Выбрать главу

А поўначы Том з’явіўся на месца з вараным кумпяком і некаторымі іншымі харчамі і схаваў усё гэта ў густым зарасніку на ўзгорку, адкуль відаць было месца сустрэчы. Ноч была зорная і вельмі ціхая. Вялізная рака была спакойная, як сонны акіян. Том прыслухаўся — ані гуку. Тады ён ціха, працягла свіснуў. Яму адказаў свіст з гушчару. Том свіснуў яшчэ два разы, і зноў яму адказалі таксама. Потым нечы перайначаны голас спытаўся:

— Хто ідзе?

— Том Соўэр, Чорны Мсцівец. Назавіце вашы імёны!

— Гек Фін—Чырвоная Рука і Джо Гарпер — Уладар Мораў.

Гэтыя назвы былі запазычаны з прыгодніцкіх раманаў.

— Добра, кажыце пароль!

У ночнай цішыні адначасова пачуўся хрыпаты шэпт двух галасоў:

— «Кроў»!

Том пакаціў са ўзгорка свой кумпяк і сам пакаціўся за ім, прычым крыху пацярпелі яго вопратка і скура на кумпяку. Са ўзгорка можна было спусціцца на бераг па дасканалай, зручнай сцежцы, але ён, як шчыры разбойнік, выбіраў небяспечныя і цяжкія шляхі.

Уладар Мораў таксама прынёс кумпяк і ледзь прывалок яго да месца. Фін — Чырвоная Рука — сцягнуў недзе кацялок і цэлы пук недаспелага тытуновага лісця, а таксама некалькі сцяблоў маісу на люлькі, хоць ніводзін з піратаў не курыў і не жаваў тытуну, апрача яго самога.

Чорны Мсцівец абвясціў, што няма чаго і думаць ісці ў дарогу без агню. Гэта была слушная думка, бо запалкі ў тыя часы былі яшчэ мала вядомыя. Хлопчыкі ўбачылі агонь на вялікім плыце, крокаў за дзвесці ўверх па рацэ, падкраліся туды і сцягнулі галаўню. З гэтага яны зрабілі сабе цэлую прыгоду: увесь час «цыкалі» адзін на аднаго, прылажыўшы палец да вуснаў заклікалі да цішыні, хапаліся рукамі за свае неіснуючыя кінжалы і злавесным шэптам загадвалі адзін аднаму, калі толькі «вораг» варухнецца «усадзіць яму нож у грудзі да самай ручкі», бо «мёртвы не выдасць». Яны добра ведалі, што плытнікі гулялі ў вёсцы, але яны павінны былі весці сябе па-разбойніцку.

Пасля таго яны рушылі ў дарогу. Том даваў загады. Гек дзейнічаў вяслом наперадзе, Джо — ззаду. Том удаваў сябе за капітана: сурова хмурыў бровы, скрыжаваўшы рукі на грудзях, камандваў:

— Трымай па ветру!

— Ёсць, сэр!

— Трымай прама, прама!

— Ёсць, сэр!

— Адпусці крыху!

— Ёсць, сэр!

Але ўсе гэтыя загады даваліся так сабе і нічога не азначалі, бо плыт спакойна плыў пасярэдзіне ракі.

— Якія парусы паднятыя?

— Ніжнія, сэр.

— Усе на палубу! Жыва! Шэсць малайцоў на фок-мачту! Варушыся!

— Ёсць, сэр!

— Распусці вялікі парус! Варушыся, хлопцы!

— Ёсць, сэр!

— Трымай к ветру! Кіруй убок,— бачыш, насустрач брыг! Лявей, лявей! Ну, братва! Наваліся дружней!

— Ёсць, сэр!

Плыт выплыў на самую сярэдзіну ракі, хлопчыкі накіравалі яго па цячэнню і палажылі вёслы. Усю наступную гадзіну яны бадай што не гаварылі адзін з адным. Плыт праплыў міма таго гарадка, дзе яны нарадзіліся і выраслі. Горад спакойна спаў: сям там яшчэ свяціліся агеньчыкі, адбіваючыся ў вадзе, дзе глыбока, як дыяманты ззялі зоркі. Усе абываталі адпачывалі, не падазраючы, якая вялікая падзея адбываецца ў гэты момант.

Чорны Мсцівец усё яшчэ стаяў сярод плыта, гледзячы ў апошні раз на тыя месцы, дзе яму так добра жылося раней і дзе ён так пакутваў за апошні час. Яму вельмі хацелася, каб усе бачылі цяпер, як ён плыве сярод бурнага мора і смела глядзіць у твар смерці, ідучы насустрач пагібелі з хмурай усмешкай на вуснах. Маленькае напружанне фантазіі — і Джэксонаў востраў адсунуўся ў бясконцую далечыню. І Том «у апошні раз» паглядзеў на родны горад, з разбітым сэрцам, але задаволены.

Яго таварышы таксама глядзелі ў апошні раз і так доўга, што ледзь было не праехалі міма вострава; але паспелі схамянуцца і папярэдзіць небяспеку. Каля двух гадзін ночы плыт сеў на мель крокаў за дзвесце ад таго месца, дзе яны парашылі размясціцца, і яны доўга хадзілі ўзад і ўперад, пакуль не перацягалі туды ўсю сваю здабычу. Паміж іншым яны ўзялі з плыта стары парус і напялі яго ў прытульным кутку лесу, як палатку, каб засланіць свае прадукты. Самі-ж яны парашылі спаць у добрае надвор'е пад адкрытым небам, як належыць разбойнікам.