— Я ніколі не чула пра гэта. Гэта вельмі міла!
— Гэта надзвычайна весела! Мы з Эмі Лорэнс...
Шырока расчыненыя ясныя вочкі сказалі Тому, што ён даў маху, і ён спыніўся збянтэжаны.
— Том! Дык я ўжо не першая, з якой ты быў заручаны?
Дзяўчынка заплакала.
— Не плач, Бэкі. Я не кахаю яе больш.
— Не, кахаеш! Ах, Том, ты сам ведаеш, што кахаеш.
Том хацеў-быў абняць яе, але яна адштурхнула яго, павярнулася тварам да сцяны і зноў заплакала. Том пачаў суцяшаць яе, называючы ласкавымі імёнамі, зноў паспрабаваў абняць, але яна зноў адштурхнула яго. Тады ў ім абудзіўся гонар. Ён пакрыўдзіўся і вышаў.
На вуліцы ён пастаяў крыху, усхвалявана пераступаючы з нагі на нагу і пазіраючы на дзверы з надзеяй, што Бэкі раздумаецца і прыдзе за ім. Але яна не прыходзіла. Тому зрабілася ніякавата: а што, калі ён адзін вінаваты? Яму было вельмі цяжка прымусіць сябе зрабіць першы крок да прымірэння, але ён пабароў гонар і вярнуўся.
Бэкі ўсё стаяла ў куце і плакала, прыціскаючыся тварам да сцяны. У Тома ёкнула серца. Ён падышоў да яе, пастаяў крыху і, не ведаючы з чаго пачаць, выцягнуў галоўную сваю каштоўнасць — медны шарык ад пакрыўкі для жароўні — і, паводзячы ім перад яе вачыма, сказаў:
— Прашу цябе, Бэкі, не плач. Ну, хочаш, я табе падарую гэта!
Яна адштурхнула яго руку. Шарык паляцеў на падлогу.
Тады Том зноў пайшоў на вуліцу і парашыў пайсці далёка за ўзвышшы, каб у гэты дзень больш ужо не вяртацца ў школу. Бэкі раптам западозрыла нешта нядобрае. Яна пабегла да дзвярэй — Тома не было відаць. Яна абегла вакол дома, спадзяючыся знайсці яго на лужку для гульняў, але яго і там не было. Тады яна стала клікаць:
— Том! Том, вярніся!
Яна напружана прыслухалася, але водгуку не было. Вакол усё было ціха і пустынна. Яна села і зноў расплакалася; сумленне мучыла яе. Тымчасам пачалі збірацца школьнікі; трэба было затоіць сваё гора і спакойна сядзець на працягу доўгіх, нудных лекцый. У яе не было прыяцеляў сярод чужых дзяцей, ёй не было з кім падзяліць свой смутак.
Раздзел VII
Том ішоў па полі зігзагамі, заварочваючы то направа, то налева, пакуль не пакінуў далёка за сабой тую дарогу, па якой звычайна вярталіся дадому школьнікі. Праз поўгадзіны ён быў ужо каля замка Дуглас на вяршыні ўзвышша, і будынак школы ледзь відаць быў унізе, у лагчыне.
Том паглыбіўся ў лес, вельмі густы, прабраўся без сцежак у самую пушчу і прысеў адпачыць пад шырокім дубам. Ён доўга сядзеў, паставіўшы локці на калены і абапёршыся падбародкам на рукі, сядзеў і думаў. Ён думаў пра тое, як добра ляжаць у магіле, спаць і вечна марыць, калі вецер шэпча ў лісцях дрэў, калыша траву і кветкі на магіле, і няма чаго сумаваць, няма аб чым гараваць ніколі, ніколі! Узяць хоць-бы гэтае дзяўчо... Ну што ён зрабіў ёй? Нічога. А яна прагнала яго, як сабаку — проста як сабаку. Калі-небудзь пашкадуе; можа тады, калі ўжо будзе позна. Ах, каб можна было памерці часова!
А што, калі ён зараз пойдзе, куды вочы глядзяць, таемна знікне для ўсіх? Што, калі ён пойдзе далёка-далёка, за мора, у невядомыя краі, з тым, каб ніколі ўжо не вяртацца? І як ёй тады будзе?..
Ён успомніў, як ён збіраўся зрабіцца клоунам, але цяпер гэтая думка была яму ўжо агіднай. Не, ён пойдзе ў салдаты і вернецца дадому праз многа гадоў, пакрыты ранамі і славай. Або, яшчэ лепш, пойдзе да індзейцаў, будзе паляваць з імі на буйвалаў, узбірацца па горных сцежках на непрыступныя кручы, бадзяцца па раўнінах далёкага Захаду, дзе няма ніякіх сцежак, і калі-небудзь вернецца дадому вялікім правадыром, увесь у пер’ях, размалёваны, страшны, і сунецца адразу ў нядзельную школу ў сонную летнюю раніцу з ваяўнічым клічам, ад якога кроў стыне ў жылах. Вось вылупяць вочы ўсе таварышы! Вось будуць яму зайздросціць!
Але не, ён ведае нешта лепшае. Ён будзе яшчэ піратам, морскім разбойнікам! Вось яно што. Цяпер ён ясна бачыў перад сабой сваю будучыню, асвятлёную неапісальнай славай. Яго слава будзе грымець па ўсім свеце; ад яго імя будуць дрыжаць народы! Як горда будзе ён насіцца па бурных морах, уздымаючы хвалі сваім даўгім чорным караблём — «Дух Буры», з чорным флагам на высокай мачце! І, дасягнуўшы вяршыні сваёй славы, ён раптам з’явіцца ў родным гарадку, у царкве, увесь чорны, загарэлы, засівераны, у чорнай аксамітнай камізэльцы і такіх самых штанах, у высокіх батфортах, з чырвонай перавязкай цераз плячо; за поясам пісталеты, нож, заржавелы ад пралітай крыві, на галаве мяккі капялюш з пышнымі пер’ямі, у руцэ чорны флаг, а па ім вышыты чэрап і скрыжаваныя косці. І ўсе ў захапленні будуць шаптаць: «Гэта Том Соўэр, пірат, чорны мсцівец іспанскіх мораў!» Так, гэта вырашана! Шлях яго выбраны. Ён заўтра-ж уцячэ з дому. А каб быць гатовым да раніцы, трэба пачаць зборы зараз-жа. Паглядзім, што ў яго ёсць.