Выбрать главу

Жудасная тайна і сумленне доўга не давалі Тому спаць, і аднаго разу ў час снедання Сід сказаў яму:

— Том, ты так круцішся і гаворыш у сне, што няма магчымасці заснуць,— я палову ночы не спаў.

Том збляднеў і апусціў вочы.

— Гэта дрэнны знак,— сур’ёзна сказала цёця Поллі. — Што ў цябе на душы, Том?

— Нічога! Нічога!

Але рукі хлопчыка дрыжэлі так, што ён разліў каву.

— І гаворыш ты ўсё нейкія недарэчнасці,— казаў Сід. — Напрыклад, мінулай ноччу ты казаў: «Гэта кроў, кроў, вось што гэта такое!» І ўсё паўтараеш тое самае. А потым гаворыш: «Не мардуйце мяне так,— я скажу». Што такое ты скажаш?

Усё закружылася і паплыла перад вачыма Тома. Цяжка сказаць, што было-б далей, каб у гэтую мінуту супакоеная цётка Поллі, сама таго не ведаючы, не прышла на дапамогу Тому.

— Гэта ўсё ад таго жудаснага забойства. Мне самой яно сніцца бадай што кожную ноч. Часам я бачу ў сне, нібы гэта я яго забіла.

Мэры сказала, што з ёй бывае тое самае, і Сід, як відаць, задаволіўся гэтымі тлумачэннямі.

Том скарыстаў першы повад, каб хутчэй адыйсці ад сваякоў і пасля гэтага з тыдзень скардзіўся на боль зубоў і сціскаў сабе на ноч сківіцы хусткай, каб не балбатаць ва сне. Ён не ведаў, што Сід наўмысля не спаў па начах, часам аслабляў павязку і, абапёршыся на локці, прыслухоўваўся к словам брата, а потым зноў папраўляў павязку.

Але праз некаторы час непакой і згрызоты Тома пачалі сцішацца; яму надакучала скардзіцца на боль зубоў, і ён ужо не завязваў галавы на ноч. Калі Сід і зрабіў якія-небудзь вывады з урыўкаў слоў, якія яго брат гаварыў праз сон,— ён нікому аб гэтым не гаварыў.

Том кожны дзень, ці праз дзень, прабіраўся да маленькага акна турмы, дзе сядзеў «забойца», і кантрабандай прыносіў яму розныя ласункі, якія яму траплялася здабыць. Будынак турмы быў невялікі; ён быў пабудаваны з цэглы на балоце, на самым канцы гарадка. Вартаўніка пры ёй не было — спадзяваліся на краты ў вокнах,— ды ў ёй і рэдка хто сядзеў. Гэтыя маленькія падарункі значна супакойвалі сумленне Тома.

Жыхары гарадка мелі вялікае жаданне пакараць метыса

Джо за крадзеж трупаў, вымазаўшы яго смалой, выкачаўшы ў пер’ях і выгнаўшы ў такім выглядзе з горада. Але яго ўсе так баяліся, што не знаходзілася нікога, хто адважыўся-б пачаць, а таму гэты намер быў пакінуты. На допыце метыс абодва разы пачынаў свой расказ проста з бойкі, не кажучы пра папярэдняе запаганенне магілы і крадзеж трупа; з гэтай прычыны палічылі за лепшае пакуль не ўзнімаць гэтага пытання на судзе.

Раздзел XI

Цётка чытае медыцынскія кніжкі.

У Тома з’явілася новае гора: Бэкі Тэчэр перастала хадзіць у школу. Том некалькі дзён стараўся прыглушыць свой сум, але не мог. Ён пачаў па начах хадзіць вакол яе дома, і адчуваў сябе вельмі няшчасным. Бэкі была хворая. А што, калі яна памрэ? Гэтая думка прыводзіла яго да роспачы. Ён не цікавіўся больш ні вайной, ні нават морскім разбоем. Уся прывабнасць жыцця знікла, засталося толькі нудная неабходнасць. Ён закінуў нават свой абруч і палку: яны не цешылі яго болей.

Цётка занепакоілася аб яго здароўі і пачала яго лячыць, спрабуючы на ім усялякія сродкі. Яна была з тых людзей, якія захапляюцца ўсялякімі патэнтаванымі лякарствамі і кожным новым зеллем, і яна безупынна рабіла спробы. Як толькі ў медыцыне з’яўлялася што-небудзь новенькае, яна зараз-жа спяшалася выпрабаваць гэтую навінку — не на сабе, бо сама яна ніколі не хварэла, але на першым, хто трапляўся ёй пад руку.

У той час толькі што ўваходзіла ў моду лячэнне вадой, і прыгнечаны стан Тома трапіўся вельмі дарэчы. Цётка падымала яго з пасцелі ледзь золак, вяла ў сарай для дроў, аблівала яго халоднай вадой і дачырвана церла рушніком, жорсткім як скрабло; потым загортвала яго ў мокрую прасціну і накрывала цёплымі коўдрамі, каб ён добра прапацеў, і небарака пацеў да таго, што, як ён казаў, у яго «ўсе плямы з душы вышлі напаверх скрозь скуру».

Не гледзячы на ўсё гэта, хлопчык усёроўна бляднеў і худзеў, і выгляд яго быў мізэрны. Цётка далучыла да ранейшага лячэння гарачыя ванны, сідзячыя ванны, душы і апусканне ў ваду. Хлопчык заставаўся панурым, як хаўтурныя драбіны. Цётка дадала да вады лёгкую аўсяную дыету і плястры ад скулляў. Яна кожны дзень ліла ў яго, нібы ў гладыш, усялякія лякарствы.

Паступова Том зрабіўся абыякім да ўсяго на свеце, і гэта трывожыла старую цётку да глыбіні душы. Трэба было, чаго-б гэта ні каштавала, вывесці яго з такога стану. Тут яна ўпершыню пачула пра новае лякарства, «болесупакойнік», і зараз-жа выпісала вялікую колькасць гэтага лякарства — пакаштавала яго, і сэрца яе напоўнілася ўдзячнасцю: гэта быў сапраўдны вадкі агонь! Яна пакінула вадзяное лячэнне і ўсклала ўсе свае надзеі на новае зелле. Яна дала Тому выпіць поўную чайную лыжку і з хваляваннем чакала выніку. Трывога яе адразу прайшла, і душа супакоілася, бо абыякавасць у Тома адразу знікла. Каб хлопчыка пасадзілі на гарачае вуголле, ён не мог-бы выявіць больш гарачага ўдзелу ў гэтай спробе.