Выбрать главу

Потым усе заспявалі. Старадаўні падзячны гімн загучэў, як ніколі — і морскі разбойнік Том Соўэр, азіраючыся на зайздросціўшых яму таварышоў, адчуваў, што гэта лепшая мінута ў яго жыцці.

У гэты дзень Тому дасталося пстрычак і пацалункаў — у залежнасці ад настрою цёці Поллі — столькі, што хапіла-б на цэлы год.

Раздзел XVIII

Гэта і быў вялікі таемны замысел Тома — вярнуцца дадому ўсім разам і прысутнічаць на сваім уласным пахаванні. Яны ў суботу дабраліся на бервяне да процілеглага берага, выйшлі на пяць-шэсць міль ніжэй ад вёскі, начавалі ў лесе, недалёка ад ваколіцы, ледзь золак прабраліся задворкамі ў горад і добра выспаліся на царкоўных хорах сярод гурбаў зламаных лавак.

У панядзелак раніцою, у часе снедання, цёця Поллі і Мэры былі надзвычайна ласкавыя да Тома і з ахвотай: выконвалі ўсе яго жаданні. У часе гутаркі, вельмі жвавай, цёця Поллі сказала:

— Бачыш, Том, я не кажу, што гэта не цікава — прымусіць усіх мучыцца цэлы тыдзень, абы толькі вам было весела; але мне вельмі прыкра, што ў цябе такое злое сэрца і ты так мала мяне любіш. Калі ты мог пераплыць раку на бервяне, каб прысутнічаць на ўласным пахаванні, то ты мог-бы зірнуць і ў хату, каб даць мне які-небудзь знак, што ты не памёр, а толькі ўцёк.

— Але, гэта ты мог зрабіць, Том,— сказала Мэры,— і вядома зрабіў-бы, каб гэта прышло табе ў галаву.

— Праўда, Том? Ты зрабіў-бы,— і цёця Поллі журботна ўсміхнулася.— Ну, скажы, зрабіў-бы, каб гэта прышло табе ў галаву.

— Я не ведаю... Гэта-ж усё папсавала-б...

— Ах, Том, а я ўсё спадзявалася, што ты хоць трошкі любіш мяне! — сказала цёця прыкрым голасам, ад якога хлопчыку зрабілася няёмка.— Каб ты хоць падумаў аб гэтым,— не кажу ўжо каб зрабіў,— але ты нават і не падумаў.

— Ну, цёця, гэта яшчэ не бяда,— умяшалася Мэры.— У Тома-ж наогул вецер у галаве, і ён заўсёды мае столькі клопату, што яму зусім няма калі думаць.

— Тым больш шкода. Сід падумаў-бы. І Сід прышоў-бы. Ах, Том, калі-небудзь ты пашкадуеш, што не стараўся хоць трошкі любіць мяне; пашкадуеш, але будзе позна.

— Ну, годзе, цёця, вы-ж ведаеце, што я вас люблю,— сказаў Том.

— Я лепш гэта ведала-б, каб гэта хоць крыху было відаць з тваіх учынкаў.

— Я цяпер вельмі шкадую, што мне гэта не прышло ў галаву,— сказаў Том тонам раскаяння. — Затое я хоць ува сне вас бачыў, гэта-ж таксама чаго-небудзь варта.

— Ну, не надта,— нават, кошкі сняць,— але ўсё-ж лепш, як нічога. Што-ж табе снілася?

— А вось што. У сераду вечарам я сніў, нібы вы сядзіцё ля ложка, а Сід каля вас на драўлянай скрыні, а ля яго Мэры.

— Што-ж, мы так і сядзелі. Мы так заўсёды сядзім. Я рада, што хоць сон напомніў табе нашы прывычкі.

— Потым мне снілася, што тут-жа сядзіць маці Джо Гарпера.

— Але-ж яна і сапраўды была тут! Што-ж табе яшчэ снілася.

— О, многа чаго! Ды толькі я цяпер слаба памятаю.

— Ну, паспрабуй успомніць! Няўжо не можаш?

— Яшчэ мне здалося ўва сне, што вецер... вецер...

— Прыпомні, Том, што зрабіў вецер?

Том прыціснуў пальцы да ілба і пасля хвіліны трывожнага чакання ўсклікнуў:

— Успомніў, успомніў! Вецер пагасіў свечку.

— О божа! Далей, Том, далей!

— Потым вы нібы сказалі: «Здаецца, нібы дзверы...»

— Далей, Том, далей!

— Пачакайце, дайце ўспомніць... Ах, так! вы сказалі, што вам здаецца, нібы дзверы адчыненыя.

— Ды я-ж іменна гэта і сказала. Памятаеш, Мэры? Ну далей!

— Потым... потым... Ну, я не памятаю, я не ўпэўнены, але мне здаецца, нібы вы паслалі Сіда, каб ён... каб ён...

— Ну? ну? Што я сказала яму зрабіць?

— Вы сказалі яму, вы... загадалі яму зачыніць дзверы.

— Божа літасцівы! Ніколі не чула я такога. Вось пасля гэтага і не давай веры снам. Зараз-жа пабягу расказаць усё гэта місіс Гарпер. Паглядзім, ці будзе яна пасля гэтага казаць усялякія глупствы пра забабоны. Расказвай-жа, Том, што было далей!

— О, цяпер я ўсё ўспомніў, цёця! Потым вы сказалі, што я не злы, а толькі свавольнік і прайдзісвет, і што з мяне спаганяць ўсёроўна, што — гэта вы сказалі? — з жарабяці, ці што.

— Ну але, я іменна так і сказала. Ах, божа мой! Ну, што-ж далей, Том?

— Потым вы заплакалі.

— Верна, верна, заплакала, і не першы раз. Потым?

— Потым місіс Гарпер таксама заплакала і пачала гаварыць, што Джо таксама добры і ёй шкода, што яна пабіла яго за сліўкі, калі яна сама выплехнула іх.

— Гэта быў прароцкі сон. Ну, расказвай далей!

— Потым Сід сказаў...

— Я, здаецца, нічога не сказаў.

— Не, Сід, ты сказаў,— паправіла Мэры.

— Ціха, не перашкаджайце яму! Ну, Том, што-ж ён сказаў?