— Вядома, калі ты не баішся.
— Баюся! Ну вось яшчэ! Ты мяўкнеш пад акном?
— Добра, і калі табе можна выйсці, ты сам мяўкні ў адказ. А то мінулы раз ты столькі пратрымаў мяне дарма. Ужо-ж я мяўкаў, мяўкаў, пакуль стары Гейс не пачаў кідаць у мяне каменнем, кажучы: «Чорт-бы пабраў гэтую кошку!» За гэта я пабіў яму акно цэглай,— толькі ты нікому не кажы.
— Добра, У тую ноч я не мог мяўкаць: цёця ўвесь час сачыла за мной. Але сёння я абавязкова мяўкну. Слухай, Гек, што гэта ў цябе?
— Ды нічога такога,— клешч.
— Дзе ты яго ўзяў?
— А ў лесе.
— Што возьмеш за яго?
— Не ведаю. Мне неахвотна яго прадаваць.
— Як хочаш. Ды і клешч малюсенькі.
— Ужо-ж! Чужое заўсёды стараюцца зганіць. А мне і такі клешч добры. Для мяне і гэтага досыць.
— Кляшчоў у лесе колькі хочаш. Я мог-бы набраць тысячу, каб захацеў.
— Зачым-жа ж справа стаіць? Чаму-ж ты не ідзеш у лес? Ага! сам ведаеш, што гэта табе не ўдалося-б. А я табе скажу, што гэты клешч вельмі ранні, першы, якога я знайшоў сёлета.
— Слухай, Гек, я табе дам за яго свой зуб.
— Дай паглядзець!
Том дастаў паперку і асцярожна разгарнуў яе. Гекльберы ўважліва агледзеў зуб. Спакуса была вялікая. Нарэшце ён спытаўся:
— Гэта сапраўдны?
Том падняў верхнюю губу і паказаў дзірку.
— Ну, добра,— па руках.
Том палажыў кляшча ў карабок ад пістонаў, які яшчэ нядаўна служыў турмой жуку, і хлопчыкі разышліся, кожны адчуваючы сябе багацейшым.
Дайшоўшы да маленькага дома, дзе змяшчалася школа, Том шпарка ўвайшоў з выглядам чалавека, які добрасумленна спяшаецца на лекцыі, павесіў шапку на цвік і з працавітай спешкай сеў на лаўку. Настаўнік сядзеў на высокім шчарбатым крэсле і спакойна драмаў пад ціхі гул галасоў. Прыход Тома разбудзіў яго.
— Томас Соўэр!
Том ведаў, што калі настаўнік называе яго поўным імем, дык добрага чакаць ад гэтага нельга.
— Сэр?
— Хадзі сюды! Ну, сэр, чаму вы сёння зноў спазніліся?
Тому лёгка было-б выкруціцца, зманіць, але ён збіўся з панталыку і, не падумаўшы, адказаў:
— Я спыніўся пагутарыць з Гекльберы Фінам.
У настаўніка аж дух захапіла; ён збянтэжана азіраўся навакол. Гудзенне сціхла. Школьнікі дзівіліся, ці не звар’яцеў гэты смяльчак. Настаўнік пачаў:
— Ты... ты што зрабіў?
— Я спыніўся пагутарыць з Гекльберы Фінам. Памыліцца ў сэнсе гэтых слоў было немагчыма.
— Том Соўэр, гэта самае незвычайнае прызнанне, якое я чуў на сваім вяку. За такую дзёрзкасць мала лінейкі. Здымай куртку!
Рука настаўніка працавала, пакуль не змарылася. Пук лазы зменшыўся значна. Потым быў загад:
— Цяпер ідзі і садзіся з дзяўчатамі! І хай гэта паслужыць табе навукай.
Хіхіканне, якое чулася ў класе, збянтэжыла хлопчыка, і ён сеў побач з той незнаёмай дзяўчынкай, перад якой ён столькі «фігураваў» у суботу. Дзяўчынка трасанула галоўкай і адсунулася ад яго. Том сядзеў ціха, абапёршыся на парту, і, здаецца, старанна чытаў. Праз некаторы час ён перастаў быць цэнтрам агульнай увагі, і клас зноў напоўніўся звычайным школьным гудзеннем. Тады Том пачаў цішком пазіраць на суседку. Тая заўважыла гэта, скрывіла твар і на хвіліну павярнулася да яго спіной. Калі-ж яна асцярожна зноў павярнулася да яго тварам, перад ёю ляжаў персік. Дзяўчынка адштурхнула яго. Том зноў ціханька пасунуў. Яна зноў адсунула, але ўжо не так варожа. Том цярпліва палажыў персік зноў на месца,— і яна пакінула яго там. Том накрэмзаў на грыфельнай дошцы: «Калі ласка, вазьміце,— у мяне ёсць яшчэ». Дзяўчынка паглядзела на дошку, але нічога не адказала. Хлопчык зноў пачаў нешта крэмзаць, засланяючыся ад яе левай рукой. Дзяўчынка спачатку прыкідвалася, што не звяртае ўвагі, але потым прыродная чалавечая цікавасць пачала, відаць, прачынацца ў ёй. Хлопчык крэмзаў, нібы нічога не бачыў. Дзяўчынка паспрабавала зірнуць, што ён піша, але так, каб не вельмі сябе выдаць. Том зноў-жа не падаў знаку, што ён заўважыў яе цікавасць. Нарэшце яна не вытрымала і нерашуча шапнула:
— Дайце паглядзець!
Том паказаў частку досыць карыкатурнага рысунка дома з пакатым дахам і дымам, які высоўваўся з коміна, як пробачнік. Дзяўчынка паступова зацікавілася яго работай і забылася на ўсё ў свеце. Калі Том скончыў, яна доўга глядзела, а потым шапнула:
— Якое хараство! Цяпер нарысуйце чалавека.
Мастак паставіў на дварэ перад домам чалавека, падобнага на пад'ёмны кран, і такога высокага, што ён мог-бы пераступіць цераз дом. Але дзяўчынка не належала да суровых крытыкаў. Яна задаволілася вырадкам і прашаптала:
— Які прыгожы! Цяпер нарысуйце мяне побач з ім. Том нарысаваў пясочны гадзіннік, зверху прыладзіў да яго поўны месяц, дадаў саламяныя ручкі і ножкі і ў растапыраныя пальцы ўлажыў вялізны веер. Дзяўчынка сказала: