Выбрать главу

— Ой-ой-ой!

— І адарву!

— Дык чаго-ж чакаеш? Чаму ты ўсё пагражаеш, а на справе і няма нічога? Баішся, значыцца?

— I не думаю!

— Не, баішся!

— Не, не баюся!

— Баішся!

Зноў маўчанка, і зноў хлопчыкі абхаджваюць і аглядаюць адзін аднаго.

Нарэшце яны зышліся плячо ў плячо.

— Выносся адсюль! — абвясціў Том.

— Сам выносся!

— Не жадаю.

— І я не жадаю!

І абодва сашчапіліся, палаючы нянавісцю адзін да аднаго. Але ні той ні другі не мог атрымаць перамогі. Калі, нарэшце, абодва запыхаліся і расчырванеліся, ваяўнічы запал іх крыху сцішыўся, і Том заявіў:

— Ты трус і шчанё. Пачакай, я напушчу на цябе майго старэйшага брата. Ён можа прыціснуць цябе да зямлі адным пальцам, і я прымушу яго гэта зрабіць.

— Не надта я баюся твайго старэйшага брата! У мяне самога ёсць брат, яшчэ большы за твайго, і ён можа перакінуць твайго вунь праз той плот. Гэта будзе ляпей!

Абодва браты існавалі толькі ў фантазіі хлопчыкаў.

— Лжэш!

— Ты сам лжэш!

Том вялікім пальцам нагі правёў рысу па зямлі і сказаў:

— Забараняю табе пераступаць праз гэту лінію, а не, дык я цябе так скамечу, што ты і не ўстанеш.

Чужы хлопчык паспяшаўся стаць на гэту лінію, гаворачы:

— Ну, паглядзім, як ты мяне скамячыш.

— Адчапіся! Кажу табе, лепш абыйдзі!

— Але-ж ты выхваляўся, што паб’еш мяне! Чаго-ж не б’еш?

— I паб’ю. Думаеш, не паб’ю? За два цэнты паб'ю.

Чужы хлопчык вынуў з кішэні дзве медных манеты і з насмешкай працягнуў іх Тому.

Том выбіў іх з рук ворага на зямлю.

Праз міг абодва хлопчыкі качаліся ў гразі, скруціўшыся ў клубок, як дзве кошкі. Некаторы час яны тузалі адзін аднаго за валасы, за вушы, за насы і люта рвалі адзін аднаму адзенне, пакрываючы сябе пылам і славай. Нарэшце праз дым бойкі вызначылася фігура Тома, які сядзеў вярхом на сваім ворагу і садзіў кулакамі ў спіну, прыгаварваючы:

— Вось табе, хвастун! Што? Будзе годзе?

Хлопчык дарэмна стараўся вызваліцца і гучна роў, галоўным чынам ад бяссілай злосці.

— Што? Атрымаў? Вось табе! вось табе — казаў Том, працуючы кулакамі. — Прасі ласкі, нягоднік.

Нарэшце ў чужога хлопчыка вырвалася прыдушанае «пусці!», і Том выпусціў яго, кажучы:

— Гэта табе навука. У другі раз не лезь да незнаёмых!

Чужы хлопчык пайшоў сваёй дарогай, атрасаючы пыл з адзення, усхліпваючы, сапучы носам; часам ён абарочваўся і пагражаў жорстка пабіць Тома, «хай толькі ён трапіцца яму яшчэ раз». Том адказваў яму насмешкамі і пайшоў дадому з вялікім гонарам. Але не паспеў ён завярнуцца, як чужы хлопчык запусціў у яго камень і трапіў акурат між лапатак, а сам кінуўся бегчы, як антылопа.

Том гнаўся за здраднікам аж да самага яго дома і такім чынам даведаўся, дзе ён жыве. Некаторы час ён пільнаваў ля форткі, выклікаючы ворага на адкрыты бой; але вораг толькі дражніўся ў акне, а выйсці не захацеў. Нарэшце з’явілася матка ворага, абазвала Тома брыдкім, папсаваным вулічным хлапчуком і загадала яму ісці прэч. Ён пайшоў, запэўняючы, што ідзе толькі таму, што не хоча пэцкаць рук аб такую поскудзь.

Дахаты ён вярнуўся позна ноччу і ціханька палез у акно. Але за акном яго пільнавала цётка. І, калі цётка ўбачыла, што зрабілася з яго курткай і штанамі, яе намер засадзіць яго ў свята за цяжкую працу зрабіўся цвёрдым, як дыямант.

Раздзел II

Надышла суботняя раніца.

Том ішоў уздоўж плота з вядзерцам вапны і пэнзлем на доўгім кію. Ён глянуў на плот — і ўсё навакол зараз-жа зрабілася цмяным для яго, і глыбокі смутак ахапіў яго душу. Трыццаць метраў шырыні і дзевяць футаў вышыні! Жыццё здавалася яму нейкай бязглуздзіцай, цяжкім бярэмем.

Са ўздыхам абмакнуў ён пэнзаль у вапну і правёў ім па верхняй дошцы; паўтарыў гэта другі, трэці раз і спыніўся: о, як мала ён зрабіў і як многа застаецца! І ён сумна сеў на лаўку.

З варот, падскокваючы і спяваючы, выбег Джым з бляшаным вядром. Насіць ваду з гарадской студні заўсёды было для Тома ненавіснай працай, але цяпер ён з радасцю ўзяўся-б за гэту работу. Ён успомніў, што ля студні заўсёды збіраецца шмат народу: негры, мулаты, белыя. Хлопчыкі і дзяўчынкі, чакаючы сваёй чаргі, адпачываюць, сварацца, вядуць менавы гандаль цацкамі, б’юцца, пяюць, як жаўранкі. Ён успомніў таксама, што хоць да студні было не болей за паўтараста крокаў, Джым ніколі не вяртаўся з вадой раней, як праз гадзіну, ды і то яшчэ трэба было хадзіць па яго.

— Слухай, Джым, можа хочаш тут крыху пафарбаваць, а я заместа цябе пайду па ваду?

Джым паматаў галавой.

— Не магу, маса [1] Том! Старая місіс загадала, каб я ішоў прама па ваду і не спыняўся ні з кім гутарыць па дарозе. Яна кажа: «Я ўжо ведаю, што маса Том будзе клікаць цябе бяліць сценку, дык ты яго не слухай, а ідзі па сваёй справе». Яна кажа: «Я сама пайду глядзець, як ён будзе бяліць».

вернуться

1

Маса — перакручанае англійскае слова, якое азначае: паніч, пан.