Выбрать главу

Было ўжо каля дзесяці гадзін, калі ён вышаў на адкрытае месца супроць вёскі і ўбачыў катэр, які стаяў пад дрэвамі ля высокага берага. Усё было ціха.

Пры святле зорак Том ціха краўся па беразе, напружана ўглядаючыся ў раку, саслізнуў у ваду, праплыў некалькі крокаў і ўлез у човен, які на кожны выпадак быў прывязаны да кармы катэра. Ён улёгся на дне чаўна, пад лаўкі, і са сціснутым сэрцам пачаў чакаць, што будзе.

Пачуўся звон шчарбатага званка, і нечы голас скамандваў: «Адпускай!» Праз мінуту борт катэра падняўся высока над чаўном, і флацілія рушыла ў дарогу. Том радаваўся сваёй удачы, ведаючы, што катэр у гэты дзень далей гарадка не пойдзе.

Прайшло дванаццаць ці пятнаццаць нудных мінут. Колы катэра спыніліся. Том вылез з чаўна і ў цемры паплыў к берагу. Каб не напароцца на выпадковага прахожага, ён выйшаў на бераг крокаў на пяцьдзесят ніжэй, як яму было трэба, выбіраў самыя пустынныя вуліцы і задворкамі дабраўся да дома сваёй цёткі.

Ён пералез праз плот і зірнуў у акно цётчынай спальні, бо, там відаць было святло. У пакоі сядзелі: цёця Поллі, Сід, Мэры і матка Джо Гарпера і гутарылі паміж сабой.

Яны сядзелі каля ложка, які стаяў між імі і дзвярыма. Том падышоў да дзвярэй і пачаў ціха адсоўваць засаўку; потым ціханька штурхануў дзверы; яны рыпнулі; ён націскаў далей, уздрыгваючы ад кожнага рыпу; нарэшце стварылася шчыліна, праз якую ён мог пралезці на каленках і ён прасунуў галаву і папоўз.

— Чаму гэта полымя свечкі так закалыхалася? — сказала цёця Поллі. — (Том папоўз шпарчэй.) — Мабыць дзверы адчыненыя. Ну, вядома так. Што за дзіва такое? Ідзі зачыні дзверы, Сід!

Том акурат паспеў схавацца пад ложак. Ён крыху аддыхаўся, а потым падпоўз так блізка, што мог-бы дакрануцца да цётчынай нагі.

— Ды вось я і кажу,— прадаўжала цёця Поллі,— што ён быў зусім не злы, не дрэнны хлопчык, толькі свавольнік вялікі, прайдзісвет,— вядома, як хлопчык: скача, нібы жарабя тое. Хіба з яго можна спаганяць? Ён ніколі нічога не рабіў са злым намерам, і сэрца ў яго было залатое.

І яна заплакала.

— Вось таксама і мой Джо, заўсёды гатоў быў дурэць, на гэта заўсёды быў першы, а добры, добры, лепш не трэба!.. Божа, даруй мне грэшнай! Як падумаю, што я яго адлупцавала за сліўкі, а сама забылася, што гэта-ж я сама іх выліла, таму што яны пракіслі... Як успомню, што ніколі больш не ўбачу яго на гэтым свеце, ніколі, ніколі, ніколі! Бедны мой пакрыўджаны хлопчык!

І місіс Гарпер зарыдала так, нібы сэрца ў яе разрывалася на кавалкі.

— Я спадзяюся, што Тому лепш там, дзе ён цяпер — сказаў Сід. — Але, каб ён з некаторага боку быў-бы лепшым на зямлі...

— Сід! — (Том адчуў, як загарэліся ў цёткі вочы, хоць і не мог гэтага бачыць.) — Я не дазволю гаварыць дрэнна пра майго Тома цяпер, калі яго няма! Ох, місіс Гарпер, я ўжо і не ведаю, як я гэта перажыву. Проста не магу даць веры, што яго ўжо няма! Ён быў для мяне такой пацехай, хоць і раздзіраў маё старое сэрца.

— Але, гэта цяжка, ох як цяжка! Яшчэ ў мінулую суботу мой Джо стрэліў з дзіцячага пісталета пад самым маім носам, і я трэснула яго так, што ён пакаціўся. Не ведала я тады, як хутка... як хутка... Каб я ведала, я-б тады пацалавала і благаславіла яго.

— Ну але, але, я зусім разумею вашы адчуванні, місіс Гарпер, зусім разумею. Не далей як учора перад абедам мой Том напаіў ката «болесупакойнікам». Бедная жывёліна так кідалася—я думала, у доме не застанецца ніводнай рэчы цэлай. І я таксама,— даруй мне, божа,— ледзь галаву яму не прабіла сваім наперсткам. Бедны мой хлопчык, бедны мой нябожчык! Ну, цяпер ужо скончыліся ўсе яго няшчасці. І апошнія словы, якія я пачула ад яго, былі дакорам...

Але ўспаміны аб гэтым былі надта ўжо цяжкімі для старой, і яна расплакалася. Том пад ложкам таксама ўсхліпваў, але больш ад жалю да сябе самога. Ён чуў, як плакала Мэры, час ад часу памінаючы яго ласкавым словам. Усё гэта вельмі ўздымала яго ў яго ўласных вачах. Але гора цёткі вельмі расчуліла яго; яму хацелася вылезці з-пад ложка і парадаваць яе, кінуўшыся да яе ў абдымкі; апрача ўсяго, гэта быў-бы такі дасканалы тэатральны эфект. Але ён устрымаўся ад спакусы і ляжаў ціха, прыслухоўваючыся да гутаркі.

З паасобных фраз ён даведаўся, як тлумачылі сабе іхняе знікненне: спачатку думалі, што яны ўтапіліся, купаючыся, потым заўважылі, што няма плыта; пасля нехта з хлопчыкаў успомніў, што загінуўшыя таварышы абяцалі хутка чымсьці здзівіць увесь горад. Тады мясцовыя мудрацы, абмеркаваўшы справу так і гэтак, парашылі, што хлопчыкі паехалі на плыце з тым, каб высадзіцца ў бліжэйшым горадзе; але а поўдні плыт знайшлі прыбітым да берага міль за пяць-шэсць ніжэй вёскі, і тады ўсе падзеі прапалі; вырашана было, што хлопчыкі безумоўна ўтапіліся,— іначай голад прыгнаў-бы іх дахаты к ночы, калі не раней. Што тычыцца дарэмных пошукаў трупаў, то няўдачу аб’яснілі тым, што катастрофа здарылася на самай сярэдзіне ракі,— іначай хлопчыкі дабраліся-б да берага, бо яны добра ўмелі плаваць.