Настаўнік зусім развесяліўся. Адсунуўшы крэсла і павярнуўшыся спіной да аўдыторыі, ён пачаў рысаваць на дошцы карту Амерыкі, каб потым пераэкзаменаваць вучняў па геаграфіі. Але рука дрэнна слухалася яго, і па класе пранеслася стрыманае хіхіканне. Ён ведаў, у чым справа, і стараўся паправіцца. Ён сціраў нарысаванае і чарціў зноў, але выходзіла яшчэ горш, і хіхіканне чулася яшчэ больш.
Ён накіраваў усю сваю ўвагу на работу, каб спыніць гэты непрыемны смех. Ён адчуваў, што ўсе вочы накірованы на яго, і думаў, што справа наладжваецца, але смех укласе не сцішаўся а, наадварот, узмацняўся. І не дзіва!..
Акурат над галавой настаўніка была адтуліна ў столі — люк, і праз гэты люк ціха спускалася на вяроўцы кошка, перавязаная вяроўкай вакол тулава, прычым галава яе была туга абвязана трапкай, каб яна не мяўкала. Павольна спускаючыся, яна выгіналася ўсім целам і цягнулася ўверх, каб злавіць кіпцюрамі вяроўку, але лавіла толькі паветра. Хіхіканне рабілася ўсё гучнейшым. Кошка была ўжо на сантыметраў дваццаць ад занятога сваёй справай настаўніка... ніжэй... яшчэ ніжэй... міг — і яна ў роспачы ўчапілася за парык і разам са сваім трафеем умомант узляцела ўгару на вачах здзіўленай публікі. І вакол лысага чэрапа м-ра Добінса раптам разлілася ззянне, бо сын маляра пазалаціў яму лысіну!..
Пасля гэтага сход разышоўся. Хлопчыкі адпомсцілі. Надышлі канікулы.
Бэкі Тэчэр паехала на лета з бацькамі ў другі горад, і з яе ад’ездам змеркла ўся радасць жыцця Тома.
Пакараны настаўнік. |
Раздзел XXII
Нарэшце сонная атмасфера ў гарадку ўскалыхнулася — і вельмі дужа. Прызначаны быў дзень суда над забойцам доктара. У гарадку толькі аб гэтым і гаварылі, няма куды было дзецца ад гутарак. Пры кожным слове пра забойства ў Тома кроў халадзела ў жылах. Нячыстае сумленне і страх падказвалі яму, што такія гутаркі пры ім вядуцца нездарма, што яго «мацаюць».
Ён адвёў Гека ў зацішны куток, каб пагаварыць з ім і хоць крыху супакоіць душу, даўшы волю языку і падзяліўшы такім чынам цяжкасць гора з другім пакутнікам. Апрача таго, ён хацеў пераканацца, ці ўмее Гек трымаць язык за зубамі.
— Гек, ты каму-небудзь казаў?
— Пра што?
— Сам ведаеш пра што.
— Вядома, не.
— Ні слова?
— Аніводнага славечка, праваліцца мне на гэтым месцы. Чаму ты пытаешся?
— Так сабе! Я баяўся.
— Ну, Том Соўэр, гэта ўжо будзе нікуды не варта, калі мы з табой прагаворымся: не выратаваць нам тады галавы. Ты-ж сам ведаеш.
Тому зрабілася лягчэй. Памаўчаўшы, ён спытаў:
— Гек, цябе-ж ніхто не можа прымусіць прагаварыцца, ці не так?
— Прымусіць мяне прагаварыцца? Ну, не! Можа толькі тады, калі мне захочацца, каб гэты д’ябал метыс мяне ўтапіў; тады, магчыма, я дазволю сабе прагаварыцца,— не іначай.
— Вось гэта добра! Я так думаю, што пакуль нашы языкі прывязаныя, нас ніхто не кране. А ўсё-ж такі давай зноў паклянемся маўчаць. Так вярней будзе.
— Згодзен.
І яны зноў далі клятву з адпаведнай урачыстасцю.
— А што гавораць, Гек? Каго падазраюць у забойстве? Я столькі наслухаўся, што і не разбяруся.
— Што гавораць? Ды ўсё адно: Меф Потэр, Меф Потэр, Меф Потэр. Мяне нават у пот кідае, калі я гэта чую,— проста пайшоў-бы, куды вочы глядзяць і схаваўся-б дзе-небудзь.
— Во-во! і я таксама! А прападзе ён нізавошта! Ты шкадуеш яго?
— Ну але, нават вельмі часта. Нікуды ён не варты чалавек, але-ж затое і шкоды нікому не робіць. Павудзіць трошкі рыбкі, каб было на што выпіць, а потым бадзяецца без работы... Ну, ды і мы ўсе такія самыя. А ўсё-такі ён добры: аднаго разу ён аддаў мне палову рыбіны ад свайго абеду, а яе і на аднаго чалавека было мала. А колькі разоў ён бараніў мяне ад бяды!
— А мне ён ладзіў кручкі, прывязваў іх да маёй вудачкі. Хацелася-б выратаваць яго.
— Вось куды махнуў! Як-жа ж мы выратуем? Калі мы яго выпусцім, яго зноў зловяць.
— Та-ак, зловяць. Але я нават слухаць не магу, як страшэнна яго лаюць за тое, чаго ён не рабіў.
— І я таксама, Том. Разумееш, раптам гавораць, што ў яго самая разбойніцкая морда з усёй вёскі, і дзівяцца, што аж да гэтага часу яго не павесілі!
— Але, але, так і гавораць! Я сваімі вушамі чуў, як казалі, што калі яго апраўдаюць, дык нашы хлопцы самі павесяць яго.
Хлопчыкі доўга яшчэ гутарылі паміж сабой, але не знайшлі вялікай уцехі ў гэтай гутарцы. На змярканні яны пайшлі швэндацца каля маленькай глухой турмы, несвядома спадзяючыся, што можа што-небудзь такое здарыцца, што адразу выведзе іх з непрыемнага становішча.