Том атрымаў сваю порцыю лазы і бясклопатна вярнуўся на сваё месца. Яму здавалася магчымым, што можа ён і сам, гуляючы, перакуліў чарнільніцу на кнігу. А калі ён адмаўляў сваю віну, дык толькі так сабе, бо такі ўжо звычай, ды яшчэ таму, што хацеў вытрымаць характар.
Прайшла цэлая гадзіна. Настаўнік сядзеў на троне і дзюбаў носам. Ад гудзення вучняў, здавалася, самае паветра зрабілася нейкім сонным. Нарэшце містэр Добінс выпрастаўся, пазяхнуў, адчыніў шуфляду і нерашуча пацягнуўся за кнігай, нібы не ведаючы, ці браць яе ці не. Большасць вучняў глядзела на гэта абыякімі вачыма, але двое з іх сачылі за кожным яго рухам. Некалькі часу містэр Добінс безуважна круціў кнігу ў руках, потым узяў яе, усеўся зручней у крэсла і падрыхтаваўся чытаць.
Том зірнуў на Бэкі. Божа! Які ў яе быў няшчасны выгляд! Нібы ў трусіка, у якога нацэліліся са стрэльбы. Том адразу забыўся на сваю сварку з ёю. Трэба зараз-жа нешта такое зрабіць, зараз-жа, не чакаючы ні мінуты! Але блізкая, няўхільная небяспека паралізавала ўсю яго кемлівасць.
Ёсць! Бліскучая думка! Ён падбяжыць, вырве кнігу з рук настаўніка, выскачыць за дзверы — і шукай ветра ў полі? Але пакуль ён падумаў, момант быў прапушчаны: настаўнік разгарнуў кнігу. Эх, каб можна было вярнуць гэты страчаны момант! «Позна ўжо,— цяпер для Бэкі няма ратунку!» казаў сабе Том.
Яшчэ хвіліна — і настаўнік абвёў вачыма клас. Усе вочы спусціліся перад яго позіркам. У гэтым позірку было нешта такое, што нават невінаватыя задрыжэлі ад страху. Настала пауза, у працягу якой некаторыя паспелі палічыць да дзесяці. Настаўнік, так сказаць, назапашваў лютасць. Нарэшце ён загаварыў:
— Хто парваў гэтую кнігу?
Ані гуку. У класе была такая ціша, што можна было-б пачуць, як упадзе булаўка. Маўчанка цягнулася.
Настаўнік прыглядаўся па чарзе да кожнага твару, шукаючы адзнакаў віны.
— Бэнджамен Роджэрс, ты парваў гэтую кнігу?
Адмоўны адказ. Зноў пауза.
— Джозеф Гарпер, ты?
Зноў адмаўленне. Трывога Тома ўсё расла. Гэтыя пытанні і адказы былі для яго нібы павольнае мардаванне. Настаўнік запытаў хлопчыкаў і звярнуўся да дзяўчынак:
— Эмі Лоўрэнс?
Тая пакруціла галавой.
— Грэсі Мілер?
Тое самае.
— Сюзана Гарпер, дык гэта ты?
Зноў адмоўны адказ. Цяпер чарга дайшла да Бэкі Тэчэр. Том дрыжэў ад ног да галавы.
— Рэбека Тэчэр (Том зірнуў на яе твар; ён увесь збялеў ад жаху), ці не ты парвала... не... глядзі мне ў вочы (яна жаласна падняла рукі)... ці не ты парвала гэтую кнігу?
Выцерпеў лютую кару. |
У галаве Тома маланкай бліснула думка. Ён ускочыў на ногі і крыкнуў:
— Гэта зрабіў я!
Уся школа недаўменна ўтаропілася на вар’ята, які зрабіў такую незвычайную рэч, як добраахвотнае прызнанне. Том пастаяў крыху, каб сабраць свае разгубленыя думкі, і калі нарэшце пайшоў у той кут, дзе яго чакала кара, то здзіўленне і ўдзячнасцо, якія ён убачыў у вачах Бэкі, маглі-б узнагародзіць яго і за сотню ўдараў.
Захоплены веліччу свайго геройсва, ён без адзінага крыку выцерпеў лютую кару і таксама спакойна прыняў дадатковую кару — загад застацца ў школе на дзве гадзіны пасля сканчэння заняткаў. Ён ведаў, хто будзе чакаць яго на дварэ, калі яго выпусцяць з няволі, і нуднае сядзенне ў школе не здавалася яму вялікай бядою.
Раздзел XXI
Набліжаліся канікулы. Настаўнік, заўсёды строгі, зрабіўся яшчэ больш суровы і вымагальны: яму хацелася, каб яго школа вызначылася на экзаменах. Яго палка і лінейка цяпер рэдка ляжалі без работы, прынамсі ў малодшых класах. Толькі вялікія хлопцы ды маладыя дзяўчаты гадоў восемнаццаць-дваццаць былі вызвалены ад кары. А містэр Добінс караў добрасумленна; ён хоць і хаваў пад парыком лысы бліскучы чэрап, але гадоў меў не так ужо многа і мускулы ў яго былі здаровыя.
Чым больш набліжаўся вялікі дзень, тым больш выяўлялася схаваная ў ім жорсткасць і ўхіл да катавання: здавалася, яму прыемна было караць за самыя нязначныя правіны. Няшчасныя малышы ўдзень цярпелі страх і боль, а ўначы абмяркоўвалі планы помсты. Яны скарыстоўвалі кожны выпадак, каб учыніць штуку свайму настаўніку. Але дзе-ж ім было цягацца з ім? За кожнай такой штукай ішла такая страшная кара, што хлопчыкі заўсёды аставаліся пабітымі і асаромленымі ў гэтай барацьбе.