Божая кароўка паслухалася і паляцела паглядзець дзетак. Том нават не здзівіўся: ён даўно ведаў, што божая кароўка кожнаму лёгка верыць, і, карыстаючыся гэтым, ён не раз ужо ашукваў яе.
Уся прырода абудзілася. |
Потым з’явіўся чорны жук, цяжка цягнучы сваё круглае цела, і Том дакрануўся да яго, каб бачыць, як ён прыцісне лапкі да цела і прытворыцца мёртвым.
Птушкі тымчасам паднялі страшэнны гам. Амерыканскі дрозд, родны брат еўрапейскага дразда-перасмешніка, усеўся на дрэве, над самай галавой Тома, і з захапленнем выводзіў свае трэлі, перадражніваючы суседзяў. Нібы блакітны агеньчык, мільганула ў паветры крыклівая сава, села на галінку зусім каля хлопчыка, схіліла галаву на бок і з вялікай цікавасцю ўтаропілася на чужака. Шпарка прабегла шэрая вавёрка і другі звярок, большы, лісінай пароды. Ён час ад часу спыняўся, каб паглядзець і папляткарыць наконт нечаканых гасцей. Звяркі, відаць, ніколі раней не бачылі людзей і нават не ведалі, ці баяцца ім ці не.
Уся прырода прачнулася. Праз густое лісце, як стрэлы, пранікалі сонечныя праменні. У паветры з’явілася некалькі матылёў. Том расштурхаў сваіх піратаў і праз дзве мінуты яны, раздзетыя, ужо ганяліся адзін за адным, дурэючы і штурхаючыся па белым пясчаным беразе. Яны зусім не цікавіліся сваім гарадком, які спаў далёка, за велічнай вадзяной пустыняй. Выпадковы струмень знёс іхні плыт, але хлопчыкі былі нават задаволены гэтым. Гэтым яны нібы спальвалі мост паміж сабой і цывілізаваным светам.
Яны вярнуліся ў лагер надзвычайна свежымі, бадзёрымі і страшэнна галоднымі. Хутка паходны касцёр запалаў зноў. Гек знайшоў недалёка крыніцу чыстай халоднай вады, хлопчыкі зрабілі сабе чарпакі з шырокіх дубовых і арэхавых лісцяў і парашылі, што вада з дамешкай гор, лясной цішы і прахалоды зусім не горшая за каву. Джо пачаў наразаць ветчыну на снеданне, але Том і Гек папрасілі яго крыху пачакаць: яны знайшлі на беразе ўтульную мясцінку і закінулі вудачкі. Дабыча з’явілася адразу-ж. Джо не паспеў яшчэ страціць цярплівасць, як яны вярнуліся з двума вялікімі акунямі, ляшчом, двума язямі ды яшчэ дробнай рыбай — словам, са спажывай, якой можна было-б пакарміць цэлую сям’ю. Яны засмажылі рыбу разам з ветчыной і здзівіліся: ніколі яшчэ рыба не здавалася ім такой смачнай. Яны не ведалі, што рыбу лепш за ўсё смажыць зараз-жа пасля таго, як яна злоўлена, і не думалі пра тое, якім добрым прысмакам з’яўляецца сон на чыстым паветры, беганіна, купанне, а галоўнае — голад.
Паснедаўшы, яны паляглі ў цяньку, пакуль Гек выкурыў люльку, а потым пайшлі ўсе разам на разведку. Яны весела шагалі праз спарахнелыя пні, праціскаліся праз густы хмызняк, між дрэвамі, зверху да нізу павітымі паўзучым дзікім вінаградам. Раз-по-раз яны траплялі ў прыгожыя куткі, засланыя смарагдавым дываном і аздобленыя кветкамі.
Яны выявілі, што востраў мае каля трох міль даўжыні і чверць мілі шырыні, і што процілеглы бераг аддзяляўся ад яго вузкай пратокай, шырынёю не больш за сотню крокаў.
Купаліся яны, мусіць, кожную гадзіну і таму вярнуліся ў лагер ужо значна пазней пасля поўдня. Яны былі надта галодныя, таму рыбы больш не лавілі, а замест гэтага надзвычайна добра папалуднавалі халоднай ветчыной і зноў паляглі ў цяньку адпачыць і пагутарыць. Але гутарка хутка пачала перапыняцца, а потым і зусім сціхла. Урачыстая цішыня лесу, пачуццё адзіноцтва, адлучэнне ад людзей пачыналі рабіць свой уплыў на хлопчыкаў. Яны задумаліся. Яны пачалі адчуваць нейкую невыразную нуду,— гэта пачыналася нуда па доме. Нават Фін — Чырвоная Рука — і той марыў пра знаёмы ганак і пустыя бочкі. Але кожны сароміўся сваёй слабасці, і ніхто не адважыўся выказаць голасна сваю думку.
Ужо некалькі часу хлопчыкі чулі здалёк нейкі асаблівы гук, як мы часам чуем ціканне гадзінніка, зусім не думаючы, што гэта такое. Але таямнічы гук паступова рабіўся больш выразным, і ўжо нельга было не звярнуць на яго ўвагі. Хлопчыкі ўсхапіліся, перазірнуліся і пачалі прыслухоўвацца. Настала доўгая цішыня, а потым здалёк пачулася глухое, сумнае «бум!»
— Што гэта?—шэптам усклікнуў Джо.
— Зразумець не магу! — такім-жа шэптам адказаў Том.
— Гэта, браткі, гром,—спалохана сказаў Гекльберы,— бо гром...
— Маўчы ты! — сыкнуў на яго Том. — Слухай лепш!
Яны пачакалі мінуту, якая здалася ім вечнасцю, і потым сярод урачыстай цішыні паўтарылася тое самае дзіўнае, глухое «бум».
— Пойдзем, браткі, паглядзім!
Усе тры ўскочылі і пабеглі к берагу, што быў супроць гарадка. Рассунулі кусты, выглянулі. Пасярэдзіне ракі, на мілю ніжэй ад гарадка плыў невялікі катэр; апрача таго ўзад і ўперад шнырыла многа лодак, але хлопчыкі не маглі разгледзець, што рабілі людзі, якія там сядзелі. Раптам над катэрам узвіўся слуп белага дыму,— і трэці раз той-жа глухі, смутны гук данёсся да нашых герояў.