— Том, не чапай!
— Я хачу толькі крыху падагнаць яго, Джо!
— Гэта нячэсна, сэр! Пакінь яго ў спакоі!
— Ды ну цябе,— я-ж трошкі.
— Пакіньце кляшча ў спакоі, гавораць вам!
— Не жадаю.
— Ты не маеш права чапаць: ён на маім баку.
— А клешч чый?
— Мне ўсёроўна, чый ён,— ён на маім баку, і ты не маеш права яго чапаць!
— Што? Не маю права!? Клешч мой, і я магу рабіць з ім, што захачу!
У гэты момант Том атрымаў здаравенны ўдар па спіне; другі такі-ж удар трапіў у плячо Джо, а потым на працягу двух мінут настаўнік з вялікай стараннасцю выбіваў пыл з куртак, а школа ўся рагатала. Хлопчыкі былі так захоплены сваёй гульнёй, што не заўважылі, як перад гэтым у класе раптам зрабілася ціха. Справа ў тым, што настаўнік падкраўся да іх ціха, на пальцах і досыць доўга стаяў ззаду, сочачы за гульнёй, а потым ужо дадаў ёй і з свайго боку больш рознастайнасці.
Калі нарэшце прышло дванаццаць гадзін і настаў вялікі перапынак, Том вышаў са школы з адной групай школьнікаў, Бэкі — з другой. Праз некаторы час яны сустрэліся на лужку і вярнуліся разам у пустую школу. Яны селі блізенька адзін ля аднаго і палажылі перад сабой грыфельную дошку. Том даў Бэкі грыфель і ейнаю рукою нарысаваў другі дом, дзівоснай архітэктуры. Калі цікавасць да мастацтва прайшла, яны сталі проста балакаць адзін з адным.
Том пытаўся:
— Ты любіш пацукоў?
— Фу! я іх цярпець не магу.
— Яно так,— жывых і я не люблю. Але я кажу пра здохлых; ім можна завязаць вяроўку на шыю і круціць вакол галавы.
— Не, пацукоў я наогул не люблю. А вось што я люблю,— жаваць разінку.
— І я таксама. Шкода толькі, што яе ў мяне няма.
— У такім разе ў мяне крыху ёсць. Я дам табе пажаваць, толькі ты мне потым аддай назад.
Гэта было прыемна, і яны пачалі жаваць па чарзе, матаючы нагамі ад празмернай прыемнасці.
— Ты была калі-небудзь у цырку?
— Была, і тата абяцаў яшчэ раз павесці мяне, калі я буду добрая.
— Я быў у цырку тры-чатыры, многа разоў! Там заўсёды прадстаўляюць што-небудзь новае. Я, калі вырасту, паступлю клоунам у цырк.
— Праўда? Вось добра! Яны ўсе такія прыгожанькія, стракаценькія!
— Але, але, і пры гэтым кучу грошай заграбаюць... Бэн казаў, па далару ў дзень. Слухай, Бэкі, ці была ты калі-небудзь заручаная?
— Што гэта значыць?
— Ну, заручаная, каб выйсці замуж?
— Не.
— А хацела-б?
— Не ведаю. У якім гэта выглядзе?
— У якім выглядзе? Ды ні ў якім. Ты проста гаворыш хлопчыку, што ніколі ні за каго не пойдзеш, апрача яго,— разумееш, ніколі! — потым цалуеш яго, вось і ўсё. Гэта кожны можа зрабіць!
— Цалаваць? Навошта-ж цалаваць?
— Ну, затым, каб... ды таму, што звычай такі... Усе гэта робяць.
— Усе?
— Ну але, усе закаханыя. Ты памятаеш, што я напісаў на дошцы?
— Памятаю.
— Што-ж?
— Не скажу.
— Тады можа мне сказаць?
— Так, скажы... але толькі калі-небудзь у другі раз.
— Не, цяпер.
— Не, не трэба — лепш заўтра.
— Не, не, цяпер, Бэкі. Я ціханька, я шапну табе на вушка.
Том просіць дараваць яму. |
Бэкі не ведала, што сказаць, а Том палічыў яе маўчанне за згоду, прылажыў губы да самага яе вуха і паўтарыў гэтыя словы. Потым сказаў:
— Цяпер ты мне шапні тое-ж самае.
Яна доўга адмаўлялася, потым папрасіла:
— Адвярніся, каб не бачыць мяне,— тады скажу. Толькі ты нікому не расказвай,— чуеш, Том? — нікому, нікому! Добра?
— Не, не, я нікому не скажу, будзь спакойная. Ну, Бэкі!
Ён адвярнуў твар, і яна саромліва прашаптала:
— Я... вас... кахаю!
Потым ускочыла і пачала бегаць вакол парт, ратуючыся ад Тома, які ганяўся за ёй; потым зашылася ў кут і закрыла твар белым фартухом.
— Ну, Бэкі,— абвясціў Том,— цяпер усё ўжо скончана,— засталося толькі пацалавацца.
І ён цягнуў яе за фартух і за рукі.
Трохі-па-трохі яна здалася і апусціла рукі, а Том пацалаваў яе проста ў губы, кажучы:
— Ну, вось і ўсё, Бэкі. Цяпер ты ўжо нікога не павінна любіць, апрача мяне, і ні за кога, апрача мяне, не выходзіць замуж, ніколі, ніколі і навекі вякоў. Ты абяцаеш?
— Так, я нікога не буду любіць, Том, апрача цябе, і ні за кога другога не пайду замуж. І ты глядзі, ні з кім не жаніся, апрача мяне.
— Ды ўжо-ж, вядома,— такі ўгавор. І калі пойдзеш у школу ці са школы, ідзі са мной,— калі нікога з старэйшых не будзе блізка,— і ў гульні выбірай мяне, а я буду цябе выбіраць. Так заўсёды робяць заручаныя.