Выбрать главу

Як толькі здалёк паказаўся Джэф Тэчэр, Том прасвятлеўся, але праз мінуту зноў зрабіўся сумным. У школе Том не адставаў ад Джэфа ні на хвіліну і ўсяляк стараўся накіраваць гутарку на яго сястру, але той быў крыху дурнаваты і не разумеў намёкаў. Том усё чакаў і чакаў, кожны раз радуючыся, калі здалёк паказвалася светлая сукенка; калі-ж выяўлялася, што гэтая сукенка надзета не на той, каго ён чакаў, то пачынаў ненавідзець гэтую асобу. Нарэшце сукенкі перасталі з’яўляцца, і Том зусім павесіў нос.

Сумны і задуменны ён увайшоў у пусты клас і сеў на сваё месца, каб марыць і пакутваць. У гэты момант ля варот паказалася яшчэ адна сукенка... У Тома ёкнула сэрца. У адзін момант ён апынуўся на дварэ і пачаў лютаваць, як індзеец: ён крычаў, рагатаў, ганяўся за таварышамі, скакаў праз плот з небяспекай для жыцця, хадзіў на галаве,— адным словам, геройстваваў і вытвараў усялякія штукі, не забываючыся ўвесь час скосу пазіраць у бок Бэкі — ці глядзіць яна. Але яна, відаць, нічога не бачыла і нават не глядзела ў яго бок. Няўжо-ж яна нават не прымячае яго?

Тады ён перанёс арэну сваіх геройстваў бліжэй да яе, лётаў вакол яе з ваяўнічым клічам, садраў з аднаго хлопчыка капялюш і закінуў яго на дах, уварваўся ў натоўп хлопчыкаў, параскідаў іх ва ўсе бакі і сам выцяўся на зямлі пад нагамі ў Бэкі. Яна адвярнулася, задраўшы носік, і ён чуў, як яна сказала сяброўцы:

— Некаторыя хлапчукі думаюць, што яны страх якія спрытныя... а яны пустыя хвастуны...

Том устаў з палаючым тварам і, апусціўшы галаву, павалокся ў школу.

Раздзел XII

На душы ў Тома было смутна і пахмурна. Ён казаў сабе, што ён адзінок, усімі пакінуты, што ніхто яго не любіць... Потым, калі даведаюцца, да чаго яго давялі, можа і пашкадуюць.. Ён стараўся быць добрым, але яму перашкаджалі... Калі ім так ужо хочацца вызваліцца ад яго, то што-ж? Ён адыйдзе, і хай сабе лаюць яго, колькі хочуць... Ды і чаму-ж не лаяць? Ці-ж адзінокі, усімі пакінуты хлопчык мае права скардзіцца? Так, яго нарэшце прымусілі зрабіцца злачынцам... іншага шляху няма...

З такімі думкамі ён прайшоў ужо луг, як да яго даляцеў звон школьнага званка, які склікаў вучняў на пасляабедзеныя заняткі. Том заплакаў пры думцы, што ён ужо ніколі-ніколі больш не пачуе гэтага добра знаёмага гуку. Прымірыцца з гэтым было цяжка, але нічога не зробіш. Калі яго адштурхоўваюць, кідаюць на волю лёсу, трэба скарыцца. Але ён ім даруе... І Том зарыдаў яшчэ горш.

Акурат у гэты момант ён сустрэўся са сваім неразлучным прыяцелем, Джо Гарперам. У яго таксама быў пахмурны выгляд, і ў душы, відаць, таксама быў горкі і рашучы план. Безумоўна, яны абодва складалі «дзве душы, ахопленыя адзінай думкай».

Том выцер слёзы рукавом і паведаміў свайму таварышу, што ён рашыў пакінуць дом, дзе з ім так дрэнна абыходзяцца і дзе ён ні ў кім не знаходзіць спачування, і ніколі не вяртацца. У канцы ён выказаў надзею, што Джо не забудзецца на яго.

Але тут выявілася, што Джо толькі што хацеў сказаць Тому тое самае і шукаў яго дзеля гэтага самага. Маці адсцёбала яго за тое, што ён нібы выпіў сліўкі, а ён не толькі не каштаваў іх, але нават ніколі не бачыў. Відаць, ён абрыдаў матцы, і яна хоча вызваліцца ад яго. Калі так, яму нічога не застаецца, як выканаць яе жаданне. Ён спадзяецца, што яна будзе шчаслівая і ніколі не пашкадуе, што кінула свайго хлопчыка ў халодны, бяздушны свет, дзе ён будзе пакутваць і памрэ.

Хлопчыкі сумна пайшлі далей, дагаварыўшыся стаяць адзін за аднаго, як браты, і ніколі не разлучацца, пакуль смерць не вызваліць іх абодвых ад пакут. Потым яны пачалі складаць планы. Джо хацеў зрабіцца пустэльнікам, жыць у пячоры, жывіцца сухімі скарынкамі і памерці ад холаду, голаду і гора, але, паслухаўшы Тома, згадзіўся з ім, што злачыннае жыццё куды выгадней, і парашыў зрабіцца піратам.

За тры мілі ад горада, дзе рака Місісіпі дасягае больш мілі ў шырыню, ёсць даўгі, вузкі, лясісты востраў з пясчанай мялізнай — дасканалае месца для разбойніцкага прытулку. Востраў бязлюдны і ляжыць бліжэй к процілегламу берагу, які зарос густым, бадай некранутым лесам. Абмеркаваўшы ўсё гэта, нашы героі парашылі абраць гэты востраў сваёй рэзідэнцыяй. Толькі ім не прышлося ў галаву спытаць сябе, на каго яны накіруюць свае напады.

Потым яны знайшлі Гекльберы Фіна, і той ахвотна далучыўся да іх; бо яму было ўсёроўна, якую прафесію выбраць. Яны дагаварыліся сустрэцца на беразе ракі, у пустынным месцы, за дзве мілі вышэй ад вёскі, у свой аблюбаваны час — поўнач. Там стаяў невялікі плыт, якім яны парашылі аўладаць. Умовіліся, што кожны возьме з сабой вудачкі і кручкі, а таксама харчовыя прыпасы, якія ім пашанцуе здабыць — па магчымасці самым суровым і таямнічым спосабам, як належыць разбойнікам. Разам з тым яны распаўсюдзілі сярод таварышоў прывабную вестку, што хутка ў горадзе «нешта пачуюць». Усіх, каму быў сказаны гэты цмяны намёк, прасілі трымаць язык за зубамі і чакаць.