— І гэта таксама прыгожа. Хацела-б я ўмець рысаваць.
— Гэта не цяжка,— шапнуў Том. — Я вас навучу.
— Ну, праўда? Калі?
— На вялікім перапынку. Вы пойдзеце дадому абедаць?
— Магчыма, не пайду.
— Добра. Як вас завуць?
— Бэкі Тэчэр. А вас? Але-ж я ведаю,— Томас Соўэр.
— Мяне называюць так перад тым, як караць. Калі-ж я добра трымаю сябе, мяне клічуць проста Том. Вы будзеце мяне зваць Том, так?
— Так.
Том зноў пачаў нешта пісаць на дошцы, хаваючы ад дзяўчынкі напісанае. Але цяпер ужо яна не адсоўвалася, а прасіла паказаць. Том адмаўляўся:
— Там нічога няма.
— Не, ёсць!
— Не, няма. Ды вам і глядзець зусім не хочацца.
— Не, хочацца, сапраўды хочацца. Калі ласка, пакажыце!
— Вы каму-небудзь скажаце.
— Не скажу, чэснае слова, не скажу!
— Нікому, ні адной жывой душы? Пакуль жывыя?
— Нікому не скажу. Пакажыце-ж!
— Ды вам-жа ж зусім і не хочацца...
— Калі вы такі ўпарты, Том, я ўсёроўна ўбачу.
І яна палажыла сваю маленькую ручку на яго руку. Пачалася лёгкая барацьба. Том рабіў выгляд, нібы сур’ёзна ўпінаецца, але пакрыху адсоўваў сваю руку, і нарэшце адкрыліся словы: «Я вас кахаю!»
— Ах, які вы брыдкі! — і дзяўчынка досыць балюча ўдарыла яго па руцэ, але пачырванела не без прыемнасці.
У гэты самы момант Том адчуў, што караючая рука моцна ўхапіла яго за вуха і прыпадымае з лаўкі. Такім чынам яго павялі праз увесь клас, на другі бок, і пасадзілі на яго ўласнае месца, пры агульных насмешках вучняў. Некалькі жудасных хвілін стаяў настаўнік над ім, не кажучы ні слова, потым таксама моўчкі пайшоў да свайго трона.
Калі школа супакоілася, Том добрасумленна хацеў прымусіць сябе займацца, але для гэтага ён быў надта ўсхваляваны. У часе чытання ён блытаў словы, на геаграфіі ператвараў азёры ў горы, горы ў рэкі, а рэкі ў астравы, так што выходзіў першабытны хаос, які быў перад стварэннем свету. У дыктоўцы ён нарабіў безліч памылак у самых простых словах,— адным словам, спусціўся да апошняга вучня і вымушан быў уступіць другому бляшаную мядальку, якую ён з гонарам насіў некалькі месяцаў.
Раздзел VI
Чым больш Том стараўся прыкаваць сваю ўвагу да кнігі, тым больш раскідваліся яго думкі, так што нарэшце, уздыхнуўшы і зяхнуўшы, ён перастаў старацца. Яму здавалася, што вялікі перапынак ніколі не прыдзе. У паветры стаяла мёртвая ціша — ні гуку, ні дыхання. З усіх снатворных дзён гэты быў самы снатворны. Усыпляючае мармытанне дваццаці пяці школьнікаў, паўтараючых заданне, баюкала душу, як чароўнае гудзенне пчол.
Том усім сэрцам прагнуў вырвацца на волю, або хоць знайсці што-небудзь цікавае, каб запоўніць час, які цягнуўся так нудна. Ён сунуў руку ў кішэню, і твар яго раптам асвятліўся радасцю. Ён цішком выцягнуў з кішэні карабок, вынуў кляшча і палажыў яго на даўгую плоскую парту. Клешч у гэты момант пэўна адчуў удзячнасць, але не надоўга: бо як толькі ён задумаў уцячы, Том булаўкай павярнуў яго назад.
Побач з Томам сядзеў яго сардэчны прыяцель, які нудзіўся не менш за яго. Ён вельмі ўзрадваўся такой забаве і адразу зацікавіўся ёю. Сардэчнага прыяцеля звалі Джо Гарпер. Хлопчыкі ўвесь тыдзень былі неразлучныя, а ў святы ваявалі адзін супроць аднаго на чале двух варожых армій. Джо таксама выцягнуў з курткі булаўку і пачаў памагаць прыяцелю ганяць кляшча. Абодва чым далей, тым больш захапляліся гэтым заняткам. Нарэшце Том абвясціў, што яны толькі перашкаджаюць адзін аднаму і ніводзін не атрымоўвае поўнага задавальнення. Ён палажыў на парту грыфельную дошку таварыша і правёў пасярэдзіне лінію зверху данізу.
— Угавор такі: пакуль клешч будзе на тваім баку, ты можаш ганяць яго куды хочаш, а я ўжо не буду чапаць яго, але-ж, калі ты яго ўпусціш і ён уцячэ да мяне, тады ўжо ты яго не чапай, пакуль ён зноў не пяройдзе на твой бок. Згодзен?
— Добра. Давай пачынаць!
Клешч вельмі хутка ўцёк ад Тома і перайшоў экватар. Джо доўга важдаўся з ім, а потым клешч і ад яго ўцёк, вярнуўся назад. Гэтыя пераходы паўтараліся некалькі разоў. Пакуль адзін хлопчык ганяў кляшча, цалкам захоплены гэтым цікавым заняткам, другі з не меншай цікавасцю, сачыў за ім. Абодва схілілі галовы над дошкай і забыліся на ўвесь свет.
Нарэшце шчасце, відаць, назусім перайшло на бок Джо. Клешч, узбуджаны і ўсхваляваны не менш за саміх хлопчыкаў, кідаўся туды і сюды, але кожны раз, як толькі ён збіраўся перайсці да Тома і ў таго свярбелі рукі, каб пачынаць, Джо булаўкай спрытна заварочваў кляшча ў другі бок і пакідаў яго за сабой. Том нарэшце не вытрымаў: надта ўжо вялікая была спакуса. Ён працягнуў руку і сваёй булаўкай загарадзіў дарогу кляшчу. Джо ўскочыў, як ашпараны: