— Я буду вам вельмі ўдзячна, містэр Томас Соўэр, калі вы пакінеце мяне ў спакоі. Я больш не жадаю гаварыць з вамі!
Яна трасанула галоўкай і прайшла міма.
Том быў так пакрыўджаны, што не здагадаўся нават адказаць: «Падумаеш, якое няшчасце! А мне і напляваць!» а потым ужо было позна,— момант прайшоў. Ён нічога не сказаў, але-ж затое раззлаваўся страшэнна. Панура швэндаўся ён па школьным двары, шкадуючы, што Бэкі не хлопчык і яе нельга аддубасіць. А тут якраз яна прайшла міма і сказала нешта абразлівае. Ён адказаў таксама,— і гэта дакончыла разрыў.
Раззлаваная Бэкі не магла дачакацца пачатку лекцый, каб паглядзець, як усыплюць Тому за папсаваную кнігу. Калі ў яе і хавалася думка выдаць Альфрэда Тэмпля, то пасля куслівых слоў Тома гэтая думка знікла.
Бедная дзяўчынка! Яна не ведала, што за ёй таксама сочыць бяда. Настаўнік, містэр Добінс, быў чалавек, які ўсё жыццё быў незадаволены сваім лёсам. Самая вялікая мара яго была,— зрабіцца доктарам, але па беднасці ён не мог пайсці далей за школьнага настаўніка. Кожны дзень у класе ён вынімаў з шуфляды стала нейкую таямнічую кнігу і ўрыўкамі, у перапынках, калі вучні не адказвалі лекцый, пачынаў чытаць яе. Гэтая кніга была ў яго заўсёды замкнутая на ключ. Не было хлапчука ў школе, які не паміраў-бы ад жадання хоць адным вокам зірнуць у гэтую кнігу, але не траплялася выпадку. Кожны вучань меў свае меркаванні наконт таго, якая гэта кніга, але кожны думаў па-свойму, а даведацца праўды не было мажлівасці.
І вось Бэкі, ідучы каля кафедры, заўважыла, што ключ тырчыць у замку: настаўнік забыўся яго ўзяць. Ці можна было прапусціць такі незвычайны выпадак? Дзяўчынка азірнулася — навакол ні душы. Праз хвіліну яна ўжо трымала кнігу ў руках. Загаловак «Анатомія» нічога ёй не сказаў, і яна пачала перагортваць старонкі... I зараз-жа патрапіла на прыгожа намаляваную і афарбаваную чалавечую фігуру.
У той-жа момант цень упаў на старонку кнігі: ззаду стаяў Том Соўэр, які таксама паспеў убачыць малюнак.
Вэкі шпарка згарнула кнігу, але так няўдала, што напалову разадрала малюнак. Яна кінула «кнігу ў шуфляду, пакруціла ключ у замку і расплакалася ад сораму і прыкрасці.
— Том Соўэр! гэта акурат падобна на вас. Якая подласць — падкрасціся ззаду і падглядваць за другімі!
Бэкі папалася па месцы злачынства. |
— Чаму-ж падглядваць? Ці-ж я мог ведаць, што вы робіце?
— Сорам, Том Соўэр! Вы, вядома, набрэшаце на мяне, і што я тады буду рабіць? Мяне абавязкова высцебаюць, а мяне яшчэ ніколі не білі ў школе. — Яна топнула ножкай і крыкнула: — Ну, і хай сабе, калі вы такі подлы! Я таксама нешта ведаю. Пачакайце, вось убачыце, што будзе. Брыдкі! брыдкі! агідны!
І яна з плачам выбегла з пакою.
Том застаўся на месцы, ашаломлены гэтым неспадзяваным нападам. Потым сказаў сабе:
«Якія яны дзівацкія і дурныя, гэтыя дзяўчаты! Ніколі не білі ў школе! Падумаеш, якая важнасць, што адлупцуюць! Ужо гэтыя дзяўчаты заўсёды такія — спешчаныя і баязлівыя. Вядома, я не скажу старому Добінсу пра гэтую маленькую дурніцу, але яна ўсёроўна пападзецца. Добінс спытаецца, хто парваў яго кнігу. Ніхто не адгукнецца. Тады ён пачне перабіраць усіх па адным, як гэта ён заўсёды робіць, і калі дойдзе да вінаватай, то па твары пазнае, што яна вінаватая, нават не пытаючыся. У дзяўчынак усё можна пазнаць па твары,— яны нічога не ўмеюць схаваць. Ну і, вядома, ёй усыплюць. Папалася цяпер Бэкі Тэчэр,— ужо-ж ёй з гэтага цяпер не выкараскацца!» Падумаўшы крыху, ён дадаў: «Так ёй і трэба! Яна была-б рада, каб я папаўся,— хай цяпер сама паспрабуе».
І Том далучыўся да таварышоў, што гулялі на двары. Праз некалькі мінут прышоў настаўнік, і пачаліся заняткі. Том не надта цікавіўся лекцыямі. Ён увесь час пазіраў у той бок, дзе сядзелі дзяўчаты, і кожны раз яго хваляваў выгляд твара Бэкі. Ён зусім не хацеў шкадаваць яе, а тым-часам не мог устрымацца, каб не шкадаваць. Ён не мог выклікаць у сябе нічога падобнага на радасць ці злосць.
Але вось хутка настаўнік выявіў, што кніга Тома заліта чарніламі, і ўся ўвага Тома накіравалася на свае ўласныя справы. Бэкі на некаторы час забылася на сваё становішча і зацікавілася тым, што робіцца ў класе. Яна не думала, што запэўненні Тома, нібы гэта не ён сам запэцкаў кнігу, могуць вызваліць яго ад кары. Яно так і было: выраканні Тома толькі пагоршылі справу. Бэкі думала, што яна будзе радавацца ад гэтага, і спрабавала запэўніць сябе, што радуецца, але гэта было не вельмі лёгка. Калі дайшло да самага горшага, ёй вельмі хацелася ўстаць і сказаць, шго гэта зрабіў Альфрэд Тэмпль, але яна прымусіла сябе сядзець ціха, кажучы сабе: «Ён-жа ж напэўна скажа, што я парвала малюнак. Дык вось-жа не скажу ні слова! Нават каб гэта было неабходна для выратавання яго жыцця».