Выбрать главу

— Ён сказаў, што ён спадзяецца, што мне там лепш, дзе я цяпер. Але, каб я раней быў лепшы...

— Божа-ж мой! Вы чуеце? Гэта-ж яго сапраўдныя словы.

— І вы за гэта пасварыліся на яго.

— Вядома пасварылася. Не, тут быў ангел. Гэты ангел цябе натхнуў!

— Потым місіс Гарпер пачала расказваць пра Джо, як ён страляў з пісталета пад самым яе носам, а вы ёй расказвалі пра ката Піта і пра лякарства...

— Зусім правільна!

— Потым вы доўга гаварылі, як нас шукалі ў рацэ, і што ў нядзелю будзе наша пахаванне, а потым вы з місіс Гарпер пачалі абыймацца і плакаць, і пасля таго яна вышла!

— Так, акурат так! Хай не ўстану я з гэтага месца, калі не так! Каб ты сам ўсё бачыў і чуў сваімі вушамі, Том, ты не мог-бы расказаць дакладней. Ну, а потым што было?

— А потым вы ляглі, і мне было так шкода вас, што я ўзяў ды і напісаў на кавалку кары: «Мы не памерлі, мы толькі ўцяклі, каб зрабіцца піратамі», і палажыў на стол каля свечкі, а вы ў гэты час спалі, і твар у вас быў такі добры-добры, што я падышоў, нагнуўся і пацалаваў вас проста ў губы.

— Гэта праўда, Том, праўда? Ну тады я ўсё табе дарую.

І яна так сціснула хлопчыка ў абдымках, што ён адчуў сябе апошнім нягоднікам.

— Гэта было вельмі міла з яго боку, хоць гэта і быў толькі сон,— заўважыў Сід нібы сам сабе.

— Маўчы, Сід! Чалавек ува сне робіць тое самае, што ён зрабіў-бы ўяве. Вось табе вялікі яблык,— я наўмысля хавала яго для цябе на выпадак, калі ты знойдзешся. Але, дзеткі, вам ужо трэба ісці.

Дзеці пайшлі ў школу, а старая цётка к місіс Гарпер — расказаць цудоўны сон пляменніка. Сід не палічыў патрэбным выказаць тое, што ён думаў, ідучы з дому. А думаў ён вось што:

«Ці-ж можна бачыць такі доўгі і складны сон! Усё гэта выдумкі!»

Якім героем зрабіўся цяпер Том. Ён ужо не скакаў, а трымаў сябе горда, з гонарам, як і належыць пірату, які адчувае, што на яго глядзіць увесь свет. Ён рабіў выгляд, што не заўважае накірованых на яго поглядаў і не чуе заўваг аб ім, але ў душы адчуваў вялікую асалоду і ад гэтых позіркаў, і ад заўваг.

Маленькія хлопчыкі чарадой бегалі за ім і ганарыліся тым, што іх бачылі разам з ім і што ён не гнаў іх ад сябе, а ішоў нібы барабаншчык перад працэсіяй, або слон на чале цэлага звярынца. Яго равеснікі прытвараліся, нібы нічога не ведалі пра яго адсутнасць, але тым не менш страшэнна зайздросцілі яму. Яны аддалі-б ўсё на свеце, каб мець яго смуглую, засмаленую сонцам скуру і яго славутасць.

У школе вучні так насіліся з ім і Джо, і ў іх поглядах відаць было такое красамоўнае захапленне, што абодва героі вельмі хутка сталі празмерна задавацца. Яны пачыналі расказваць свае прыгоды прагным слухачам, але толькі пачыналі, бо скончыць у іх нехапала фантазіі. Калі-ж нарэшце яны выцягнулі свае люлькі і пачалі дыміць з абыякім выглядам, то слава іх паднялася на недасяжную вышыню.

Том парашыў, што цяпер ён можа абыйсціся без Бэкі Тэчэр. Яму досыць і славы. Ён будзе жыць для славы. Цяпер, калі ён такі славуты, можа яна і захоча мірыцца. Ну, і хай сабе! — Яна ўбачыць, што ён можа быць такім самым безуважным, як і некаторыя з дзяўчынак.

У гэты момант прышла Бэкі. Том зрабіў выгляд, што не бачыць яе. Ён адышоў і далучыўся да групы хлопчыкаў і дзяўчынак, дзе зараз-жа пачалася гутарка. Хутка Том убачыў, што Бэкі з палаючым тварам і бліскучымі вачыма весела ганялася за таварышкамі, гучна рагочучы кожны раз, калі ўдавалася каго-небудзь злавіць. Здавалася, яна цалкам была занятая гэтай гульнёй, але ў той-жа самы час Том заўважыў, што яна ўвесь час старалася быць бліжэй да яго і, відаць, сачыла за ім. Гэта надавала яму гонару, але ён усё прытвараўся, што не заўважае яе. Тады яна перастала ганяцца за дзяўчынкамі і нерашуча пачала хадзіць воддалі, час ад часу ўздыхаючы і цішком пазіраючы на Тома. Раптам яна заўважыла, што Том больш за ўсіх гутарыць з Эмі Лорэнс. Яна падышла бліжэй, стала бадай побач з імі і нібы вясёлым тонам звярнулася да адной з сваіх таварышак:

— Якая ты нядобрая, Мэры-Ганна! Чаму ты не была ў нядзельнай школе?

— Я была. Ці-ж ты мяне не бачыла?

— Не, не бачыла. Дзе-ж ты сядзела?

— Як заўсёды, у класе міс Пітэрс. Я цябе бачыла.

— Няўжо? Як дзіўна, што я цябе не заўважыла. Я хацела расказаць табе, што ў нас будзе пікнік.

— А, гэта цікава. Хто-ж наладжвае яго?

— Мама наладжвае для мяне.

— Ах, як добра! А што, ці запросіць яна мяне?

— Ну, вядома. Пікнік-жа наладжваецца для мяне,— значыцца, яна папросіць усіх тых, каго я захачу, а я хачу, каб і ты была з намі.

— Вельмі міла з твайго боку. А калі будзе пікнік?

— Яшчэ не ведаю. Можа, на канікулах.

— Вось будзе весела! Ты паклічаш усіх хлопчыкаў і дзяўчынак?