзенне і знік. Том так старанна ўяўляў сябе хворым, што сапраўды ўжо хварэў, і стогн яго быў зусім натуральны.
Сід імчаўся ўніз па лесвіцы і крычаў:
— Цёця Поллі, ідзіце хутчэй! Том памірае!
— Памірае?
— Але! Чаго-ж вы чакаеце? Ідзіце хутчэй!
— Глупства! Не веру!
Але тым не менш яна ўжо бегла нагару, а Сід і Мэры за ёй. І твар у яе зрабіўся зусім бледны, і губы дрыжэлі. Падбегшы да пасцелі Тома, яна ледзь магла прамовіць:
— Том, любы, што з табой?
— Ох, цёця, я...
— Што з табой, дзіця маё?
— Ох, цёця, у мяне антонаў агонь у пальцы.
Старая ўпала на крэсла і засмяялася, потым заплакала, потым зноў засмяялася і заплакала.
Ад гэтага ёй палягчэла, і яна сказала:
— Ну і напалохаў-жа ж ты мяне! А цяпер досыць: кінь гэтыя глупствы і ўставай!
Стогны спыніліся, і палец адразу-ж перастаў балець. Хлопчык, крыху засаромлены, паясніў:
— Цёця Поллі, мне здавалася, што ён зусім здрантвеў. І ён так балеў, што я нават забыўся на зуб.
— Бач, якая справа! А што ў цябе з зубам?
Цёця — зубны доктар |
— Адзін зуб хістаецца і страшэнна баліць, аж цярпець нельга.
— Ну, годзе, годзе, а то зноў пачнеш стагнаць. Адчыні рот! Так, зуб сапраўды хістаецца, але з гэтага не паміраюць. Мэры, прынясі мне шаўкавінку і галавешку з кухні!
— Цётачка, не трэба,— ён ужо не баліць! Я не буду стагнаць, нават калі ён і зноў забаліць. Я і выгляду не падам. Калі ласка, цёця, не трэба! Я не хачу сядзець дома, я хачу ісці ў школу.
— А-а, дык вось яно што! Ты ўсю гэтую гісторыю выдумаў толькі для таго, каб не ісці ў школу, а замест таго ісці вудзіць рыбу? Ах, Том, Том, я так цябе люблю, а ты нібы наўмысля робіш мне розныя брыдоты, псуеш маё старое сэрца.
Тымчасам прынеслі прылады для зубадрання. Цёця Поллі зрабіла пятлю на канцы шаўкавінкі, надзела яе на хворы зуб і моцна сцягнула, а другі канец прывязала да ложка; потым схапіла палаючую галаўню і сунула яе ў твар хлопчыку. Міг — і зуб павіснуў на нітцы ля ложка.
Але ўсе пакуты так або іначай узнагароджваюцца. Калі Том, паснедаўшы, з’явіўся ў школу, усе таварышы зайздросцілі яму, бо пустата, якая стварылася ў верхнім радзе яго зубоў, дазваляла яму пляваць зусім новым і незвычайным спосабам. За ім хадзіла цэлая чарада дзетвары, зацікаўленая такой з’явай: адзін хлопчык, які парэзаў сабе палец і да гэтага часу карыстаўся агульнай увагай і пашанай,— цяпер адразу страціў усіх сваіх прыхільнікаў, і слава яго змеркла. Ён быў вельмі пакрыўджаны і з няшчырай пагардай абвясціў, што нічога не варта так плявацца, як Том Соўэр; але другі хлопчык адказаў на гэта: «а ну, паспрабуй!» — і той адышоў, як развенчаны герой.
Неўзабаве пасля таго Том сустрэўся з Гекльберы Фінам, сынам усім вядомага ў горадзе п’яніцы. Усе мамы ў горадзе шчыра ненавідзелі Гекльберы і разам з тым баяліся яго, бо ён быў гультай, брыдкі, невыхаваны і не прызнаваў ніякіх законаў. Том, як і іншыя хлопчыкі з «прыстойных» дамоў, зайздросціў адрынутаму Гекльберы, які мог увесь дзень нічога не рабіць. Тому таксама было сурова забаронена гуляць з гэтым абадранцам, але акурат таму ён і карыстаўся кожным выпадкам, каб пагуляць з ім.
Гекльберы апранаўся ў неданоскі з плеч дарослых людзей; вопратка яго ва ўсе пары году квітнела рознакаляровымі плямамі і вісела лахманамі. Капялюш яго быў зусім разбураны: ад яго (палёў звешваўся ўніз вялікі кавалак у выглядзе поўмесяца. Куртка на ім даходзіла яму да пят, і заднія гузікі размясціліся куды ніжэй спіны. Штаны трымаліся нямаведама як і спускаліся ззаду вялізным пустым мехам, а ў нізе валакліся па зямлі памялом. Гекльберы быў вольнай птушкай, бадзяўся, дзе хацеў, у добрае надвор’е начаваў дзе-небудзь ля чужога ганка, а ў дрэннае,— у пустых бочках. Яго не прымушалі хадзіць у школу і ў царкву, яму не было каго слухацца, над ім не было гаспадара.
Ён мог вудзіць рыбу ці купацца, калі і дзе хацеў, і сядзець у вадзе, колькі ўлезе. Ніхто не забараняў яму біцца. Клаўся спаць ён, калі хацеў, хоць сярод ночы. Увесну ён першы з усіх хлопчыкаў пачынаў хадзіць босы і ўвосень апошні надзяваў скураныя боты. Яму не трэба было ні мыцца, ні надзяваць чыстае адзенне, і лаяўся ён дасканала. Словам, гэты хлопчык меў усё тое, што надае вартасць жыццю. Так думалі ўсе затузаныя, скаваныя «добрым выхаваннем» хлопчыкі з «прыстойных дамоў» ў Пітэрсборо.