— Цяпер я ведаю, у чым справа! — усклікнуў Том. — Нехта ўтапіўся.
— Ну, вядома,— падтрымаў Гек. Тое самае было і летась, калі ўтапіўся Біль Тэрнер; тады таксама стралялі з гарматы над вадой,— кажуць, ад гэтага ўтопленікі ўсплываюць напаверх. А яшчэ бяруць хлеб, кладуць у яго жывое срэбра і пускаюць на ваду: дзе ляжыць утопленік, там хлеб і спыніцца.
— Але, я чуў гэта,— сказаў Джо,— толькі не разумею, чаму гэта хлеб спыняецца.
Нехта ўтапіўся. |
— Тут справа не ў хлебе,— растлумачыў Том,— а ў тым, якія над ім словы гавораць, калі пускаюць яго па вадзе.
— І зусім нічога не гавораць! — засупярэчыў Гек. — Я сам бачыў, як пускалі на ваду, і зусім нічога не гаварылі.
—Дзіўна!.. — сказаў Том. — А можа яны паціху гавораць, самі сабе. Ну, вядома! Аб гэтым адразу можна было здагадацца.
Хлопчыкі згадзіліся, што Том гаворыць слушна, бо цяжка было паверыць, каб звычайная луста хлеба, без замовы, магла дзейнічаць так разумна ў такой важнай справе.
— Ух, як хацеў-бы я цяпер трапіць туды! — усклікнуў Джо.
— І я таксама,— падхапіў Гек.— Вельмі ўжо хочацца ведаць, хто гэта ўтапіўся.
Хлопчыкі прыслухоўваліся і чакалі. Раптам у Тома ў галаве мільганула здагадка:
— Браточкі! Я-ж ведаю, хто гэта ўтапіўся: гэта мы!
Яны адразу адчулі сябе героямі. Ды і як было ім не ганарыцца! Іх шукаюць, аплакваюць, праз іх пасылаюць лодкі; праз іх людзі церпяць, ліюць слёзы, абвінавачваюць сябе ў несправядлівасці і ў нячуласці да бедных загінуўшых хлопчыкаў, шкадуюць іх, перажываюць дакоры сумлення, а галоўнае — і гэта лепш за ўсё — пра іх гаворыць увесь горад, ім зайздросцяць усе хлопчыкі. Ну, ці-ж можа быць лепей? Дзеля аднаго гэтага, калі на то пайшло, варта зрабіцца разбойнікамі.
З надыходам змроку катэр вярнуўся на месца, лодкі зніклі, а піраты вярнуліся ў лагер. Яны радаваліся і задаваліся тым, што нарабілі сваёй радні і суседзям столькі клопату.
Яны налавілі рыбы, павячэралі і пачалі ўяўляць сабе, што цяпер гавораць і думаюць аб іх у горадзе, як усе гаруюць — і ад усяго гэтага хлопцам было вельмі прыемна. Але калі ночныя цені агарнулі іх, гутарка паступова спынілася; усе тры пільна глядзелі на агонь, а думкі іх, відаць, былі далёка. Уздым мінуў, і Джо з Томам не маглі не ўспомніць пра некаторых блізкіх ім асоб, якім наўрад ці было весела ад гэтай забаўнай штукі. З’явіліся сумненні, трывога. Абодва адчувалі сябе няшчаснымі: часам у іх вырываўся цяжкі ўздых. Джо нават адважыўся спытацца ў таварышоў, як яны глядзяць на зварот у горад,— не цяпер, вядома, але...
Том накінуўся на яго з насмешкамі, знішчыў яго сваёй пагардай. Гек далучыўся да Тома, і няшчасны герой паспяшаўся растлумачыць, што ён гэта толькі так. Ён усяляк стараўся зняць з сябе абвінавачанне ў тым, што адчуў нуду па дому, і быў-бы рады застацца толькі пад падазрэннем. На гэты раз бунт быў прыдушаны ў самым пачатку.
Тымчасам надышла ноч, і хлопчыкі падрыхтаваліся да сну. Першым заснуў Гек, за ім Джо, а Том некаторы час ляжаў нерухома, прыслухоўваючыся да таварышоў. Потым ён ціха ўстаў і пачаў нешта шукаць у траве. Ён знайшоў некалькі кавалкаў белай кары фігавага дрэва, выбраў два з іх і, стаўшы на калены каля агню, накрэмзаў на іх некалькі радкоў сваім сурыкам. Адзін кавалак кары ён скруціў і схаваў у кішэню, а другі палажыў у капялюш Джо. Апрача таго ён палажыў у капялюш некалькі каштоўнасцей з свайго скарбу: кавалак крэйды, гумы, тры кручка для вудачкі і адзін з шарыкаў, вядомы ім пад назвай «сапраўдны крышталь». Потым асцярожна пайшоў прэч і, адышоўшы досыць далёка, пусціўся бегчы к берагу.
Раздзел XIV
Праз некалькі мінут Том ужо ішоў па мялізне, у вадзе, накіроўваючыся к ілінойскаму берагу. Ён прайшоў поўдарогі, пакуль вада дайшла яму да пояса, а далей ужо не давала ісці цячэнне і тады Том смела пусціўся плысці. Да процілеглага берага заставалася якіх-небудзь сто шагоў. Ён плыў супроць цячэння, але яго адносіла ўніз куды шпарчэй, як ён думаў. Але ўсё-ж такі, ён нарэшце дабраўся да берага і некаторы час ішоў уздоўж яго, пакуль не знайшоў зручнага месца, каб выйсці. Тут ён сунуў руку ў кішэнь, пераканаўся, што кара ёсць, і пайшоў далей лесам па беразе, не звяртаючы ўвагі на тое, што з адзення яго цякла вада.