Выбрать главу

Быў вечар серады. Калі да нядзелі трупаў не знойдуць, значыцца ніякай надзеі ўжо няма, і ў нядзелю было вырашана справіць малебства па памершых. Пры гэтым слове Том уздрыгануўся, яму зрабілася страшна.

Місіс Гарпер, плачучы, развіталася з усімі і накіравалася-была да дзвярэй, але спынілася, і абедзве асірацелыя жанчыны кінуліся адна да адной у абдымкі, каб яшчэ паплакаць разам перад тым, як разлучыцца.

Цёця Поллі надзвычайна пяшчотна пацалавала на нач Сіда і Мэры, прычым Сід захныкаў, а Мэры пайшла ўся ў слязах.

Тому яшчэ доўга прышлося ляжаць ціха пад ложкам нават і пасля таго, як цётка лягла спаць; яна ўвесь час трывожна паварочвалася, кашляла і цяжка ўздыхвала. Але нарэшце яна сціхла і толькі часам енчыла ў сне. Том вылез з-пад ложка, асцярожна ўстаў і, засланіўшы рукою свечку, доўга глядзеў на старую.

Ён яе шкадаваў ад усяго сэрца. Ён выцягнуў з кішэні кавалак кары і палажыў каля свечкі, але потым нешта ўспомніў, падумаў, паспешна схаваў кару назад у кішэнь, схіліўся і пацалаваў вялыя старэчыя вусны. А потым ціха вышаў, зачыніўшы за сабою дзверы на засаўку.

Ён дайшоў да прыстані, дзе звычайна стаяў катэр, і, не знайшоўшы нікога на беразе, смела ўзышоў на судна. Ён ведаў, што на ім нікога не магло быць, апрача вартаўніка, а той меў звычай спаць у каюце беспрасыпным сном.

Хлопчык адвязаў човен, ціха забраўся ў яго і пачаў плысці на вёслах уверх па рацэ. Праехаўшы каля мілі, ён накіраваў човен на процілеглы бераг і прыстаў акурат там, дзе трэба было, бо такая справа была для яго не новай. Яму вельмі хацелася прысвоіць сабе човен, бо гэта-ж было да некаторай ступені судна і, значыцца, законная здабыча пірата, але ён ведаў, што човен усюды будуць шукаць, а гэта можа навесці на след.

Таму ён проста зышоў на бераг, пасядзеў у лесе, ледзь стрымліваючы сон, і змораны павалокся да сваіх таварышоў. Ноч ужо канчалася, а калі ён дайшоў да месца пераправы, ужо зусім развіднелася. Ён пасядзеў яшчэ крыху, пакуль сонца сагрэла ваду сваімі залатымі праменнямі, а потым кінуўся ў раку і паплыў. Увесь мокры, ён з’явіўся ў лагеры акурат у тую хвіліну, калі Джо казаў:

— Не, Гек, Том чалавек надзейны. Ён не збяжыць, ён вернецца. Ён ведае, што дэзертырства для пірата — ганебны ўчынак. Ён надумаў нейкую прыгоду — вось і ўсё! Але якую прыгоду, я не ведаю.

— Ну, а рэчы ўсё-ж такі — нашы?

— Нашы, Гек, але не зусім. У пісьме сказана, каб мы ўзялі іх, калі ён не вернецца да снедання.

— А ён ужо тут! — выскачыў Том.

Гэта быў сапраўды рэдкі тэатральны эфект...

Зараз-жа яны зрабілі сабе снеданне з ветчыны і рыбы і добрасумленна яго знішчылі, а тымчасам Том расказаў (усё як было) пра свае прыгоды. Калі расказ быў выслуханы да канца, нашы героі проста не ведалі, як ім фанабэрыцца ды задавацца.

Пад’еўшы, Том лёг у цяньку паспаць, а піраты пайшлі вудзіць рыбу і даследваць востраў.

Раздзел XV

Піраты шукаюць чарапашыных яек.

Пасля абеду ўся банда рушыла на бераг — па чарапашыны яйкі. Хлопчыкі тыркалі палкамі ў пясок і, дзе знаходзілі мяккую мясціну там апускаліся на калены і пачыналі капаць пясок рукамі. З некаторых ям здабывалі адразу па пяць-шэсць дзесяткаў яек. Яйкі былі зусім круглыя, белыя, крыху меншыя за грэцкі арэх. У гэты дзень у іх была багатая вячэра і такое самае снеданне ў наступную раніцу.

Пасля снедання яны скакалі і бегалі па беразе, ганяліся адзін за адным, раздзяваліся на хаду і дурэлі ў вадзе, змагаючыся з цячэннем, якое іх валіла з ног, а гэта яшчэ больш надавала весялосці. А то набяруць вады ў прыгаршчы і пачнуць пырскаць адзін аднаму ў твар. Канчалася гэта агульнай тузанінай, у часе якой усім тром даводзілася пакачацца па дне і паглытаць вады.

Выбіўшыся з сіл, яны выбягалі з вады, кідаліся на гарачы пясок і закопваліся ў яго, а потым зноў кідаліся ў ваду і зноў пачыналася тое самае. Нарэшце ім прышло ў галаву, што іхняе голае цела зусім падобнае на трыко цялеснага колеру; яны начарцілі на пяску круг і наладзілі цырк, у якім уся трупа складалася з трох клоунаў, бо ніводзін з іх не захацеў узяць іншую ролю.

Потым яны ўзялі свае галачкі і гулялі з імі, пакуль не абрыдала. Паступова яны разышліся ў розныя бакі, задумаліся, і кожны з іх з нудою глядзеў у той бок, дзе ляжаў заліты сонцам родны гарадок. Том, сам таго не заўважаючы, пісаў на пяску вялікім пальцам нагі — «Бэкі». Ён злавіў сябе на гэтым учынку, раззлаваўся на такую слабасць, і сцёр напісанае, але не мог стрымацца і зноў напісаў гэта імя, потым зноў сцёр і, каб перамагчы спакусу, далучыўся да таварышоў.