Выбрать главу

Але ў Джо зусім сапсаваўся настрой. Ён так знудзіўся па доме, што ледзь стрымліваў слёзы.

Нават Гек засумаваў. Толькі Том бадзёрыўся: у яго была тайна, якую ён пакуль што не хацеў адкрываць таварышам, але парашыў, калі яму не ўдасца скінуць з іх нуду, сказаць ім зараз-жа. І з абыякім выглядам ён кінуў зачэпку:

— А ведаеце што: я гатоў спрачацца, што на гэтым востраве і перад намі былі піраты. Давайце абыйдзем яго яшчэ раз. Тут, напэўна, дзе-небудзь схаваны скарб. Што вы скажаце, калі мы натрапім на спарахнелы куфар, напоўнены золатам і срэбрам?

Але гэтая прапанова не выклікала асаблівага захаплення.

Том зрабіў яшчэ дзве-тры прывабныя прапановы, але ўсе яго намаганні былі дарэмныя. У яго апускаліся рукі.

Джо сумна торкаў палкай у пясок, і выгляд у яго быў самы хмурны. Нарэшце ён сказаў:

— Ох, браткі, кінем гэтую выдумку! Я хачу дадому. Тут вельмі нудна.

— Ды не, Джо, ты прызвычаішся,— угаварваў Том.— Ты падумай, як добра тутака ловіцца рыба.

— Не трэба мне ніякай рыбы,— я хачу дамоў.

— А купанне? Другога-ж такога месца для купання не знойздем.

— І купанне не памагае. Я неяк і купацца цяпер разахвоціўся, калі ніхто не забараняе. Я хачу дадому.

— Фу, якое глупства! Маленькі! Да мамкі захацеў!

— Ну але, да мамы! І табе захацелася-б, каб у цябе была маці. І зусім я не маленечкі,— мне столькі год, колькі і табе.

І Джо ціха заплакаў.

— Ну, добра, хай сабе наша плаклівае дзіцянё адпраўляецца дахаты, к мамцы, мы яго адпусцім. Так, Гек? Бедненькі, ён па мамцы знудзіўся. Ну, што-ж? Хай ідзе! Табе-ж, Гек, падабаецца тут, ці не так? Мы з табой застанемся тут?

— Та-ак,— сказаў Гек абыякім тонам.

— Я з табой больш не знаёмы,— абвясціў Джо, устаючы. — Так і ведай!

Ён панура адышоў і пачаў адзявацца.

— Невялікая бяда! — адказаў Том. — Калі ласка! Нікому ты тут і не патрэбны. Адпраўляйся дахаты, няхай з цябе ўсе смяюцца. Добры пірат, няма чаго казаць! Гек і я — не такія плаксы, як ты. Мы застанемся тут, праўда, Гек? Хай ідзе, калі хоча. Абыйдземся і без яго.

Джо, не адказваючы, панура нацягваў на сябе адзежу. Том, не гледзячы на свой напускны спакой, у душы быў устрывожаны і нават засмучоны. Яшчэ болей трывожыў яго выгляд Гека, які сумна і маўкліва сачыў за зборамі таварыша ў дарогу. Джо адзеўся і, не сказаўшы ні слова на развітанне, пайшоў у бок ілінойскага берага. У Тома сціснулася сэрца. Ён паглядзеў на Гека. Той не мог вытрымаць гэтага погляду і апусціў вочы, а потым сказаў:

— І мне таксама ахвота пайсці, Том. Неяк нудна тут стала, а цяпер будзе яшчэ нудней. Пойдзем і мы, Том!

— Ідзі, калі хочаш, а я не пайду. Я застануся.

— Том, я лепш пайду.

— Ну ідзі—хто табе не дае?

Гек пачаў збіраць свае параскіданыя рэчы, кажучы:

— Хадзем са мной, Том! Сапраўды, падумай добра. Мы пачакаем цябе на беразе.

— Доўга вам прыдзецца чакаць.

Гек з сумам пайшоў. Том стаяў і глядзеў яму ўслед, адчуваючы вялікае жаданне схаваць у кішэнь свой гонар і пайсці за імі. Ён чакаў, што хлопчыкі спыняцца, але яны паволі адыходзілі ўсё далей і далей. Том раптам заўважыў, што навакол зрабілася неяк незвычайна пуста і ціха. Тады ён зусім перамог сваю ганарыстасць і пусціўся бегчы ўслед за таварышамі з крыкам:

— Стойце! Стойце! Мне трэба вам нешта сказаць!

Тыя спыніліся і павярнулі назад. Дагнаўшы іх, Том пачаў адкрываць ім сваю тайну. Яны спачатку слухалі яго з кіслымі мінамі, а калі ўцямілі, у чым справа, то пачалі скакаць і крычаць ад захаплення, кажучы, што гэта-ж «дзівосна» і, каб ён сказаў ім раней, яны і не падумалі-б ісці.

Хлопчыкі весела вярнуліся назад і ўзяліся зноў за гульні, увесь час балбочучы пра незвычайную выдумку Тома і дзівячыся з яго вялікага розуму. Пасля смачнага абеду з яек і рыбы, Том сказаў, што цяпер ён хоча навучыцца курыць. Джо ўхапіўся за гэтую думку і абвясціў, што ён таксама паспрабуе. Гек зрабіў люлькі і напхаў іх тытуном. Да гэтага часу абодва навічкі курылі цыгары з вінаграднага лісця, але гэтыя цыгары «кусалі» язык і наогул лічыліся нявартымі мужчын.

Яны разлягліся на зямлі, абаперліся на локці і пачалі асцярожна ўцягваць ў сябе дым без асаблівага давер’я да яго. Дым быў непрыемны на смак і душыў іх, але Том сказаў:

— Ды гэта зусім лёгка! Каб я ведаў раней, я даўно пачаў-бы курыць.