— Слухай, Гек, як ты думаеш, Вільямс чуе, што мы гаворым?
— Вядома, чуе. Прынамсі, душа яго чуе.
Зноў пауза.
— Шкада, што я назваў яго проста Вільямс, а не містэр Вільямс. Але-ж я не хацеў яго абразіць. Яго ўсе так называлі.
— Трэба быць больш асцярожным, Том, калі гаворыш пра нябожчыкаў.
Гэтая заўвага адбіла ў Тома ахвоту весці далейшую гутарку. Але раптам ён схапіў таварыша за руку.
— Тсс!
— Што там такое?
І абодва, моцна прыціснуўшыся адзін да аднаго, чакалі што будзе.
— Тсс! вось зноў! Ты чуеш?
— Я...
— Ага! цяпер і ты пачуў.
— Том, яны ідуць! Гэта яны! Што нам рабіць?
— Не ведаю. Ты думаеш, яны нас убачаць?
— Ох, Том, яны-ж у цемры бачаць, як кошкі! І навошта толькі я пайшоў!..
— Ды ты не бойся... Я думаю, яны нас не крануць. — Мы-ж нічога дрэннага не робім. Калі мы стоімся, можа яны нас і зусім не заўважаць.
— Паспрабуем. Але-ж толькі ой як страшна! Я ўвесь дрыжу.
— Тсс! слухай!
Хлопчыкі, ледзь дыхаючы, шчыльней прыціснуліся адзін да аднаго. З другога канца могілак данасіліся прыглушаныя галасы.
— Глядзі! Ты бачыш? — шапнуў Том.
— Што гэта, Том? Гэта пякельны агонь! Ах, Том, як страшна!
З цемры высунуліся нейкія цмяныя фігуры. Перад імі калыхаўся стары бляшаны ліхтар, рассыпаючы па зямлі безліч іскраў святла.
— Гэта, напэўна, чэрці!—трасучыся шапнуў Гекльберы. — Аж тры! Прапала мая галава!
— Ды ты не бойся — яны нас не крануць.
— Тсс!
— Што такое, Гек?
— Гэта людзі! Прынамсі, адзін з іх. Гэта стары Меф Потэр. Я пазнаў яго голас.
— Ну? Не можа быць!
— Далібог, пазнаў. Ты стаіся, не дыхай. Ён нас не ўбачыць, — дзе яму! Стары пэўна п’яны, як заўсёды.
— Добра, стаюся. Вось яны ўсталі. Відаць, шукаюць нешта. Вось зноў ідуць сюды. Бач, як бягуць. Во як пруць! Ну, пэўна сюды! Слухай, Гек, я і другі голас пазнаў — гэта індзеец Джо!
— Ну, вядома, пракляты метыс! Лепш ужо тады гэта былі-б чэрці. І што ім тут трэба?
Але тут хлопчыкі і шаптацца перасталі, бо ўсе гэтыя тры фігуры дайшлі да магілы і спыніліся недалёка ад таго месца, дзе схаваліся нашы героі.
— Тут! — сказаў трэці і падняў ліхтар так, што асвятліў сабе твар. Хлопчыкі пазналі маладога доктара Рабінзона.
Глядзі! Ты бачыш? |
Потэр і індзеец Джо неслі насілкі, на іх ляжала вяроўка і дзве рыдлёўкі. Яны палажылі на зямлю насілкі і пачалі раскапваць магілу.
Доктар паставіў ліхтар на беразе магілы, а сам сеў на зямлю, прысланіўшыся спіною да аднаго з вязаў.
Ён быў так блізка, што хлопчыкі маглі дакрануцца да яго.
— Хутчэй, браткі! — казаў ён ціха. — Кожную хвіліну можа ўзыйсці месяц.
Яны нешта буркнулі ў адказ і дружна ўзяліся за рыдлёўкі. Некаторы час нічога не было чуваць, апрача шурхання зямлі. Гук гэты наводзіў сум сваёй аднастайнасцю. Нарэшце пачуўся глухі стук аб дрэва: рыдлёўка стукнулася аб дамавіну, і праз некалькі мінут яе выцягнулі наверх. Тымі-ж рыдлёўкамі паднялі крышку, выцягнулі мерцвяка і груба кінулі яго на зямлю. У гэты момант месяц выплыў з-за хмар і асвятліў сіні, страшны твар нябожчыка.
Яго палажылі на загадзя падрыхтаваныя насілкі, накрылі коўдрай і прывязалі вяроўкай. Потэр вынуў вялікі складаны нож, адрэзаў лішні канец вяроўкі і сказаў:
— Ну, гатова ваша праклятая работа. Цяпер давайце яшчэ пяць залатых, а то мы яго так тут і кінем.
— Разумныя словы прыемна слухаць,— падтрымаў індзеец Джо.
— Дазвольце! Гэта што азначае? — засупярэчыў доктар. — Вы-ж патрабавалі ўсе грошы наперад, і я заплаціў вам.
— Так, і яшчэ нешта вы зрабілі,— сказаў Джо, падышоўшы да доктара, які ўстаў на ногі. — Пяць гадоў назад вы мяне выгналі з кухні вашага бацькі, куды я зайшоў папрасіць чаго-небудзь з’есці. Вы сказалі, што я прышоў з нядобрай думкай. А калі я пакляўся адпомсціць вам за гэта хоць праз сто гадоў, ваш бацька пасадзіў мяне ў турму, як валацугу. Вы думалі, я пра гэта забыўся? Нездарма ў мяне індзейская кроў. Цяпер вы ў мяне ў руках, і мы з вамі палічымся, так і ведайце!
Ён пагражаў доктару кулаком у самы твар. Той раптам замахнуўся і адным ударам паваліў індзейца на зямлю. У Потэра ад здзіўлення вываліўся з рук нож, і ён крыкнуў:
— Эй, вы! Гэта што такое? Я таварыша біць не дазволю!
І ён кінуўся на доктара. Яны сашчапіліся і пачалі борацца, напружваючы ўсе сілы, тапчучы траву і ўзрываючы нагамі мяккую зямлю. Індзеец Джо ўскочыў на ногі; вочы яго гарэлі нянавісцю. Ён падняў кінуты Потэрам нож і, крадучыся, як кошка, увесь выгнуты, пачаў кружыцца вакол барцоў, выглядаючы зручны момант.